Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
Гэтак, браты мае́ ўмілаваныя і пажаданыя, радасьць і вяне́ц мой, стойце так у Госпадзе, любыя.
Дык вось, браты мае ўзлю́бленыя і жаданыя, радасць і вянец мой, стойце так у Госпадзе, узлю́бленыя.
Прашу Яўводзію, прашу і Сынтыхе́ю думаць гэтак сама ў Госпадзе;
Ево́дзію прашу і Сінцíхію прашу быць аднадумнымі ў Госпадзе;
ды прашу й цябе́, шчыры супрацоўніку, дапамагай ім, тым, што працавалі ў дабраве́шчаньні разам са мною і з Клімантам, і з рэштай супрацоўнікаў маіх, імёны якіх у кнізе жыцьця.
ды і цябе прашу, верны дружа, дапамагай ім, бо яны за дабравесце змагаліся разам са мною, і з Клíментам, і з аста́тнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцця.
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і йзноў кажу: радуйцеся!
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: радуйцеся.
Ціхасьць ваша няхай пазнана будзе ўсімі людзьмі. Госпад блізка.
Дабразычлівасць ваша няхай будзе вядома ўсім лю́дзям. Гасподзь блізка.
Ня турбуйцеся ні аб чым, але заўсёды ў малітве і благаньні падзякай няхай адкрываюцца просьбы вашыя перад Богам, —
Ні аб чым не турбуйцеся, а заўсёды ў малітве і маленні з падзякаю адкрывайце свае жаданні Богу,
і мір Божы, які вышэй за ўсякі розум, няхай захавае сэрцы вашыя і мысьлі вашыя ў Хрысьце́ Ісусе.
і мір Божы, вышэйшы за ўсякі розум, будзе захоўваць сэрцы вашы і думкі вашы ў Хрысце Іісусе.
Накане́ц, браты, што ёсьць праўдзівае, што чэснае, што справядлівае, што чыстае, што ласкавае, што хвале́бнае, калі ёсьць якая цната́ і якая пахвала, — аб гэтым думайце.
Урэшце, браты, толькі пра тое, што́ ісціннае, што́ пачэснае, што́ праведнае, што́ чыстае, што́ лю́бае, што́ прыемнае, што́ дабрадзейнае і што́ вартае хвалы, — вось пра што разважа́йце.
І чаго вы навучыліся, і што прынялі і чулі і бачылі ў-ва мне́, тое рабе́це, — і Бог міру будзе з вамі.
Чаму вы навучыліся, і што перанялí, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
Я вельмі ўце́шыўся ў Госпадзе, што вы ўжо калісь пачалі думаць аба мне́, аб якім і ране́й думалі, ды ня было нагоды.
Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы нарэшце зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але ў вас не было ўмоў.
Кажу не як дзеля нястачы, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ў мяне́ ёсьць:
Не з-за нястачы гэта кажу, бо я навучыўся быць здаволеным тым, што ёсць:
бо ўмею і ў паніжэньні быць, уме́ю і ў дастатках; навучыўся ўсяго і ў-ва ўсім, і насычацца, і галадаваць, і ме́ць дастаткі і недастатак,
умею жыць і ў беднасці, умею жыць і ў дастатку; ўсяму і ва ўсім я наву́чаны: і сы́тым быць, і галодным, быць і ў дастатку, і ў нястачы;
Усё магу ў Хрысьце́, які ўзмацняе мяне́.
усё магу ў Іісусе Хрысце, Які ўмацоўвае мяне.
Па-за гэтым вы добра зрабілі, дзе́лячы са мною мой сум.
Аднак вы добра зрабілі, што паздялíлі са мною мой цяжар.
Ве́даеце і вы, Філіпяне, што напачатку дабраве́шчаньня, калі выйшаў я з Македоніі, ні адна царква́ не далучылася да мяне́ праз дораньне і гасьціну, апрача вас адных.
Вы ж ведаеце, Філіпійцы, што на пачатку дабравесця, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не прымала ўдзелу ў тым, што́ я выдаткоўваў і атрымліваў, апрача вас адных;
Вы і ў Фесалоніку і раз, і два прысылалі мне́ ў патрэбе.
бо вы і ў Фесалоніку і раз, і другі дасылалі мне на патрэбы.
Ня тое, каб я шукаў падарунку, але шукаю плоду, які памнажаецца на вашу карысьць.
Гэта не значыць, што я шукаю дару; але плоду я шукаю, які памнажаецца на карысць вам.
Я дастаў усё і маю дастаткі; я напоўнены, атрымаўшы ад Эпафрадзіта пасланае вамі, пахі салодкія, ахвяру прые́мную, Богу любую.
Я ма́ю ўсё і ма́ю ўдосталь; я поўнасцю забяспе́чаны, атрымаўшы ад Эпафрадыта пасла́нае вамі, як пах духмяны, як ахвяру прыемную, што даспадобы Богу.
Бог мой няхай напоўніць усякую нястачу вашую паводле багацьця Свайго ў славе, у Хрысьце́ Ісусе.
Бог жа мой няхай задаволіць усякую патрэбу вашу паводле багацця Свайго ў славе, у Хрысце Іісусе.
Богу-ж і Айцу нашаму слава на ве́кі вякоў. Амін.
А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амінь.
Прывітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце́ Ісусе. Вітаюць вас браты, што са мною.
Вітайце кожнага святога ў Хрысце Іісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Вітаюць вас усе́ сьвятыя, а найбольш тыя, што з ке́саравага дому.
Вітаюць вас усе святыя, і асабліва з кесаравага дома.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з усімі вамі. Амінь.