Да Габрэяў 8 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Галоўнае у сказаным ёсьць тое: мы маем Усесьвятара такога, што засеў праваруч трону нябеснае Велічы,
 
А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,

імністар сьвятыні й праўдзівага tabernaculum (сяння-сакрамэнтніцы), заснаванага праз Бога, а не чалавека.
 
[і ёсьць] служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, пастаўленага Госпадам, а не чалавекам.

Фактычна кажны архісьвятар дэпутаваны прыносіць дары і сьвятаахвяры, трэба восьжа было, каб і гэты меў што ахвяраваць.
 
Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары́ і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.

Каліб аставаўся ён на зямлі, ня быўбы навет сьвятарам, бо там іншые законна прыносілі дары
 
Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары́,

і выконвалі службу, быўшую вобразам і ценем рэчаў нябесных, як сказана Майжэшу, канчаўшаму ладзіць на гары tabernakulum (дарожную святыню ў форме палаткі): «Глядзі (сказана), каб усё ўладзіў водле наўзору, які табе на гары быў паказаны» (Выйсьць. 25:40).
 
якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары».

Хрыстус аднак атрымаў тым вышэйшае сьвятарства, чым вышэйшага запавету стаўся пасярэднікам, на лепшых бо угрунтаванага абяцаннях.
 
А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.

Калібжэ той першы запавет быў беззаганны, ня былоб патрэбы думаць аб другім.
 
Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.

І ў тоне напаміну весьціць (прарок): Вось надыйходзець дні, кажа Госпад, і я заключу з домам Ізраэля і з домам Юды новы запавет,
 
Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,

не водле запавету дакананага зь іхнімі бацькамі ў гэны дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпскай, бо тые ня вытрывалі ў маім запавеце, дзеля гэтага і я іх заняхаіў, кажа Госпад,.
 
не паводле запавету, які Я зрабіў з бацька́мі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.

А вось той запавет, які пасьля гэных дзён заключу з домам ізраэльскім, кажа Госпад, укладаючы правы мае ў розумы ды выпісваючы на сэрцах іхніх; і буду ім Богам, а яны будуць мне народам;
 
Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае́ ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.

і ніхто ня будзе вучыць бліжняга свайго і ніхто брата свайго, кажучы: пазнай Госпада; усе бо знаць мяне будуць ад найменшага да найбольшага зь іх.
 
І ня будзе вучы́ць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.

«Буду бо міласьцівы неправеднасьцям іхнім, і грахоў іхніх памятаць ня буду» (Ер. 31:31−34).
 
Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».

Калі восьжа гавора аб «новым», гэнае першая прызнаў зыстарэлым; а тое, што старэе, псуецца — блізкое заніку.
 
Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.