1 Яна 4 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Умілаваныя! ня ўсякаму духу ве́рце, але выспрабуйце духаў, ці ад Бога яны, бо многа зьявілася на сьве́це фальшывых прарокаў.
 
Дарагія! Ня кожнаму духу верце, але выспрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо паявілася на сьвеце многа фальшывых прарокаў.

Духа Божага пазнавайце з гэтага: усякі дух, які вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ёсьць ад Бога;
 
Па гэтым пазнаеце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Езус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсьць ад Бога,

а ўсякі дух, які не вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ня ёсьць ад Бога, і гэта дух антыхрыста, аб якім вы чулі, што ён прыдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьве́це.
 
а кожны дух, каторы не вызнае Езуса, ня ёсьць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць, і ўжо цяпер ёсьць у сьвеце.

Дзе́ткі! вы — ад Бога і вы перамаглі іх; бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьве́це.
 
Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо вялікшы Той, хто ў вас, ад таго, хто ў сьвеце.

Яны — ад сьве́ту, бо і гавораць ад сьве́ту, і сьве́т слухае іх.
 
Яны — ад сьвету, таму гавораць так, як сьвет, і сьвет іх слухае.

Мы — ад Бога: хто знае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. Гэтак вось і пазнае́м духа праўды і духа манлівасьці.
 
Мы — ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас. Хто не ад Бога, той ня слухае нас. Такім чынам пазнаём духа праўды і духа падману.

Умілаваныя! будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога.
 
Дарагія, будзем любіць адзін другога, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.

Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.
 
А хто ня любіць, ня ведае Бога, бо Бог ёсьцьлюбоў.

Божая любоў да нас у тым выявілася, што Бог паслаў на сьве́т адзінароднага Сына Свайго, каб мы жылі праз Яго.
 
У гэтым выявілася любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына свайго Адзінароднага на сьвет, каб мы жылі праз Яго.

У тым любоў, не што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго дзеля зьмілаваньня над грахамі нашымі.
 
Любоў у тым, што ня мы палюбілі Бога, але што Ён сам узьлюбіў нас ды паслаў Сына свайго як ахвяру перамольную за нашыя грахі.

Умілаваныя! калі Бог палюбіў нас гэтак, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.
 
Дарагія, калі Бог нас так узьлюбіў, дык і мы мусім любіць адзін другога.

Бога ніхто ніколі ня бачыў: калі-ж мы любім адзін аднаго, дык Бог у нас прабывае, і любоў Яго дасканалая ў нас.
 
Бога ня бачыў ніхто ніколі. Калі любім адзін другога, дык Бог прабывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.

Што мы прабываем у Ім, і Ён — у нас, пазнае́м па тым, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
 
Што мы прабываем у Ім, а Ён — у нас, пазнаём па тым, што даў нам Духа свайго.

І мы бачылі й сьве́дчым, што Аце́ц паслаў Сына, Збавіцеля сьве́ту.
 
Мы вось бачылі і сьведчым, што Айцец паслаў Сына як Збаўцу сьвету.

Хто вызнае́, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.
 
Хто вызнае, што Езус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён — у Богу.

І мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паве́рылі ў яе́. Бог ёсьць любоў, і той, хто прабывае ў любві, прабывае ў Богу, і Бог у ім.
 
І мы, што ўверылі, пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсьць любоў, і хто трывае ў любові, у Богу прабывае, і Бог у ім.

Любоў дасканаліцца з намі на тое, каб мы ме́лі адвагу ў дзе́нь суда, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьве́це.
 
Дзеля таго любоў дасканаліцца у нас, каб мы мелі адвагу на дзень суду, бо які Ён, такія і мы на гэтым сьвеце.

Страху няма ў любві, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; хто баіцца, той у любві недасканалы.
 
У любові няма страху, бо дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару. Хто баіцца, той не дасканалы ў любові.

Мы любім Яго, бо Ён пе́рш палюбіў нас.
 
Мы любім (Бога), бо Бог першы палюбіў нас.

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, якога ба́чыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?
 
Калі хто кажа: "Я люблю Бога" і ненавідзіць брата свайго, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, каторага бачыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?

І мы маем ад Яго гэткую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
 
І маем такое прыказаньне ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.