2 да Цімафея 4 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Анатоля Клышкi
Урочыста паручаю табе перад Богам а Хрыстом Ісусам, Каторы будзе судзіць жывых і мертвых у зьяўленьню Сваім і ў гаспадарстве Сваім:
[Дык я] заклінаю цябе перад Богам і [нашым Госпадам] Хрыстом Ісусам, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у Сваім з’яўленні і Сваім царстве:
Агалашай слова, будзь упорысты ўпару і вонках пары, вінуй, гань, захочуй із ўсёй цярплівосьцяй і навукаю.
прапаведуй слова, будзь гатовы ў час і не ў час; выкрывай, дакарай, падбадзёрвай з усім доўгацярпеннем і павучаннем.
Бо прыйдзе час, калі здаровае навукі ня сьцерпяць, але подле собскіх жадаў сваіх, маючы сьвярбячыя вушы, будуць набіраць сабе вучыцеляў;
Бо будзе час, калі здаровага вучэння не будуць цярпець, а паводле ўласных пажадлівасцей — бо іх вушы свярбяць — будуць набіраць сабе настаўнікаў,
І адвернуць вушы свае ад праўды, і зьвернуцца да байкаў.
і ад праўды адвернуць вушы і звернуцца да баек.
Але ты будзь цьвярозы ў вусім, цярпі атугі, рабі работу евангелістага, паўні службу сваю.
Але ты будзь цвярозы ва ўсім, цярпі ліха, рабі работу дабравесніка, поўнасцю выканай сваё служэнне.
Бо я ўжо выліваны, і пара адходу майго настала.
Бо я ўжо раблюся ахвярным узліваннем і настае час майго адыходу.
Я бег у добрых выперадках, бег скончыў, веру захаваў.
Добраю барацьбою я пазмагаўся, бег скончыў, веру захаваў;
Адгэтуль карона справядлівасьці адкладзена імне, каторую дасьць імне Спадар, справядлівы Судзьдзя, таго дня; і не адно імне, але таксама ўсім, што ўлюбілі зьяўленьне Яго.
Ад гэтага часу пакладзены для мяне вянок праведнасці, які Госпад, праведны Суддзя, дасць мне ў той дзень і не толькі мне, але і ўсім, хто палюбіў Яго з’яўленне.
Сьпяшайся прыйсьці да мяне ўборзьдзе.
Пастарайся прыйсці да мяне хутчэй;
Бо Дзімас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў да Салуня, Крыськент да Ґаляты, Ціт да Далматы;
бо Дзімас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашні век, і пайшоў у Фесалоніку; Крыскент — у Галатыю, Ціт — у Далматыю;
Адзін Лука з імною. Марку вазьмі й прывядзі із сабою, бо ён імне патрэбны да службы.
адзін Лукаш са мною. Вазьмі Марка і прывядзі з сабою, бо ён мне карысны для служэння.
А Тыхіка я паслаў да Ефэсу.
А Ціхіка я паслаў у Эфес.
Як пойдзеш, прынясі ахілім, каторы я пакінуў у Троадзе ў Карпы, і зьвіткі, асабліва скураныя.
Плашч, які я пакінуў у Траядзе ў Карпа, прынясі, калі прыйдзеш, і кнігі, асабліва пергамены.
Аляксандра катляр шмат ліха ўчыніў імне. Няхай яму Спадар адплаце подле ўчынкаў ягоных.
Аляксандр, меднік, шмат ліха учыніў мне. [Няхай] аддасць яму Госпад паводле яго ўчынкаў;
Сьцеражыся яго й ты, бо ён вельма працівіўся словам нашым.
і ты асцерагайся яго: бо ён моцна працівіўся нашым словам.
У часе першае абароны мае нікога ня было з імною, але ўсі мяне пакінулі. Няхай ім не залічыцца гэта!
Пры маёй першай абароне ніхто не прыйшоў мне на дапамогу, а ўсе мяне пакінулі; няхай не залічыцца гэта супроць іх.
Але Спадар стаяў ля мяне і даў імне змогу, каб перазь мяне агалашэньне было поўна зроблена, і ўсі народы пачулі; і я быў вывальнены зь лявінае ляпы.
Але Госпад з’явіўся мне і ўмацаваў мяне, каб праз мяне поўнасцю сцвердзілася пропаведзь Дабравесця і каб пачулі ўсе язычнікі; і я быў выбаўлены з львінай пашчы.
Выбаве мяне Спадар ад кажнага нягоднага ўчынку і захавае мяне да нябёснага гаспадарства Свайго. Яму слава на векі вякоў. Амін.
Госпад выбавіць мяне ад усялякай ліхой справы і ўратуе для Свайго Нябеснага Царства; Яму слава ў векі вечныя, амін.
Паздаровай Прыску а Аквілу і дом Анісіфараў.
Вітай Прыску і Акілу і дом Анісіфора.
Ераст застаўся ў Корынце, а Трахіма я пакінуў у Мілеце хворага.
Эраст застаўся ў Карынфе, а Трафіма я пакінуў у Міліце хворага.
Пабарзьдзі прыйсьці да зімы. Здароваюць цябе Еўвул а Пуд а Лін а Кляўда а ўсі браты.
Пастарайся прыйсці да зімы. Вітаюць цябе Эўбул, Пуд, Лін, Клаўдзія і ўсе браты.
Спадар Ісус Хрыстос із духам тваім. Ласка з вамі. Амін.
Няхай будзе Госпад [Ісус Хрыстос] з тваім духам. Ласка Божая няхай будзе з вамі. [Амін].