Мацьвея 7 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Ня судзіце, каб ня былі асу́джаны.
 
Ня судзіце, каб вас ня судзілі;

Бо якім судом су́дзіце, такім будзеце су́джаны; і якою ме́ркаю ме́раеце, гэткаю і вам адме́раюць.
 
Бо якім судам судзіце, такім і вас будуць судзіць; і якой мераю мераеце, такой і вам адмераюць.

І што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а пале́на ў сваім воку не адчува́еш?
 
І чаму ты бачыш стрэмку ў воку брата свайго, а бярна ў воку сваім ня чуеш?

Ці як скажаш брату свайму: дай, я выму сучок з вока твайго, а вось у тваім воку пале́на?
 
Або, як скажаш брату свайму: ’Дазволь, я выму стрэмку з вока твайго’; а во, у воку тваім бярно?

Крывадушнік! Дастань пе́рш пале́на з вока твайго і тады ўгле́дзіш, як дастаць сучок з вока брата твайго.
 
Двудушніча! вымі ўперад бярно з вока свайго, і тады абачыш, як выняць стрэмку з вока брата свайго.

Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
 
Не давайце сьвятасьці сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньмі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разарвалі вас.

Прасе́це, і будзе вам да́дзена; шукайце і знойдзеце; сту́кайцеся, і адчыняць вам.
 
Прасіце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам;

Бо кожны, хто просіць, дастае́, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаенца, таму адчыняць.
 
Бо кажны просячы адзержуе, і шукаючы знаходзе, і стукаючаму адчыняюць.

Ці ёсьць між вамі чалаве́к, у якога сын калі папросіць хле́ба, ён даў бы яму ка́мень?
 
Ці ё памеж вас такая людзіна, каторая, калі сын ейны папросе ў яе хлеба, падасьць яму камень?

І калі папросіць рыбы, даў бы яму зьмяю?
 
І калі папросе рыбы, падасьць яму гада?»

Дык, калі вы, будучы благімі, уме́еце даваць добрае дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц ваш, што ў Нябёсах, дасьць добрае просячым у Яго.
 
Дык, калі вы, будучы благімі, умееце добрае даваць дзяцём сваім, пагатове Айцец ваш нябёсны дасьць добрае просячым у Яго.

Вось жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабе́це і вы ім; бо гэта закон і прарокі.
 
Дык у вусім, чаго хочаце, каб вам рабілі людзі, тое самае рабіце вы ім; бо ў гэтым закон а прарокі.

Уваходзьце праз це́сныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе́ імі;
 
Уходзьце перазь цесную браму, бо шырокая брама й прасторная дарога тыя, што ўводзяць у загубу, і шмат хто ўходзе перазь іх;

бо це́сны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і ве́льмі мала хто знаходзіць іх.
 
Бо цесная брама й вузкая дарога тая, што вядзець да жыцьця, і мала хто знаходзе іх.

Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у аве́чай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпе́жныя.
 
Сьцеражыцеся хвальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у вадзецьцю авечым, а ўнутры — ваўкі дзярлівыя.

Па пладох іх пазна́еце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?
 
Подле пладоў іхных пазнаеце іх. Ціж зьбіраюць ізь церня віно альбо з асоту фігі?

Гэтак усякае добрае дрэва дае́ і плады добрыя, а благое дрэва дае́ і плады благія.
 
Гэтак усякае дзерва добрае родзе й плады добрыя, а благое дзерва родзе й плады благія.

Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў.
 
Ня можа дзерва добрае радзіць плады благія, ані дзерва благое радзіць плады добрыя.

Усякае дрэва, што не дае́ць добрага пло́ду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
 
Кажнае дзерва, што ня родзе плоду добрага, сьцінаюць і кідаюць у цяпло.

Дык па пладох іх пазна́еце іх.
 
Дык із пладоў іхных пазнаце іх.

Ня ўсякі, хто кажа Мне́: Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябе́снае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах.
 
Ня кажны, што кажа Імне: ’Спадару!’ увыйдзе ў гаспадарства нябёснае, але поўнячы волю Айца Майго, што ў нябёсах.

Многія скажуць Мне́ ў той дзе́нь: Госпадзе, Госпадзе! Ці не Тваім іме́ньнем мы праро́чылі? і ці не Тваім іме́ньнем выганялі чарто́ў і ці не Тваім іме́ньнем многія цуды чынілі?
 
Шмат хто скажа Імне таго дня: ’Спадару! Спадару! ці не ад Твайго імені мы праракалі? і ці не Тваім імям нячысьцікаў выганялі? і ці не Тваім імям шмат магучых учынкаў чынілі?’

І тады скажу ім: Я ніколі ня ве́даў вас; адыйдзе́цеся ад Мяне́, вы, што чыніце беззаконьне.
 
І тады азнаймлю ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыйдзіце ад Мяне, дзеючыя бяспраўе».

Вось жа кожнага, хто слу́хае словы Мае́ гэтыя і выпаўняе іх, прыраўную да чалаве́ка мудрага, які пабудаваў дом свой на ка́мені.
 
Дык кажны, хто слухае словы Мае гэтыя і поўне іх, падобны да мужа разумнага, што пастанавіў дом свой на скале;

І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і паімчаліся на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на ка́мені.
 
І лінуў лівун, і разьліліся рэкі, і павеялі вятры, і рынуліся на дом тый, і ён не заваліўся, бо закладзены быў на скале.

А ўсякі, хто слухае словы Мае́ і не выпаўняе іх, падобны да чалаве́ка неразумнага, які пабудаваў дом свой на пяску.
 
А кажны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня поўне іх, будзе падобны да неразважнае людзіны, што пастанавіла дом свой на пяску;

І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і наляглі на дом той, і ён заваліўся, і была вялікая руіна яго.
 
І лінуў лівун, і разьліліся рэкі, і павеялі вятры, і рынуліся на дом тый; і ён заваліўся, і быў пад яго вялікі.

І, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэньня,
 
І сталася, як Ісус скончыў словы гэтыя, што люд дзіваваўся з навукі Ягонае,

бо Ён вучыў, як той, хто мае́ ўладу, ды ня так, як кніжнікі й фарысэі.
 
Бо Ён вучыў іх, як уладу маючы, а не як іхныя кніжнікі а фарысэі.