2 да Цімафея 4 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дык сьве́дчу перад Богам і Госпадам нашым Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у зьяўле́ньні Сваім і ў царстве Сваім:
 
[Дык я] заклінаю цябе перад Богам і [нашым Госпадам] Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у Сваім з’яўленні і Сваім царстве:

прапаведуй слова, настаівай у час і ня ў час, дакарай, пагражай, малі з усе́нькай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем,
 
прапаведуй слова, будзь гатовы ў час і не ў час; выкрывай, дакарай, падбадзёрвай з усім доўгацярпеннем і павучаннем.

бо будзе час, калі здаровае навукі прымаць ня будуць, але водле свайго пажаданьня будуць выбіраць сабе́ вучыцялёў, ла́шчаныя па слыху,
 
Бо будзе час, калі здаровага вучэння не будуць цярпець, а паводле ўласных пажадлівасцей — бо іх вушы свярбяць — будуць набіраць сабе настаўнікаў,

і ад праўды слых адве́рнуць, і зьве́рнуцца да казак.
 
і ад праўды адвернуць вушы і звернуцца да баек.

Але ты будзь чуйны ў-ва ўсім, цярпі і гора, рабі дзе́ла дабраве́шчаньня, служэньне твае́ выпаўняй.
 
Але ты будзь цвярозы ва ўсім, цярпі ліха, рабі работу дабравесніка, поўнасцю выканай сваё служэнне.

Бо мяне́ ўжо на жэртву прыгатавалі, і час майго адыходу настаў.
 
Бо я ўжо раблюся ахвярным узліваннем і настае час майго адыходу.

Бароўся я добрай барацьбой, бе́г закончыў, ве́ру захаваў;
 
Добраю барацьбою я пазмагаўся, бег скончыў, веру захаваў;

наастатак гатовіцца мне́ вянок праўды, які дасьць мне́ Госпад, праведны Судзьдзя, у гэны дзе́нь; і ня толькі мне́, але і ўсім, што зьяўленьне Яго палюбілі.
 
Ад гэтага часу пакладзены для мяне вянок праведнасці, які Госпад, праведны Суддзя, дасць мне ў той дзень і не толькі мне, але і ўсім, хто палюбіў Яго з’яўленне.

Пастарайся хутка прыйсьці да мяне́.
 
Пастарайся прыйсці да мяне хутчэй;

Бо Дымас пакінуў мяне́, палюбіўшы цяпе́рашні ве́к, дый пайшоў у Фесалоніку; Крыске́нт — у Галятыю; Ціт — у Дальматыю; адзін Лукаш са мною.
 
бо Дзімас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку; Крыскент — у Галатыю, Ціт — у Далматыю;

Марка, узяўшы, прывядзі з сабою, бо ён мне́ патрэбны для служэньня,
 
адзін Лукаш са мною. Вазьмі Марка і прывядзі з сабою, бо ён мне карысны для служэння.

Тыхіка-ж я паслаў у Эфэс.
 
А Ціхіка я паслаў у Эфес.

Плашч, што пакінуў я ў Троадзе у Карпы, ідучы, прынясі, дый кнігі, асабліва скураныя.
 
Плашч, які я пакінуў у Траядзе ў Карпа, прынясі, калі прыйдзеш, і кнігі, асабліва пергамены.

Аляксандра, ме́днік, шмат зрабіў мне́ благога. Няхай дасьць яму Госпад водле ўчынкаў Яго!
 
Аляксандр, меднік, шмат ліха учыніў мне. [Няхай] аддасць яму Госпад паводле яго ўчынкаў;

Сьцеражыся яго і ты, бо ён ве́льмі працівіцца нашым словам.
 
і ты асцерагайся яго: бо ён моцна працівіўся нашым словам.

Пры першым маім адказе нікога ня было са мною, але ўсе́ мяне́ пакінулі. Няхай ня будзе ім палічана!
 
Пры маёй першай абароне ніхто не прыйшоў мне на дапамогу, а ўсе мяне пакінулі; няхай не залічыцца гэта супроць іх.

Госпад жа стануў перада мною і ўмацаваў мяне́, каб пропаведзь праз мяне́ забясьпе́чана была, ды каб і пачулі яе́ ўсе́ пагане; і я вызваліўся з ільвінае ляпы.
 
Але Госпад з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне поўнасцю сцвердзілася пропаведзь Дабравесця і каб пачулі ўсе язычнікі; і я быў выбаўлены з львінай пашчы.

І вызваліць мяне́ Госпад ад усякага ліхога дзе́ла і спасе́ для Свайго Нябе́снага Царства. Яму слава на ве́кі вякоў. Амін.
 
Госпад выбавіць мяне ад усялякай ліхой справы і ўратуе для Свайго Нябеснага Царства; Яму слава ў векі вечныя, амін.

Прывітай Прыскіллу і Акілу і дом Анісіфараў.
 
Вітай Прыску і Акілу і дом Анісіфора.

Эраст астаўся ў Карыньце; Трахіма-ж я пакінуў хворага ў Міле́це.
 
Эраст застаўся ў Карынфе, а Трафіма я пакінуў у Міліце хворага.

Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе́ Яўвул і Пуд, і Лін, і Кляўдыя, і ўсе́ браты.
 
Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, Пуд, Лін, Клаўдзія і ўсе браты.

Госпад Ісус Хрыстос з духам тваім. Ласка з вамі. Амін.
 
Няхай будзе Госпад [Ісус Хрыстос] з тваім духам. Ласка Божая няхай будзе з вамі. [Амін].