Да Ціта 3 разьдзел

Пасланьне да Ціта
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Давай ім напамін да паслухмянасьці загаду ўладаў ды гатоўнасьці да кажнага добрага дзела;
 
Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,

нікога не зьнеслаўляць сварліва, а быць ветлівым да ўсіх людзей.
 
нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але ціхімі, выяўляць да ўсіх людзей усю ласкавасць.

Бо і мы былі калісь бесталковымі, недаверлівымі, блудзячымі нявольнікамі ўсякіх похатных роскашаў, жывучы ў злосьці й завісьці, агідзе й ненавісьці ўзаемнай.
 
Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім асалодам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.

Калі-ж зьявілася ласкавасьць і любасьць да людзей Богазбаўцы нашага,
 
Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,

Ён выбавіў нас не дзеля праведных учынкаў, якіе мы-б маглі даканаць, а дзеля міласэрдзя Ягонага, праз купель (хрост) адраджэння й абнаўлення ў Духу Святым,
 
дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы выканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,

якога зыслаў на нас аквіта праз Езуса Хрыстуса Збавіцеля нашага,
 
Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,

каб, апраўданыя ласкаю ягонай, унасьледзілі мы водле спадзявання жыцьцё вечнае.
 
каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі паводле надзеі жыцця вечнага.

Верная гэта навука й жадаю, каб і ты сьцьвярдзіў гэта, каб уверыўшыя ў Бога рупіліся быць перадавымі ў добрых справах; гэта бо для людзей добра й карысна.
 
Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся быць першымі ў добрых учынках. Гэта добра і карысна людзям.

А пустагоньскіх досьледаў, радаводных спрэчак і калатні аб законах высьцярагайся, бо яны пустыя й бескарысныя.
 
Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.

Гэрэтыка пасьля першага і другога напаміну унікай,
 
Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,

ведаючы, што гэта каведны грэшнік, сам сабою асуджаны.
 
ведаючы, што такі — пераваротнік, і ён грашыць, сам сябе асуджаючы.

Калі прышлю да цябе Арцёма, або Тыхіка, пастарайся прыйсьці ка мне ў Нікаполь; бо я рашыўся там перазімаваць.
 
Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.

Зэнона, доктара права, і Апольлё вышлі першых ды так, каб у іх ня было ніякага недастатку.
 
Зэну, заканазнаўца, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.

Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў дабраўчыннасьці пільнай, каб ня былі бясплоднымі.
 
Хай навучацца і нашы быць першымі ў добрых учынках дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.

Прывет табе ад усіх, што знайходзяцца зы мною. Паздароў тых, што любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі. Амэн.
 
Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.