Яна 12 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Віфанію, дзе́ быў Лазар умёршы, якога Ён ускрасіў.
Там прыгатавалі Яму вячэру, і Марта паслугоўвала, Лазар жа быў сярод супачываўшых з Ім за сталом.
Марыя-ж, узяўшы хунт дарагога чыстага нардовага але́ю, памазала ногі Ісусавы і вы́церла валасамі сваімі ногі Яго, і дом напоўніўся па́хам ад міра
Тады адзін з вучняў Яго, Юда Сымонаў Іскарыёт, які маніўся прадаць Яго, сказаў:
чаму не прадалі гэтага але́ю за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?
А сказаў жа гэта не дзе́ля таго, што клапаціўся аб убогіх, але дзеля таго, што быў зло́дзей і ме́ў пры сабе́ скарбонку і насіў, што туды кідалі.
Ісус жа сказаў: пакінь яе́; яна захавала гэта на дзе́нь пахаваньня Майго,
бо ўбогіх заўсёды ма́еце з сабою, а Мяне́ не заўсёды.
І шмат хто з Жыдоў даве́даўся, што Ён там, і прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб і Лазара пабачыць, што Ён ускрасіў.
Архірэі-ж пастанавілі забіць і Лазара,
бо дзеля яго многа Жыдоў прыходзілі і ўве́равалі ў Ісуса.
Наза́ўтрае множства народу, які прыйшоў на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе́ ў Ерузалім,
узялі пальмовае ве́цьце і выйшлі на спатканьне Яму і крычэлі: Оса́нна, багасла́ўлен, што йдзе́ ў імя Госпада, Цар Ізраіляў!
Ісус жа, знайшоўшы асьлятка, се́ў на яго, як напісана:
ня бойся, дачка́ Сыонская! вось Цар твой ідзе́, се́дзячы на маладым асьле́.
Вучні Яго сьпярша не разуме́лі гэтага, толькі, як уславіўся Ісус, тады ўспомнілі, што гэтак было напісана аб Ім, і гэтае зрабілі Яму.
Народ жа, які быў з Ім ране́й, сьве́дчыў, што Ён вы́клікаў з магілы Лазара і ўскрасіў Яго.
Вось чаму спаткаў Яго народ, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд.
Фарысэі-ж гаварылі між сабою: глядзіце, нічога не даб’емся! Уве́сь сьве́т ідзе́ за Ім.
Былі-ж і Грэкі сярод прыйшоўшых дзеля адпу́сту ў сьвята.
Яны падыйшлі да Піліпа, што быў з Віфсаіды Галіле́йскае, і прасілі яго, кажучы: па́не, нам хочацца бачыць Ісуса.
Піліп ідзе́ і кажа аб гэтым Андрэю; і Андрэй з Піліпам наказалі Ісусу.
А Ісус сказаў ім у адказ: прыйшла гадзіна ўславіцца Сыну Чалаве́чаму.
Запраўды́, запраўды́ кажу вам: калі пшанічнае зе́рне, упаўшы ў зямлю, не замрэ, то астане́цца адно, а калі замрэ, то дасьць багаты плён.
Хто любіць душу сваю, загубіць яе́; і той, што ненавідзіць душу сваю на гэтым сьве́це, захавае яе́ ў жыцьцё ве́чнае.
Хто Мне́ служыць, няхай ідзе́ Маім шляхам; і дзе́ Я, там і слуга Мой будзе; і хто Мне́ служыць, будзе ў пашане ў Айца Майго.
Цяпе́р душа Мая ўзварушана; і што Мне́ сказаць? Ойча, збаў Мяне ад гэтае гадзіны; але-ж дзеля гэтае гадзіны Я і прыйшоў.
Ойча, услаў імя Тваё! І зыйшоў з не́ба голас: і ўславіў, і яшчэ ўслаўлю.
Народ, які стаяў і чуў гэтае, казаў: гэта быў гром. Другія казалі: Ангел прамовіў да Яго.
І адказаў Ісус і сказаў: не дзеля Мяне́ быў гэты голас, але дзеля вас.
Цяпе́р суд сьве́ту гэтаму; цяпер князь гэтага сьве́ту выгнаны будзе вон.
І Я, як буду падняты з зямлі, усіх прыва́блю да Сябе́.
Гаварыў жа Ён гэтае, паказуючы, якою сьме́рцяй ме́ўся паме́рці.
Народ адказаў Яму: мы чулі з закону, што Хрыстос істнуе ве́чна; дык як жа Ты кажаш, што мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы? Хто гэты Сын Чалаве́чы?
І сказаў ім Ісус: яшчэ на кароткі час з вамі сьвятло́; хадзіце, пакуль ма́еце сьвятло́, каб не агарнула вас це́мра; бо хто ходзіць у це́мры, той ня ве́дае, куды йдзе́.
Пакуль сьвятло́ з вамі, ве́рце ў сьвятло́, каб сына́мі сьвятла́ сталіся. Сказаўшы гэтае, Ісус адыйшоў і ўкрыўся ад іх.
І, хоць гэтулькі цудаў зрабіў Ён перад імі, яны ня ўве́равалі ў Яго:
каб збылося слова Ісаі прарока, які казаў: Госпадзе! хто паве́рыць пачутаму ад нас, і каму адкрылася рука́ Гасподня? (Ісая 53:1.)
Дзеля таго не маглі ўве́раваць, што, як ізноў сказаў Ісая:
Асьляпіў вочы іх і сэрца іх абярнуў у ка́мень, каб ня бачылі вачы́ма і не зразуме́лі сэрцам і не навярнуліся, каб Я аздаравіў іх.
Гэта сказаў Ісая, калі бачыў сла́ву Яго і гаварыў аб Ім.
Аднак і з начальнікаў многія ўве́равалі у Яго, але дзеля фарысэяў не вызнава́лі Яго, каб ня вы́лучылі іх з школы,
бо ўлюбілі бале́й сла́ву людзку́ю, чым сла́ву Бо́жую.
Ісус жа крыкнуў і сказаў: хто ве́руе ў Мяне́, не ў Мяне́ ве́руе, але ў Паслаўшага Мяне́.
І хто бачыць Мяне́, бачыць Паслаўшага Мяне́.
Я сьвятло́м прыйшо́ў у сьве́т, каб кожны, хто ве́руе ў Мяне́, не астаўся ў це́мры.
І калі хто пачуе Мае́ словы і не паве́рыць, Я ня суджу́ яго: бо Я прыйшоў ня судзіць сьве́т, але спасаць сьве́т.
Хто адкідае Мяне́ і ня прыймае слоў Маіх, ма́е судзьдзю для сябе́: сло́ва, што Я сказаў, яно будзе судзіць яго ў апошні дзе́нь;
бо не ад Сябе́ казаў Я, але Аце́ц, што паслаў Мяне́, Ён даў Мне́ загад, што́ казаць і гаварыць.
І ве́даю, што прыказа́ньне Яго ёсьць жыцьцё ве́чнае. Дык тое, што Я гавару, гавару, як сказаў Мне́ Аце́ц, каб гаварыў.