Мацьвея 16 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І прыступіліся фарысэі і садуке́і і, спакушаючы Яго, прасілі паказаць ім знак з не́ба,
 
Зараз падыйшлі да Езуса фарысэі і садукеі і, зводзячы, прасілі Яго, каб паказаў ім які знак з неба.

Ён жа сказаў ім у адказ: уве́чары вы ка́жаце: будзе пагода, бо не́ба чырвана.
 
А Езус у адказ сказаў ім: "Калі вечарэе, кажаце: "Будзе пагода, бо неба чырвонае".

А ўраньні: сяньня не́пагадзь, бо не́ба пахмурнае. Крывадушныя! аблічча не́ба распазнаць уме́еце, а знакоў часу ня мо́жаце?
 
А нараніцы: "Сёньня навальніца, бо неба хмарнае, ружавее". Дык выгляд неба разумееце, а знакаў часу ня можаце пазнаць?

Род нягодны й чужало́жны знако́ў шукае, і знакі ня будуць да́дзены яму, апрача знаку Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, адыйшоў.
 
Племя ліхое і чужаложнае знаку шукае, ды іншы знак ня будзе дадзены, толькі знак Ёны прарока". І, пакінуўшы іх, адыйшоўся.

Перабраўшыся на той бок, вучні Яго забыліся ўзяць хле́ба.
 
А калі перапраўляліся вучні Ягоны на другі бераг, забыліся ўзяць хлябоў.

Ісус сказаў ім: глядзе́це, сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай.
 
І сказаў ім Езус: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".

Яны-ж разважалі ў сабе́ і гаварылі: бо хлябоў мы не ўзялі.
 
А яны думалі, гаворачы між сабой, што яны хлябоў ня ўзялі.

Ве́даючы-ж тое, Ісус сказаў ім: чаму разважаеце ў сабе́, малаве́рныя: бо хлябоў не ўзялі?
 
Езус, ведаючы гэта, сказаў: "Чаму, малаверныя, застанаўляецеся між сабой, што хлябоў ня маеце?

Ці яшчэ не разуме́еце і ня помніце аб пяцёх хлябох на пяць тысячаў душ? і колькі карабоў вы набралі?
 
Ці ж яшчэ не разумееце і ня помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч людзей? І колькі гэта кашоў назьбіралі?

Ані аб сямёх хлябох на чатыры тысячы, і колькі карабоў вы набралі?
 
Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы людзей? І колькі кашоў сабралі?

Як не разуме́еце, што не́ аб хле́бе сказаў Я вам: сьцеражы́цеся кісьлі фарысэйскай і садуке́йскай?
 
Чаму не разумееце, што Я вам не пра хлеб гаварыў: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".

Тады яны зразуме́лі, што Ён гаварыў ім сьцерагчы́ся ня кісьлі хле́бнае, але навукі фарысэйскае і судуке́йскае.
 
Тады зразумелі, што гаварыў ім не каб кісьлі хлебнай сьцерагліся, але навукі фарысэяў і садукеяў.

Прыйшоўшы-ж у зе́млі Кесарыі Філіпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго людзі лічаць Мяне́, Сына Чалаве́чага?
 
Прыйшоў затым Езус у мясцовасьць Цэзарэі Філіпавай і спытаўся вучняў сваіх: "За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?"

Яны сказалі: адны за Іоана Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а іншыя за Ерамію, ці за аднаго з прарокаў.
 
А яны сказалі: "Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў".

Ён кажа ім: а вы за каго Мяне́ ўважа́еце?
 
Спытаўся ў іх Езус: "А вы за каго Мяне лічыце?"

Сымон жа Пётр, адказваючы, сказаў: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
 
Адказаў Сымон Пётар, кажучы: "Ты — Хрыстос, Сын Бога жывога".

Тады Ісус сказаў яму ў адказ: шчасьлівы ты, Сымон, сын Іонін; бо ня цела́ і кроў адкрылі табе́ гэтае, але Аце́ц Мой, што ў Нябёсах.
 
У адказ сказаў яму Езус: "Багаслаўлены ты, Сымон Бар Ёна, бо ня цела і кроў аб'явілі табе, але Айцец Мой, каторы ў небе.

І Я кажу табе́: ты — скала, і на гэтай скале́ Я збудую Царкву́ Маю́, і вароты пяке́льныя не перамогуць яе́.
 
І Я табе кажу: Ты — Пётар (скала), і на гэтай скале пабудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.

І дам табе́ ключы Царства Нябе́снага; і што зьвя́жаш на зямлі, тое будзе зьвя́зана на не́бе; і што разьвя́жаш на зямлі, тое будзе разьвя́зана на не́бе.
 
Ды дам табе ключы Каралеўства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана і ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў небе".

Тады загадаў Ісус вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Ісус Хрыстос.
 
Затым загадаў вучням сваім, каб нікому не расказвалі, што Ён ёсьць Хрыстом.

З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерузалім і шмат перацярпе́ць ад старэйшын ды архірэяў і кніжнікаў, ды быць забітым і на трэці дзе́нь уваскрэснуць.
 
Ад гэтага часу Езус пачаў выяўляць вучням сваім, што трэба Яму ісьці ў Ерузалім і там многа цяпець ад старшыняў і ад першасьвятароў і кніжнікаў ды быць забітым, і на трэці дзень ўваскрэснуць.

І, узяўшы Яго, Пётр пачаў кары́ць Яго: пашкадуй Сябе́, Госпадзе! Няхай ня ста́нецца гэтага з Табою!
 
І Пётар, адвёўшы Езуса на бок, пачаў на Яго сварыцца: "Пашкадуй сябе, Госпадзе, гэта ня прыйдзе на Цябе".

Ён жа, зьвярнуўшыся, сказаў Пятру: адыйдзі ад Мяне́, шата́н! ты Мне́ спакуса; бо думаеш не аб тым, што Божае, але што чалаве́чае.
 
А Езус, павярнуўшыся, сказаў Пятру: "Адыйдзіся ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэньне. Бо разумееш ня тое, што ад Бога, але што ад людзей".

Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, адракіся ад сябе́ і вазьмі крыж свой і сьле́дуй за Мною.
 
Тады сказаў Езус вучням сваім: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, ды хай бярэ крыж свой і насьледуе Мяне.

Бо хто хоча душу сваю ўсьцерагчы, той згубіць яе́, а хто згубіць душу сваю дзеля Мяне́, той знойдзе яе́.
 
Бо хто б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго. А хто б загубіў жыцьцё сваё дзеля Мяне, аднойдзе яго.

Якая-ж бо кары́сьць чалаве́ку, калі ён здабудзе ўве́сь сьве́т, а душы сваёй пашкодзіць? Дый які выкуп дасьць чалаве́к за душу сваю?
 
Бо што за карысьць чалавеку, каб увесь сьвет здабыў, а на душы сваёй пацярпеў шкоду? Або што чалавек дасьць у замену за душу сваю?

Бо прыйдзе Сын Чалаве́чы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі; і тады аддасьць кожнаму водле дзе́яньняў яго.
 
Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасьць кожнаму па яго ўчынках.

Запраўды кажу вам: ёсьць некато́рыя з стая́чых тут, якія не спазнаюць сьме́рці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалаве́чага, як прыйдзе ў царстве Сваім.
 
Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тут стаячых не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў Каралеўстве сваім".