Да Піліпянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Так што, браты мае ўлюбёныя і пажаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
 
Таму, мае ўмілаваныя браты, па якіх сумую, радасць і вянец мой, так трывайце ў Пану, умілаваныя!

Эўводзію прашу і Сынтыхею прашу думаць гэтаксама ў Госпадзе.
 
Прашу Эводзію і Сынтыхею быць аднадумцамі ў Пану.

Прашу і цябе, шчыры памочніку, дапамагай тым, якія змагаліся дзеля Эвангельля разам са мною, і з Клемэнтам, і з іншымі супрацоўнікамі маімі, імёны якіх у кнізе жыцьця.
 
Таксама і цябе прашу, блізкі сябра, дапамагай ім, бо яны змагаліся за Евангелле разам са мною і разам з Клементам ды іншымі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх упісаны ў кнігу жыцця.

Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе. Ізноў кажу: радуйцеся.
 
Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся!

Спагаднасьць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка!
 
Лагоднасць вашая няхай будзе вядомая ўсім людзям. Пан блізка.

Не турбуйцеся ні пра што, але ў-ва ўсякай малітве і просьбе з падзякай няхай адкрываюцца жаданьні вашыя перад Богам,
 
Ні пра што не турбуйцеся, але ў кожнай малітве і просьбе з удзячнасцю адкрывайце вашыя жаданні перад Богам.

і супакой Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысьце Ісусе.
 
І спакой Божы, які пераўзыходзіць усялякі розум, будзе аберагаць сэрцы вашыя і думкі вашыя ў Хрысце Езусе.

Нарэшце, браты, што ёсьць праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што вартае любові, што добрай славы, калі ёсьць якая цнота і якая пахвала, — пра тое думайце.
 
Нарэшце, браты, што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы — пра гэта думайце.

І чаго вы навучыліся, і што прынялі, і чулі, і бачылі ў-ва мне, тое рабіце, і Бог супакою будзе з вамі.
 
Чаму навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое чыніце, і Бог спакою будзе з вамі.

Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў ажывіліся, каб думаць пра мяне, як і раней думалі, ды ня мелі нагоды.
 
Я вельмі ўзрадаваўся ў Пану, што вы зноў клапоціцеся пра мяне. Вы і раней клапаціліся, але вам неставала нагоды.

Ня дзеля таго, што я ў нястачы, кажу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсьць.
 
Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць задаволеным тым, што ў мяне ёсць.

Ведаю, як у паніжэньні быць, і ведаю, як у дастатку; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім: і насычацца, і галадаваць, мець і дастатак, і нястачу.
 
Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго: і насычацца, і галадаць, і быць у дастатку, і цярпець нястачу.

Усё магу ў Хрысьце, Які ўмацоўвае мяне.
 
Усё магу ў тым, хто мяне ўзмацняе.

Па-за гэтым, вы добра зрабілі, што ўдзельнічалі ў маім прыгнёце.
 
Аднак вы добра зрабілі, раздзяліўшы са мною маё цярпенне.

Вы ж ведаеце, Філіпяне, што на пачатку [абвяшчэньня] Эвангельля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не далучылася да мяне праз дораньне і прыняцьцё, акрамя вас адных.
 
Ведаеце таксама вы, філіпяне, што ў пачатку абвяшчэння Евангелля, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная супольнасць, апроч вас адных, не далучылася да мяне ў справе давання і прыняцця.

Вы і ў Тэсалоніку і раз, і два пасылалі паводле патрэбы маёй.
 
Вы таксама некалькі разоў дасылалі мне ў Тэсалоніку, калі я быў у патрэбе.

Ня тое, каб я шукаў дару, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
 
Кажу не таму, што шукаю дару, але шукаю плёну, які памнажаецца на вашую карысць.

Я маю ўсё і маю дастатак; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што ад вас, водар салодкі, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.
 
Я атрымаў усё і маю празмерна. Я забяспечаны ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта дасланае вамі — салодкі водар, ахвяру прыемную, якая падабаецца Богу.

А Бог мой няхай напоўніць усякую патрэбу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце Ісусе.
 
А мой Бог няхай задаволіць усялякую вашую патрэбу паводле свайго багацця ў хвале ў Езусе Хрысце.

Богу ж і Айцу нашаму слава на вякі вякоў. Амэн.
 
Богу ж і Айцу нашаму хвала на векі вечныя. Амэн.

Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
 
Прывітайце кожнага святога ў Хрысце Езусе. Вітаюць вас усе браты, якія тут са мною.

Вітаюць вас усе сьвятыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.
 
Вітаюць вас усе святыя, а найбольш тыя, што з дому цэзара.

Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
 
Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым. Амэн.