1 да Цімафея 2 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Дык пе́рш за ўсё прашу ўпрашаць, маліцца, умаляць ды дзякаваць за ўсіх людзе́й,
Дык прашу найперш, каб узносілі просьбы, малітвы, умольванні і падзякі за ўсіх людзей,
за цароў і за ўсіх, што наве́рсе, каб вясьці нам жыцьцё ціхое і спакойнае ў-ва ўсякай багабойнасьці і чыстасьці,
за цароў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весці жыццё ціхае і спакойнае з усёю пабожнасцю і прыстойнасцю.
бо гэта добра і прые́мна перад Спасам нашым Богам,
Бо гэта добра і міла Збаўцу нашаму Богу,
Які хоча, каб усе́ людзі збавіліся і да пазнаньня дайшлі.
Які хоча збавіць усіх людзей і давесці іх да пазнання праўды.
Бо Бог адзін і адзін пасярэднік між Богам і людзьмі — чалаве́к Хрыстос Ісус,
Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі — чалавек Хрыстос Ісус,
што аддаў Сябе́ дзеля адкупле́ньня ўсіх, сьвядоцтва сваім часом,
Які Самога Сябе выдаў дзеля адкуплення за ўсіх, як сведчанне ў свой час,
дзеля Якога я пастаўлены зьвястуно́м і Апосталам (праўду кажу ў Хрысьце́, не маню), вучыцелем паганаў у ве́ры і праўдзе.
на які і я прызначаны прапаведнікам, і Апосталам, і, праўду кажу у Хрысце, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
Дык жадаю, каб на кожным ме́сцы маліліся мужы, узьнімаючы чыстыя рукі бяз гне́ву і сумляваньня;
Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі без гневу і спрэчак.
каб таксама й жанчыны, у прыстойнай вопратцы, са стыдлівасьцяй і мудрасьцяй аздаблялі сябе́ не пляце́ньнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані ша́тамі дарагімі,
Падобна і жанчыны ў прыстойным адзенні, упрыгожаныя са сціпласцю і цнатлівасцю не пляценнем валасоў ці золатам або перламі ці каштоўнымі строямі,
але добрымі ўчынкамі (што прыстойна жанчынам, якія на багабойнасьць сябе́ пасьвяцілі).
але як належыць жанчынам, лепш выяўляючы пабожнасць праз добрыя справы.
Жанчына няхай моўчкі вучыцца ўсякае пакоры,
Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці, з поўнай пакорлівасцю.
а жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам верхаводзіла, але каб у бязмоўнасьці была.
Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасці.
Бо пе́рш створаны Адам, а пасьля Ева;
Бо Адам быў першым створаны, а потым Ева.
і не Адам быў спаку́шаны, але жана́, спаку́шаная, у праступку была,
І не Адам даўся звесціся, а жанчына была зведзена і ўпала ў злачынства.
збаўлёна-ж будзе праз раджэньне дзяце́й, калі будзе трываць у ве́ры й любві ды ў сьвятасьці з мудрасьцяй.
Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і святасці са сціпласцю.