Марка 5 разьдзел
Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Праваслаўнай Царквы
І прыйшлі на той бок мора, у старану Гадарэнскую.
І прыплылí на другі бераг мора, у краіну Гадары́нскую.
І, калі выйшаў Ён з чаўна́, зараз жа пераняў Яго чалаве́к з магільніку, апанава́ны нячыстым.
І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячор у духу нячыстым,
Ён ме́ў жыльлё ў магілах; і ніхто ня мог яго зьвязаць навет ланцугамі,
які меў жытло́ ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звяза́ць яго;
бо многа разоў скоўвалі яго путамі ды ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня ме́ў сілы супакоіць яго;
бо шмат разоў яго звя́звалі аковамі і ланцугамі, але ён разрыва́ў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймава́ць;
заўседы ўначы і ўдзе́нь ён быў у го́рах ды ў магілах, крычучы́ і б’ючы́ сябе́ каме́ньмі.
і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гара́х крычаў ён і біўся аб каме́нне.
Угле́дзіўшы-ж Ісуса здалёку, прыбе́г ды пакланіўся Яму
А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланíўся Яму.
і, закрычэўшы моцным голасам, сказаў: што Табе́ да мяне́, Ісус, Сын Бога Усявышняга? Заклінаю Цябе́ Богам, ня муч мяне́!
І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявы́шняга? закліна́ю Цябе Богам, не муч мяне!
(Бо Ісус казаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалаве́ка).
Бо Іісус сказаў яму: вы́йдзі, дух нячысты, з чалавека.
І спытаўся ў яго: як імя тваё? І ён сказаў у адказ: легіён імя маё, бо нас многа.
І пытаўся ў яго: як імя́ тваё? і той адказаў: легіён маё імя́, бо многа нас.
І дужа прасіў Яго, каб не высылаў іх вон з стараны тае́.
І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
Пасьвіўся-ж там ля гары вялікі гурт сьвіне́й.
А там пры гары́ пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.
І прасілі Яго ўсе́ дэманы: пашлі нас у сьвіне́й, каб нам увайсьці ў іх.
І прасілі Яго ўсе дэманы, ка́жучы: пашлі нас у свіне́й, каб нам увайсці ў іх.
Ісус ураз жа дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіне́й, і кíнулася ста́да з кру́чы ў мора; было-ж каля дзьвёх тысячаў; і патанулі ў моры.
І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патану́лі ў моры.
А тыя, што па́сьвілі сьвіне́й, пабе́глі ды абвясьцілі ў ме́сьце і па весках. І жы́хары выйшлі паглядзе́ць, што́ ста́лася.
А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася.
Прыходзяць да Ісуса ды бачаць, што апанаваны дэманамі, у якім быў іх легіён, сядзіць, адзе́ты, пры здаровым розуме; дык спало́халіся.
Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апанта́ны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
І бачыўшыя расказалі ім, як ста́лася з апанава́ным дэманамі, ды аб сьвіньнях.
Тыя, хто бачыў, расказалі ім, як гэта адбыло́ся з апанта́ным, і пра свіне́й.
І пачалі прасіць Яго адыйсьці ад ме́жаў іхніх.
І пачалí прасіць Яго адысцí з межаў іх.
І, калі Ён увайшоў у чо́вен, дык той, што быў апанаваны дэманамі, папрасіўся быць з Ім.
І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апанта́ны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
Але Ісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі дамоў да сваіх ды раскажы ім, што зрабіў табе́ Госпад і як зьлітаваўся над табою.
А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што́ зрабіў табе Гасподзь і як памíлаваў цябе.
І пайшоў ды пачаў апавяда́ць у Дзесяціградзьдзі, што зрабіў з ім Ісус. І ўсе́ дзівіліся.
І пайшоў, і пачаў абвяшча́ць у Дзесяцігаро́ддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
Калі Ісус ізноў перабраўся ў чаўне́ на другі бе́раг, сабралося да Яго множства народу. І быў Ён ля мора.
І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабра́лася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
І вось прыходзіць адзін із школьных старшын, на імя Яір, і, угле́дзіўшы Яго, па́дае да ног Ягоных
І вось прыхо́дзіць адзін са старэйшын сінагогі, íмем Іаíр, і, ўбачыўшы Яго, па́дае ў ногі Яму
і ве́льмі просіць Яго, ка́жучы: дачка́ мая ўмірае: прыйдзі, палажы на яе́ рукі, каб яна паздараве́ла і жыла.
і вельмі просіць Яго, ка́жучы: дачу́шка мая́ пры смерці, прыйдзі і ўскладзí на яе ру́кі, каб яна ўратавалася і жыла́.
І пайшоў з ім. І за Ім ішло шмат народу і ціснулі Яго.
І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіра́лі на Яго.
І не́йкая жанчына, якая цярпе́ла ад крываце́чы дванаццаць гадоў
І жанчына нейкая, што мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў,
ды шмат вы́цярпела ад многіх дахтароў і патраціла на іх усё, ня маючы ніякае палёгкі, ды йшчэ больш хворая,
і шмат нацярпе́лася ад многіх ле́караў, і патра́ціла ўсё, што ме́ла, і ніякай палёгкі не атрыма́ла, а стала ёй яшчэ горш;
пачуўшы пра Ісуса, падыйшла ззаду між народам і дакрану́лася да во́праткі Яго́нае,
пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакрану́лася да вопраткі Яго;
бо казала: калі хоць да вопраткі Яго дакрану́ся, паздараве́ю.
бо казала: калі дакрану́ся хоць да вопраткі Яго, уратава́ная буду.
І зараз задзяржалася ў яе́ крываце́ча, і пачула яна ў це́ле сваім, што паздараве́ла ад хворасьці.
І адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе, і адчула яна целам, што вы́звалілася ад хваробы.
У той жа час Ісус, пачу́ўшы Сам у Сабе́, што выйшла з Яго сіла, зьвярнуўся да народу і сказаў: хто дакрану́ўся да Мае́ адзе́жы?
І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрану́ўся да вопраткі Маёй?
Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што народ тоўпіцца ля Цябе́, і пытаешся: хто дакрану́ўся да Мяне́?
І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напіра́е на Цябе, а кажаш: хто дакрану́ўся да Мяне?
Але Ён аглянуўся наўкола, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
І агляда́ўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
Жанчына-ж, спало́хаўшыся і дрыжучы́, бо ве́дала, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
А жанчына спалохалася і дрыжа́ла, ве́даючы, што́ з ёю адбыло́ся, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
Ён жа сказаў ёй: дачка́! ве́ра твая збавіла цябе́. Ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хворасьці твае́.
Ён жа сказаў ёй: дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
Ён яшчэ гаварыў, калі прыходзяць ад школьнага старшыні ды кажуць: дачка́ твая памёрла; на што яшчэ турбу́еш вучыцеля?
Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка́ твая паме́рла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
Але Ісус, ураз пачуўшы гаво́раныя сло́вы, кажа да старшыні школы: ня бойся, толькі ве́р!
Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
І не дазволіў нікому йсьці за Сабою, апрача́ Пятра́, Якава і Іоана, брата Якавага.
І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
Прыходзіць у дом старшыні школы і бачыць трывогу, плач ды ля́мант вялікі.
Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню́ і тых, што плачуць і гало́сяць моцна.
І, увайшо́ўшы, кажа ім: чаго трыво́жыцеся ды пла́чаце? Дзяўчы́на ня ўме́рла, але сьпіць.
І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалю́ецеся і пла́чаце. Дзяўчынка не паме́рла, а спіць.
І сьмяяліся з Яго. Але Ён, вы́слаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацькоў дзяўчыны і быўшых з Ім ды ўваходзіць туды, дзе́ ляжала дзяўчына.
І насміхаліся з Яго. Але Ён, вы́правадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былí з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
І, узяўшы дзяўчыну за руку, кажа да яе́: Таліта, кумі! што значыць: дзяўчына, табе́ кажу, уста́нь!
І, узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа ёй: «таліфа́ ку́мі», што значыць: «дзяўчына, табе кажу, устань».
І ўраз жа ўстала дзяўчына і пачала хадзіць; а было ёй дванаццаць гадоў. І здуме́ліся ад дзіва вялікага.
І адразу падняла́ся дзяўчына і пачала́ хадзіць, а было́ ёй гадоў дванаццаць. І ўра́зіліся ўра́жаннем вялікім.
І Ён цьвёрда прыказаў ім, каб ніхто аб гэтым ня ве́даў; і сказаў даць ёй е́сьці.
І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.