Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Таму і мы, маючы вакол сябе гэткае воблака сьведкаў, скінуўшы зь сябе ўсялякі цяжар і грэх, які пастаянна налягае на нас, будзем зь цярпеньнем праходзіць шлях барацьбы, які ляжыць перад намі,
 
Дык і мы, маючы навокал нас гэткае воблака сьведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас блу́тае, з цярплівасьцю будзем бегчы ў змаганьні, што ляжыць перад намі,

гледзячы на Заснавальніка і Спраўцу веры — Ісуса, Які замест радасьці, якая (паводля справядлівасьці) прыналежала Яму, перацярпеў крыж, пагрэбаваўшы ганьбаю, і сеў праваруч Пасаду Бога.
 
углядаючыся на Пачынальніка і Завяршальніка веры, Ісуса, Які замест радасьці, што была перад Ім, вытрываў крыж, пага́рдзіўшы сорамам, і сеў праваруч пасаду Божага.

Дык падумайце пра Перацярпеўшага над Сабою гэткі зьдзек ад грэшнікаў, каб вы ня зьнямагліся, аслабеўшы душамі вашымі.
 
Бо паразважайце пра Таго, Які вытрываў гэтакую супраць Сябе варажнечу ад грэшнікаў, каб вы не зьнемагаліся, саслабеўшы душамі вашымі.

Вы яшчэ ня да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,
 
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць грэху,

і забыліся пра навучаньне, якое да вас, як да сыноў, гаворыць: «Сын мой! ня грэбуй пакараньнем ад Госпада і ня журыся, калі Ён цябе дакарае.
 
і забыліся пра пацяшэньне, якое зьвяртаецца да вас, як да сыноў: «Сыне мой! Ня грэбуй настаўленьнем Госпадавым і не слабей, калі Ён цябе дакарае.

Бо каго Госпад любіць, таго карае; б’е ж усякага сына, якога прыймае».
 
Бо каго лю́біць Госпад, таго карае, і бічу́е ўсякага сына, якога прыймае».

Калі вы церпіце пакараньне, то Бог абыходзіцца з вамі, як з сынамі. Бо ці ёсьць гэткі сын, якога б ня караў бацька?
 
Калі вы зносіце пакараньне, Бог ставіцца да вас, як да сыноў. Бо ці ёсьць гэтакі сын, якога не карае бацька?

Калі ж застаецеся бяз пакараньня, якому падлягаюць усе (дзеці), то вы байструкі, а ня дзеці.
 
А калі вы без пакараньня, удзельнікамі якога сталіся ўсе, дык вы — байструкі́, а не сыны́.

Дык калі мы мелі ба́цькаў па целу, якія каралі нас, і мы баяліся іх, дык ці ні шмат больш мы павінны карыцца Ба́цьку духаў і жыць?
 
Да таго, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас кара́лі, і саромеліся перад імі, ці ня шмат больш маем падпарадкоўвацца Айцу духаў і будзем жыць?

Бо тыя каралі нас на кароткі час і як ім здавалася правільным; а Гэты — на карысьць, каб быць нам удзельнікамі ў сьвятасьці Ягонай.
 
Бо тыя кара́лі, як самі думалі, на некалькі дзён; а Ён — на карысьць [нашую], каб нам удзельнічаць у сьвятасьці Яго.

Усякае пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, а сумам; але пасьля навучаным празь яго (пакараньне) прыносіць мірны плод праведнасьці.
 
Усякае ж пакараньне ў цяперашні час здаецца ня радасьцю, але смуткам; а пасьля дае навучаным праз яго мірны плод праведнасьці.

Дык выпрастайце апушчаныя рукі і стомленыя калені
 
Дзеля гэтага вы́прастуйце ру́кі, што апусьціліся, і калені, што самлелі,

і хадзіце проста нагамі вашымі, каб кульгавае ня зьбілася з дарогі, але лепш, каб было аздароўлена.
 
і сьцежкі простыя рабіце нагамі вашымі, каб кульгавае нікуды ня збочыла, а лепш было аздароўленае.

Імкніцеся мець мір са ўсімі і сьвятасьць, бяз якой ніхто ня ўбачыць Госпада,
 
Імкніцеся да супакою з усімі і да сьвятасьці, без якое ніхто ня ўбачыць Госпада,

назіраючы, каб хто ня згубíў Багадаці Бога; каб які горкі корань праросшы ня нарабіў шкоды, і каб празь яго ня былі апаганеныя многія,
 
гледзячы, каб хто ня страціў ласкі Божае; каб які корань горычы, вырасшы ўверх, не зрабіў шкоды, і каб праз яго не занячысьціліся многія;

каб ня было сярод вас якога блудадзея альбо бязбожніка, як Гісаў, які за адну ежу аддаў права першародства свайго.
 
каб не было якога распусьніка ці паганага, як Эзаў, які за адну ежу аддаў першародзтва сваё.

Бо ведаеце, што і пасьля таго, жадаючы ўспадкаваць багаславеньне, ён быў адхілены; бо ня ўбачыў свайго злачынства (адрачэньня) і ня пакаяўся, а багаславеньня прасіў са сьлязьмі.
 
Бо ведаеце, што і пасьля ён, хочучы ўспадкаеміць дабраслаўленьне, быў адкінуты, бо не знайшоў месца навяртаньня, хоць і шукаў яго са сьлязьмі.

Бо вы прыступіліся ня да гары нядатыкальнай і агнём палаючай, ані да цемры і змроку, і буры,
 
Бо не падыйшлі вы да гары, да якой [можна] дакрануцца і якая палае агнём, ані да віхуры, і цемры, і буры,

ані да гуку трубнага і голасу словаў, пра які пачуўшыя прасілі, каб слова (гэта) да іх ня было падоўжана:
 
ані да гуку трубы́ і голасу словаў, пра якія тыя, што чулі, прасілі, каб да іх не было больш слова,

таму што яны ня маглі вытрываць таго, што было зага́дана: нават калі зьвер дакранецца да гэтай гары, дык будзе ўкаменаваны, альбо працяты стралой.
 
бо ня вытрымалі перасьцярогі: «Калі і зьвер кранецца гары, будзе ўкаменаваны ці стралою забіты»,

І гэткае ву́сьцішнае было гэта зьявішча, што нават Масей сказаў: «Я ў страху і ў трымценьні».
 
і гэткая жахлівая была тая праява, што Майсей сказаў: «Я напалоханы і трасуся».

Але вы падступіліся да гары Сыёну і да места Бога Жывога, да Ярузаліму Нябеснага і да мірыядаў Ангелаў,
 
Але вы падыйшлі да гары Сыён і да гораду Бога Жывога, да нябеснага Ерусаліму і да дзясяткаў тысячаў анёлаў,

да ўрачыстага збору і царквы першародных, якія запісаны ў Нябёсах, і да Бога — Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведнікаў, якія прыведзены да дасканаласьці,
 
да вальнага зграмаджэньня і царквы першародных, якія запісаныя ў небе, і да Бога, Судзьдзі ўсіх, і да духаў праведных і дасканалых,

і да Пасярэдніка Новага Запавету — Ісуса, і да Крыві крапленьня, якая гаворыць лепш, чым Абелева.
 
і да Пасярэдніка новага запавету, Ісуса, і да крыві пакрапленьня, якая лепш за Абэлеву гаворыць.

Глядзіце, ня адвярніцеся ад Таго, Хто гаворыць; бо калі тыя ня пазьбеглі пакараньня на зямлі, ня паслухаўшы папяраджаючага, то тым больш (ня пазьбегнем) мы, калі адвернемся ад Таго, Хто зь Нябёсаў,
 
Глядзіце, не адвярніцеся ад Таго, Які гаворыць. Бо калі не ўцяклі тыя, што адвярнуліся ад таго, які прамаўляў на зямлі, тым больш мы, калі адкінем Таго, Які з неба,

Чый голас тады пахістаў зямлю, а цяпер Ён паабяцаў, кажучы: «Яшчэ аднойчы Я страсяну ня толькі зямлю, але і неба».
 
голас Якога тады захістаў зямлю, а цяпер абяцаў, кажучы: “Яшчэ раз страсяну ня толькі зямлю, але і неба”.

А словы: «яшчэ раз» паказваюць на зьмяненьне таго, што устрасаема, як сатворанага, каб прабывала тое, што няпахіснае.
 
А [словы] “яшчэ раз” паказваюць на зьмену таго, што хістаецца, як створанага, каб засталося тое, што не хістаецца.

Дык мы, прымаючы Валадарства няпахіснае, зьберагайма Багадаць, празь якую служыцімем Богу, як Яму заўгодна, з багавейнасьцю і страхам,
 
Дзеля гэтага мы, прыймаючы Валадарства непарушнае, будзем мець ласку, праз якую будзем служы́ць Богу, падабаючыся [Яму], з сарамлівасьцю і багабойнасьцю,

таму што Бог наш ёсьць агонь усёзьнішчальны.
 
бо Бог наш — агонь, які паглынае.