Да Ціта 3 разьдзел
Пасланьне да Ціта
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Чарняўскага 2017
Напамінай ім, каб былі паслухмянымі ды карыліся начальству і ўладам, гатовыя на ўсякі добры ўчынак,
Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
каб нікога не абмаўлялі, не сварыліся, але былі ціхімі і паказвалі ўсякую лагоднасьць да ўсіх людзе́й.
нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.
Бо і мы былі калісь неразумнымі, непакорнымі, збаламучанымі, былі рабамі пажаданьняў і розных раскошаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі агіднымі, ненавідзелі адзін аднаго.
Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.
Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любоў да людзе́й Збавіцеля нашага, Бога,
Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
Ён выбавіў нас ня водле ўчынкаў пра́ведных, якія мы ўчынілі, а водле міласьці Свае́й, праз купе́лю адраджэньня і абнаўле́ньня Сьвятым Духам,
дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
Якога выліў на нас шчодра праз Ісуса Хрыста, Збавіцеля нашага,
Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
каб, апраўдаўшыся ласкай Яго, зрабіліся мы водле спадзяваньня насьле́днікамі жыцьця ве́чнага.
каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.
Слова ве́рнае; і я жадаю, каб ты сцьвярджаў гэта, каб ве́раваўшыя ў Бога стараліся рупіцца аб добрыя ўчынкі: гэта добра і людзям карысна.
Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.
Дурнога-ж змаганьня, і радаво́даў, і спрэчак, і сварак аб закон высьцерагайся, бо яны некарысныя і марныя.
Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
Гарэтыка чалаве́ка пасьля пе́ршага і другога нанамінаньня пакінь,
Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,
ве́даючы, што гэтакі распусьціўся і грашы́ць, асуджаны сам сабою.
ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.
Калі-ж прышлю да цябе́ Арце́ма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці да мяне́ ў Нікаполь; бо я пастанавіў пражыць там зіму.
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.
Дзіну законьніка і Апалёса пастарайся выправіць так, каб у іх ня было ні ў чым недастатку.
Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.
Няхай і нашыя вучацца практыкава́цца ў добрых учынках дзеля пільных патрэбаў, каб ня былі бясплоднымі.
Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.
Вітаюць цябе́ ўсе́, што са мною. Прывітай тых, што любяць нас у ве́ры. Ласка з усімі вамі. Амін.
Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.