Да Габрэяў 8 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна
А галоўнае, пра што кажам, ёсьць у тым: мы маем Архірэя, Які сеў праваруч пасаду Велічы на Нябёсах,
А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе,
слугу Сьвятыні і Скініі сапраўднай, якую паставіў Госпад, а ня чалавек.
[і ёсьць] служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, пастаўленага Госпадам, а не чалавекам.
Бо кожны архірэй стаўляецца, каб прыносіць дары і ахвяры; а таму і Гэтаму трэба было мець, што прынесьці.
Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары́ і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці.
Калі б Ён заставаўся на зямлі, дык ня быў бы сьвятаром, таму што тут ужо ёсьць сьвятары, якія прыносяць дары паводля Закону,
Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары́,
якія служаць абразу і ценю нябесных рэчаў, як было сказана Масею, калі ён маніўся паставіць скінію: «Дык глядзі, — кажа Ён, — зрабі ўсё па ўзору, які паказаны табе на гары».
якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары».
Цяпер жа Ён атрымаў найвыдатнейшае служэньне, паколькі Ён стаў Пасярэднікам лепшага Запавету, які ўзаконены на самых лепшых абяцаньнях.
А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях.
Бо калі б той першы (Запавет) быў (абсалютна) дасканалым, дык ня было б патрэбы шукаць мейсца для другога.
Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога.
Але (прарок) дакараючы іх кажа: «Вось надыходзяць дні, — кажа Госпад, — калі Я ўчыню з домам Ізраэля і з домам Юды Новы Запавет,
Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,
ня падобны Запавету, які Я ўчыніў з ба́цькамі іхнымі ў дзень (той), калі Я ўзяў іх за руку́, каб вывесьці іх зь зямлі Ягіпту, але яны ня жылі паводля Майго Запавету, і Я перастаў рупіцца пра іх, — гаворыць Госпад. —
не паводле запавету, які Я зрабіў з бацька́мі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад.
Дык вось Запавет, які Я ўчыню з домам Ізраэля пасьля дзён гэных, — кажа Госпад, — укладу законы Мае ў думкі іхныя і напішу іх на сэрцах іхных і буду ім Богам, а яны будуць Мне народам.
Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае́ ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам.
І ня будзе вучыць кожны блізкага свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Спазнай Госпада”, таму што ўсе будуць ведаць Мяне, ад малога іхняга да дарослага іхняга.
І ня будзе вучы́ць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне.
Бо Я буду літасьцівы да іх у няправеднасьцях іхных і грахоў іхных і бяззаконьняў іхных больш ня ўспомню».
Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю».
Калі кажа «новы», тым паказаў састарэласьць першага; а што парахнее і старэе — блізкае да зьнікненьня.
Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.