1 да Фесаланікійцаў 4 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
Нарэшце, браты, просім вас і молім у Госпадзе Ісусе, каб вы, як прынялі ад нас, я́к трэба вам паступаць і дагаджаць Богу, дале́й узбагачаліся,
бо ве́даеце, якія мы далі вам за́паведзі ад Госпада Ісуса.
Бо гэта воля Божая, асьвячэньне вашае, каб вы ўзьдзе́ржываліся ад блуду,
каб кожны з вас уме́ў захоўваць сваю судзіну ў сьвятасьці і чэсьці,
а не ў пажадлівасьці юрлівай, як і пагане, што ня ве́даюць Бога;
каб не рабілі праступку ні ў якім дзе́ле і не разжываліся з брата свайго: бо Госпад памсьціцца за ўсё гэтае, як і ране́й мы гаварылі вам і сьве́дчылі.
Бо паклікаў нас Бог не да нячыстасьці, але да сьвятасьці.
Дык, хто адкідае, той адкідае не чалаве́ка, але Бога, Які і Духа Сьвятога нам даў.
Аб любві-ж братняй няма патрэбы пісаць да вас, бо вы самі навучаны Богам любіць адзін аднаго,
дый вы гэтак і ро́біце з усімі братамі па ўсе́й Македоніі. Дык молім вас, браты, пасьпявайце бале́й
і пільна дбайце аб тое, каб жыць ціха і рабіць сваё, і працаваць сваімі ўласнымі рукамі, як мы запаве́далі вам;
каб вы паступалі прыстойна перад тымі, што вонках, і ні ў чым ня ме́лі нястачы.
Не хачу-ж пакінуць вас, браты, у няве́даньні аб паме́ршых, каб ня тужылі вы, як і іншыя, што ня маюць надзе́і.
Бо, калі мы ве́рым, што Хрыстос паме́р І ўваскрос, дык і паме́ршых у Ісусе Бог прывядзе́ з Ім.
Бо гэтае кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, якія астае́мся да прыходу Госпада, не апярэдзім тых, што паме́рлі,
бо Сам Госпад з абвяшчэньнем, з голасам Архангела і трубой Божай зыйдзе з не́ба, і мёртвыя ў Хрысьце́ ўскрэснуць пе́ршымі;
пасьля мы, што астае́мся жывымі, разам з імі падхоплены будзем на аблоках на спатканьне Госпаду на паве́тра, ды гэтак заўсёды з Госпадам будзем.
Дык пацяшайце адзін аднаго гэтымі словамі.