Лукаша 3 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
У пятнаццаты-ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галіле́і, Піліп, брат яго, чацьвертаўладнікам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертаўладнікам у Авілене́і,
На пятнаццаты год панавання цэзара Тыберыя, калі Понцкі Пілат кіраваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам Галілеі, а брат яго Піліп — тэтрархам Ітурэі і Траханіцкай краіны, а Лісанія — тэтрархам Абіліны,
пры архірэях Ганьне і Кайяфе, быў голас Божы да Іоана, сына Заха́равага, у пустыні.
пры першасвятарах Анну і Каяфу было слова Бога да Яна, сына Захарыі, у пустыні.
І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакая́ньня дзеля адпушчэньня грахоў,
І прайшоў ён усю зямлю вакол Ярдана, прапаведуючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў,
як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клíкаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьце́жкі Яму;
як напісана ў кнізе прамоў Ісаі прарока, які гаворыць: «Голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму.
усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара́ і ўзгорак няхай зьнíзяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;
Хай усякая яма будзе засыпана, і кожная гара і ўзгорак хай будуць паніжаны, і крывізны хай стануць роўнымі, а церні — гладкімі дарогамі,
і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3−5).
і ўбачыць усякая плоць збаўленне Бога”».
І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод яхідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?
І натоўпам, што прыходзілі да яго атрымаць хрост, гаварыў: «Змяінае племя, хто паказаў вам, што пазбегнеце будучага гневу?
Зрабе́це-ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.
Чыніце належныя плады навяртання, і перастаньце хваліцца між сабой: “Маем бацьку Абрагама”; бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў падняць сыноў Абрагаму.
Ужо й сяке́ра ля караня́ дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца й кідаецца ў вагонь.
Ужо, вось, сякера прыстаўлена да карэнняў дрэў, кожнае дрэва, што не дае добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь».
І спытаўся ў яго народ: што-ж нам рабіць?
Дык пыталіся ў яго натоўпы: «Што тады маем рабіць?»
Ён жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня ма́е; і ў каго ёсьць е́жа, рабі тое-ж.
Адказваючы, ён гаварыў ім: «Хто мае дзве вопраткі, хай дасць таму, хто не мае. І хто мае ежу, хай зробіць падобна».
Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?
Прыходзілі таксама мытнікі, каб атрымаць хрост, і яны сказалі яму: «Вучыцелю, што мы маем рабіць?»
Ён жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назна́чана вам.
А ён ім сказаў: «Нічога не патрабуйце больш таго, што вам прызначана».
Пыталіся ў яго таксама й вая́кі: а нам што́ рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся сваёю платай.
Пыталіся ў яго таксама жаўнеры, кажучы: «А што мы маем рабіць?» А ён ім казаў: «Нікога не біце, не нагаворвайце і будзьце задаволены сваёю платаю».
Калі-ж народ быў у недаўме́ньні, і ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён?
А калі народ сумняваўся ды ўсе ў душы пачыналі разважаць пра Яна, ці ён часам не Хрыстос,
Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;
Ян адказваў, кажучы ўсім: «Я хрышчу вас вадою. Але ідзе дужэйшы за мяне, Катораму я не варты развязаць рамень Яго пасталоў. Ён будзе вас хрысціць Духам Святым і агнём.
лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а садому спаліць агнём няўга́сным.
Ён трымае ў руцэ Сваёй веялку і ачысціць ток Свой, ды збярэ пшаніцу ў свіран Свой, а салому спаліць у агні незгасальным».
Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.
Многаму таксама іншаму навучаючы, абвяшчаў народу добрую вестку.
Ірад жа чацьвертаўладнік, дакара́ны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,
Але Ірад, тэтрарх, які дакараўся Янам дзеля Ірадыяды, жонкі брата яго, ды дзеля іншых ліхіх учынкаў, якія ўчыніў Ірад,
дадаў да ўсяго іншага й тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.
дадаў да ўсяго і тое, што пасадзіў Яна ў вязніцу.
І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,
І сталася, калі ўвесь народ хрысціўся і Ісус быў ахрышчаны і маліўся, адкрылася неба,
і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным вы́глядзе, як галу́б, і быў голас з не́ба, гаворачы: Ты Сын Мой Улю́блены; цябе́ ўпадабаў Я.
і Дух Святы цялесна ў выглядзе голуба сышоў на Ісуса. І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, у Табе Маё ўпадабанне».
Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,
Ісус меў каля трыццаці гадоў, калі пачынаў Сваё служэнне, і быў, як лічылася, сынам Язэпа, сынам Гэлі,
Матфанаў, Ле́віяў, Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,
сынам Матата, сынам Леві, сынам Мэльха, сынам Яная, сынам Язэпа,
Матафíяў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Наге́яў,
сынам Мататыі, сынам Амоса, сынам Навума, сынам Эслі, сынам Нагі,
Маафаў, Матафіяў, Саме́яў, Язэпаў, Юдзін,
сынам Маата, сынам Мататыі, сынам Сямэя, сынам Язэха, сынам Ёды,
Іоананаў, Рысаеў, Зарававэляў, Саляфіілаў, Нірыяў,
сынам Ёана, сынам Рэсы, сынам Зарабабэля, сынам Салатыэля, сынам Нэра,
Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,
сынам Мэльха, сынам Адзі, сынам Касама, сынам Эльмадама, сынам Гэра,
Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,
сынам Ешуа, сынам Эліязэра, сынам Ярыма, сынам Матата, сынам Леві,
Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Эліякімаў,
сынам Сімяона, сынам Юды, сынам Язэпа, сынам Ёны, сынам Эліякіма,
Мэлеаяў, Маінаінаў, Матафаяў, Натанаў, Давідаў,
сынам Мэлея, сынам Мэны, сынам Матата, сынам Натана, сынам Давіда,
Іясе́яў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонау,
сынам Ясэя, сынам Абэда, сынам Баоза, сынам Салмона, сынам Наасона,
Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,
сынам Амінадаба, сынам Адміна, сынам Арні, сынам Эсрома, сынам Пэрэса, сынам Юды,
Якубаў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,
сынам Якуба, сынам Ізаака, сынам Абрагама, сынам Тэраха, сынам Нахора,
Сэрухаў, Рагаваў, Фале́каў, Яве́раў, Салін,
сынам Сэруга, сынам Рагава, сынам Пэлега, сынам Гебэра, сынам Салы,
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,
сынам Кайнана, сынам Арпаксада, сынам Сэма, сынам Ноя, сынам Ламэха,
Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляіляў, Каінанаў,
сынам Мэтусалаха, сынам Гэноха, сынам Ярэда, сынам Малаліэля, сынам Кайнана,
Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.
сынам Эноса, сынам Сэта, сынам Адама, сынам Бога.