Да Рымлянаў 9 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Праўду кажу ў Хрысьце́, не маню, сьве́дчыць мне́ сумле́ньне мае́ ў Духу Сьвятым,
 

што вялікі для мяне́ сум і мука няўстанная сэрцу майму:
 

бо я хаце́ў бы сам быць адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных мне́ це́лам,
 

якія ёсьць Ізраільцяне, каторых ёсьць усынаўле́ньне, і слава, і запаведзі, і да́ньне законаў, і служэньне, і прырачэньні,
 

каторых і айцы, ды з іх Хрыстос це́лам, Каторы ёсьць над усімі Бог, багаслаўлены наве́кі, амін.
 

Але ня тое, каб слова Божае ня выпаўнілася. Бо ня ўсе́ тыя Ізраільцяне, што́ ад Ізраіля,
 

і ня ўсе́ дзе́ці затым, што яны ад насе́ньня Аўраамавага, але (сказана): у Ізааку назаве́цца насе́ньне табе́ (Быцьцё 21:12).
 

Гэта значыць: не цяле́сныя дзе́ці ёсьць дзе́ці Божыя, але дзе́ці прырачэньня прызнаюцца за насе́ньне.
 

А слова прырачэньня гэткае: у той жа час прыду, і ў Сары будзе сын (Быцьцё 18:10).
 

І не адно гэтае, але й Равэка, што зачала за адзін раз ад Ізаака, айца нашага;
 

бо, калі яны яшчэ не нарадзіліся і не зрабілі нічога добрага ці благога (каб пастанова Божая ў выбраньні аставалася не з учынкаў, але ад Таго, Хто кліча),
 

сказана было ёй: большы будзе ў няволі ў ме́ншага (Быцьцё 25:23),
 

як і напісана: Якуба Я палюбіў, а Ізава зьне́навідзеў (Малахія 1:2−3).
 

Што-ж скажам? Няўжо-ж няпраўда ў Бога? Няхай ня станецца!
 

Бо Ён кажа Майсе́ю: памілую, каго мілую, і зьлітуюся, над кім літуюся (Выхад 33:19).
 

Дык не ад таго, хто жадае, і не ад таго, хто бяжыць, але ад Бога, Які мілуе.
 

Бо Пісаньне кажа Фараону: дзеля таго самага Я й паставіў цябе́, каб паказаць у табе́ сілу Маю, і каб імя Мае́ было абвяшча́на па ўсе́й зямлі (Выхад 9:16).
 

Дык над кім хоча, зьмілуецца, а каго хоча, жорсткім робіць.
 

Ты скажаш мне́: За што-ж яшчэ вінаваціць? бо хто стане насупраць волі Ягонае?
 

А ты хто, чалаве́ча, што спрачаешся з Богам? Ці скажа зробленае зрабіўшаму: на што ты мяне́ гэтак зрабіў?
 

Ці ня ўладны ганчар пад глінаю, каб з таго-ж ме́сіва зрабіць адно начыньне дзеля пашаннасьці, а другое дзеля не́пашаннасьці?
 

Што-ж, калі Бог, хочучы паказаць гне́ў і выявіць магутнасьць Сваю, з вялікай доўгацярплівасьцяй ашчаджаў начыньні гне́ву, гатовыя на загубу,
 

каб разам зьявіць багацьце славы Свае́й над начыньнямі міласэрдзя, якія Ён прыпас на славу,
 

дый над намі, якіх паклікаў ня толькі з Юдэяў, але й із паганаў?
 

Як і ў Осіі кажа: Ня мой народ назаву Маім народам, і нялюбую — умілаванай (Осія 2:23);
 

і станецца, што на ме́сцы, гдзе́ сказана Ім: вы ня мой народ, — там сынамі Бога Жывога названы будуць (Осія 1:10).
 

А Ісая кліча аб Ізраілю: Хаця-б лічба сыноў Ізраілявых была, як пясок у моры, (толькі) астача спасе́цца:
 

бо, канчаючы слова і прысьпяшаючы справядлівасьць, хутка зьдзе́йсьніць Госпад слова на зямлі (Ісая 10:22−23).
 

І, як прапрарочыў Ісая: калі-б Госпад Саваоф не пакінуў нам насе́ньня, то мы былі-б, як Садом, і падобнымі сталіся-б да Гамо́ры (Ісая 1:9).
 

Што-ж скажам? Пагане, якія ня шукалі праведнасьці, атрымалі праведнасьць, праведнасьць ад ве́ры.
 

А Ізраіль, шукаючы закону праведнасьці, не дасягнуў закону праведнасьці.
 

Чаму? бо ня з ве́ры, а з дзе́л закону; бо спаткнуліся аб камень спаткне́ньня,
 

як напісана: вось кладу ў Сыоне камень спаткненьня і камень спакусы; але кожны, хто ве́руе ў Яго, ня будзе асаромлены (Ісая 28:16; 8:14).