Да Піліпянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вяне́ц мой, стойце так у Госпадзе, любыя.
 
Таму, мае ўмілаваныя браты, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану, умілаваныя!

Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхе́ю думаць гэтак сама ў Госпадзе;
 
Прашу Эводзію і Сынтыхею быць аднадумцамі ў Пану.

ды прашу й цябе́, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабраве́шчаньні разам са мною і з Клімантам, і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця.
 
Таксама і цябе прашу, блізкі сябра, дапамагай ім, бо яны змагаліся за Евангелле разам са мною і разам з Клементам ды іншымі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.

Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся!
 
Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!

Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка.
 
Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка.

Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, —
 
Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам.

і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце́ Ісусе.
 
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Накане́ц, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвале́бнае, калі ёсьць якая цната́ і якая пахвала, — аб гэтым думайце.
 
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце.

І чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне́, тое рабе́це, — і Бог міру будзе з вамі.
 
Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Я вельмі ўце́шыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне́, аб якім і ране́й думалі, ды ня было нагоды.
 
Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што вы зноў клапоціцеся пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды.

Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне́ ёсьць:
 
Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць.

бо ўмею і ў паніжэньні быць, уме́ю і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца, і галадаваць, і ме́ць дастаткі і недастатак,
 
Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу.

Усё магу ў Хрысьце́, які ўзмацняе мяне́.
 
Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.

Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзе́лячы са мною мой сум.
 
Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною маё цярпенне.

Ве́даеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабраве́шчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква́ не далучылася да мяне́ праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных.
 
Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку абвяшчэння Евангелля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная супольнасць, апроч вас адных, не далучылася да мяне ў справе давання і прыняцця.

Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне́ ў патрэбе.
 
Вы таксама некалькі разоў дасылалі мне ў Тэсалоніку, калі я быў у патрэбе.

Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
 
Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на вашую карысць.

Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прые́мную, Богу любую.
 
Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі — салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.

Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце́ Ісусе.
 
А мой Бог няхай задаволіць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале ў Езусе Хрысце.

Богу-ж і Айцу нашаму слава на ве́кі вякоў. Амін.
 
Богу ж і Айцу нашаму хвала на векі вечныя. Амэн.

Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце́ Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
 
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Езусе. Вітаюць вас усе браты, якія тут са мною.

Вітаюць вас усе́ сьвятыя, а найбольш тыя, што з ке́саравага дому.
 
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
 
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.