Да Габрэяў 11 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Вера ёсьць запарукаю таго, чаго спадзяёмся, запэўненнем таго, чаго ня відзім.
 
А вера ёсьць пэўнасьць у тым, чаго спадзяемся, перакананасьць у рэчах нябачных.

Праз яе стараветнікі здабываюць узнанне (аўтарытэт знаўцы і сьветкі мінуўшчыны), без яе наагул немагчымая былаб і навука, гісторыя.
 
Бо ў ёй засьведчаны старэйшыя [нашыя].

Праз веру пазнаём, што сьветы створаные ўсемагутным словам Бога= (Абсалюта), што зь нявідомых сталіся відомымі, ўсыстэматызаванымі.
 
Вераю разумеем, што вякі наладжаны словам Божым, каб з няяўнага сталася бачнае.

Праз веру Абэль злажыў Богу ахвяру лепшую, чым Каін, за якую атрымаў сьвядоцтва праведнасьці ад Бога і хоць памёр, празь веру сваю гаварыць не перастае.
 
Вераю Абэль прынёс Богу лепшую ахвяру, чым Каін, праз што атрымаў сьведчаньне, што ён — праведны, [бо гэта] засьведчыў Бог пра дары ягоныя; і праз яе ён, памёршы, яшчэ гаворыць.

Вераю Гэнох быў забраны з гэтага сьвету, каб не аглядаў сьмерці. І не знайдзена яго, Бог бо забраў яго, а перад узяццем, меў сьвядоцтва, што Богу спадабаўся.
 
Вераю Энох быў перанесены, што ня ўбачыў сьмерці; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо перад перанясеньнем ягоным было засьведчана, што ён спадабаўся Богу.

Бяз веры бо нельга падабацца (Богу), той хто прыступае да Бога павінен моцна верыць, што Бог ёсьць ды што шукаючым Яго дае нагароды.
 
А бяз веры спадабацца [Богу] немагчыма, бо той, хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і тым, хто шукае Яго, нагароду дае.

Праз веру Ноэ перасьцярэжаны Богам перад загрозаю, набачанаю шчэ, з богабоязьзю збудаваў адумысны вадаплаў для уратавання свайго дому. Празь яе асудзіў ён сьвет, а унасьледзіў справядлівасьць.
 
Вераю Ной, атрымаўшы слова пра тое, што яшчэ не было бачным, у багабойнасьці пабудаваў каўчэг дзеля збаўленьня дому свайго; ёю ён асудзіў сьвет і паводле веры стаўся спадкаемцам праведнасьці.

Праз веру той, каго названа Абрагамам, паслужна выйшаў да абяцанага яму ў спадчыну краю. І вырушыў шчэ няведаючы куды йдзе.
 
Вераю Абрагам, калі быў пакліканы, падпарадкаваўся, каб ісьці ў месца, якое меў атрымаць у спадчыну, і выйшаў, не разумеючы, куды ідзе.

Вераю прабываў у абяцанай сабе зямлі, бы ў чужой, селечыся ў намётах з Ізаакам і Якубам спадкаемнікамі тагож абяцання;
 
Вераю вандраваў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, жывучы́ ў намётах з Ісаакам і Якубам, суспадчыньнікамі таго самага абяцаньня;

чакаў бо места на фундамантах, закладчыкам якога і будаўнічым — сам Бог.
 
бо ён чакаў гораду, які ма́е падмуркі, якога майстар і дойлід — Бог.

Праз веру і Сара, хоць час ейны мінуў прыняла дужасьць пачацьця сына (ў перасьпелым веку), бо ўверыла у вернасьць таго, каторы абяцаў ёй гэта.
 
Вераю і сама Сара атрымала сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку нарадзіла, бо верным прызнавала Таго, Які абяцаў.

І так вось з чалавека аднаго толькі, ды шчэ й згрыбелага, паўстала патомства гэтак колькаснае, як зоры на небе, як пясок краймора нязьлічымы.
 
І дзеля гэтага ад аднаго, і пры гэтым амярцьвелага, нарадзілася гэтак шмат, як зорак у небе і як незьлічоны пясок на ўзьбярэжжы мора.

Усе яны паўміралі зь вераю, не дачакаўшыся і не атрымаўшы абяцанага, аглядалі толькі яго й віталі здалёк, вызнаючы, што на зямлі былі пяльгрымамі й гасьцьмі.
 
Усе яны памерлі ў веры, не атрымаўшы абяцаньняў, але толькі здалёк бачачы іх, і маючы пэўнасьць, і вітаючы [іх], і прызнаючы, што яны — чужынцы і вандроўнікі на зямлі.

Тые бо, што так гавораць, паказваюць, што яны шукаюць бацькаўшчыны.
 
Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць.

А каліб яны памяталі аб той, зь якое выйшлі, дык меліж час вярнуцца;
 
І, калі б яны памяталі тую, з якое выйшлі, мелі б час вярнуцца.

алеж бо яны сяння чуюць ностальгію да лепшай, да нябеснай; таму ім пазваляе называць сябе іхнім Богам, бо прыгатаваў ім места.
 
Але яны лепшага жадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага Бог не саромеецца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён падрыхтаваў ім горад.

Праз веру Абрагам, пастаўлены на пробу, ахвяраваў Ізаака.
 
Вераю Абрагам, спакуша́ны, прынёс [у ахвяру] Ісаака, і прынёс адзінароднага, якога прыняў як абяцаньне,

Той, каторы атрымаў быў абяцанне, ахвяраваў адзінага сына, аб якім было сказана: «Ад Ізаака звацца будзе тваё патомства» (Быць. 21−22).
 
пра якога было сказана: «У Ісааку будзе названае насеньне табе»,

думаў, што Бог моц мае і умерлых падняць з гробу, дзеля таго і дастаў яго на падобу (згробуўсталага).
 
бо ён лічыў, што Бог ма́е моц і з мёртвых уваскрасіць, дзеля чаго і атрымаў яго як прыклад.

Праз веру Ізаак багаславіў Якуба і Эзава для будучыні.
 
Вераю ў будучае дабраславіў Ісаак Якуба і Эза́ва.

Праз веру ўміраючы Якуб багаславіў кажнага із сыноў Язэпа і аддаў паклон (Богу) зьніжыўшы свой посах.
 
Вераю Якуб, паміраючы, дабраславіў кожнага з сыноў Язэпа і пакланіўся на верх кі́я свайго.

Праз веру Язэп на канцы жыцьця успомніў аб выйсьці сыноў Ізраэльскіх (з Эгіпту) і пакінуў тэстамэнт адносна касьцей сваіх.
 
Вераю Язэп, кана́ючы, пра выхад сыноў Ізраіля нагадаў і загадаў наконт костак сваіх.

Праз веру бацькоў сваіх Майжэш быў праз тры месяцы укрываны, ведама бо была ягона прыгожасьць, і не зьлякаліся эдыкту Фараона.
 
Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы быў хаваны бацька́мі сваімі, бо яны бачылі, што хлопчык мілы [Богу], і не спалохаліся валадарскага загаду.

Праз веру Майжэш, як вырас, запярэчыў быццамбы ён быў сынам Фараонавай дачкі,
 
Вераю Майсей, стаўшыся дарослым, адмовіўся называцца сы́нам дачкі фараона

воліў зносіць прыгнобу й зьдзекі з народам Божым, чым карыстаць з грэшных дачасных роскашаў.
 
і выбраў лепш пакутаваць з народам Божым, чым мець часовую прыемнасьць грэху,

Знявагі, перацерпеные за прыкладам Хрыстуса народам выбраным, уважаў за большые скарбы, чым Егіпскіе, аглядаўся бо на нагароду.
 
зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпецкія; бо ён на нагароду ўглядаўся.

Праз веру пакінуў Эгіпт, не баючыся гневу Фараона; вытрываў, як той, што Нявідомага мае прад вачыма, якбы відзеў.
 
Вераю пакінуў ён Эгіпет, не спалохаўшыся ярасьці валадарскай, бо непахісны быў, быццам бачачы Нябачнага.

Праз веру справіў Пасху і праліцьцё крыві, каб вынішчальнік першародных не крануў іх.
 
Вераю ўчыніў ён Пасху і праліцьцё крыві, каб не крануў іх той, які нішчыў першародных.

Праз веру прайшлі Мора Чырвонае, моў па сушы, а Эгіпцяне як папрабавалі гэта — затанулі.
 
Вераю перайшлі яны праз Чырвонае мора, як па сухім; на што спакусіўшыся, Эгіпцяне былі патопленыя.

Праз веру рухнулі муры Ерыхонскіе па сямідзённым абойсьцю іх.
 
Вераю ўпалі муры́ Ерыхону, як абыходзілі [іх] сем дзён.

Праз веру яўнагрэшніца Рагаб ня згінула з нявернымі, прыняўшы прыязна выведнікаў (Ёз. 2:1−21; 6:1−25).
 
Вераю Рахаў распусьніца, з супакоем прыняўшы выведчыкаў, не загінула з тымі, якія не скарыліся.

І штож скажу яшчэ? Бо ня хапае мне часу, каліб захацеў расказваць аб Гэдэоне і Бараку, Самсоне і Ефце, Давідзе, Самуэлю ды аб прароках,
 
І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Бара́ка, пра Самсона і Ефта́я, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў,

якіе вераю паканалі валадарствы, выканалі справядлівасьць, атрымалі абяцанні, затыкалі пашчы львом;
 
якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў,

гасілі агню магуцтва, зручна ўхіляліся ад вастрыя мяча, ачыналіся зь немачы, мужнелі на войнах, гналі палкі чужынскіе ад наскокаў.
 
тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў,

(Празь іх) жоны атрымоўвалі сваіх памерлых ускрослымі, тады як іншыя, незгаджаўшыяся на выкуп, гінулі, разрываные колам, спадзяючыся на лепшае ўскрашэнне.
 
жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне,

А йшчэ іншые зьняважаны вострымі насьмешкамі, абкіданые каменнямі, трыманые ў цёмных вязьніцах,
 
іншыя паспыталі зьдзекаў і тарту́раў, а яшчэ пу́таў і вязьніцы,

піламі рэзаные й разьдзіраные, на меч кіданые, ратаваліся якмага, цяняючыся ў авечых, ці казьліных шкурах па гарах, пячорах і пустырах;
 
былі каменава́ныя, пілава́ныя, спакуша́ныя, былі забіва́ныя мячом, бадзя́ліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды;

тые, каторых няварты быў сьвет, туляліся па ягоных пустынных вертэпах.
 
тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.

І ўсе яны, праз веру так добра засьветчаные, не дачакаліся абецанага,
 
І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня,

Бог бо прадугледзеў нам нешта дасканалае, каб яны не без нас дасяглі лепшае долі.
 
бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.