Яна 3 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Быў жа між фарысэямі чалаве́к, на імя Нікадэм, адзін з начальнікаў жыдоўскіх.
Той прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: Равві! мы ве́даем, што Ты вучыцель, што прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх цудаў, якія Ты робіш, калі-б ня быў з ім Бог.
І адказаў яму Ісус і сказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца нанова, ня можа бачыць Царства Божага.
Нікадэм кажа Яму: як можа чалаве́к нарадзіцца, калі ён стары́? Няўжо-ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маткі сваёй і нарадзіцца?
Ісус адказаў: запраўды́, запраўды́ кажу табе́: калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Царства Божае.
Спараджонае з це́ла ёсьць це́ла, а спараджонае з Духа ёсьць дух.
Ня дзівуйся, што Я сказаў табе́: трэба вам нарадзіцца нанова.
Дух ды́хае, дзе́ хоча, і голас яго чуеш, а ня ве́даеш, скуль прыходзіць і куды адыходзіць: гэтак і ўсякі спараджоны з Духа.
Нікадэм адказаў і сказаў Яму: як гэта можа быць?
Ісус адказаў яму і сказаў: ты вучыцель Ізраіляў і гэтага ня ве́даеш?
Запраўды́, запраўды́ кажу табе́: Мы гаворым аб тым, што ве́даем, і сьве́дчым аб тым, што бачылі, і вы сьве́дчаньня Нашага ня прыймаеце;
калі Я сказаў вам аб зямным, і ня ве́рыце, я́к паве́рыце, калі буду гаварыць аб нябе́сным?
І ніхто ня ўзышоў на не́ба, толькі Сын Чалаве́чы, што на не́бе, які з не́ба зыйшоў.
І, як Майсе́й падняў зьме́я ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалаве́чы,
каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
Бо так палюбіў Бог сьве́т, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб усякі, хто ве́руе ў Яго, ня згінуў, але ме́ў жыцьцё ве́чнае.
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьве́т, каб судзіць сьве́т, але каб сьве́т быў збаўлены праз Яго.
Хто ве́руе ў Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня ве́руе, той ужо засуджаны, бо ня ўве́раваў у імя Адзінароднага Сына Божага.
Суд жа такі, што Сьвятло́ прыйшло ў сьве́т, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі благія.
Бо кожын, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятла́ і ня йдзе́ да сьвятла́, каб ня выявіліся ўчынкі яго, бо яны благія.
А хто чыніць праўду, ідзе́ да сьвятла́, каб відо́чнымі былі ўчынкі яго, бо яны ў Богу ўчынены.
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў зямлю Жыдоўскую і там быў з імі і хрысьціў.
Іоан жа таксама хрысьціў у Эноне, недалека ад Саліму, бо вады там было многа, і прыходзілі туды і хрысьціліся;
бо Іоана йшчэ ня ўкінулі былі ў вязьніцу.
І ўзьнялася ў Іоанавых вучняў спрэчка з Жыдамі аб ачышчэньні.
І прыйшлі да Іоана і сказалі яму: равві: Той, што быў з табою за Іорданам, аб Якім сьве́дчыў ты, вось Ён хры́сьціць, і ўсе́ йдуць да Яго.
Іоан адказаў і сказаў: ня можа чалаве́к нічога ўзяць, калі яму ня будзе да́дзена з не́ба.
Самі вы сьве́дкі мне́ ў тым, што я сказаў: я ня Хрыстос, але я пасла́ны перад Ім.
Хто ма́е няве́сту, той жаніх, а друг жаніха, што стаіць ды слухае яго, це́шыцца ра́дасьцяй, слу́хаючы голас жаніха. Вось гэтая радасьць мая збылася.
Яму час расьці, а мне́ мале́ць.
Хто з вышыні прыходзе, той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з не́ба прыходзе, той панад усімі,
і што бачыў і чуў, аб тым сьве́дчыць, і ніхто ня прыйма́е сьве́дчаньня Яго.
Хто-ж прыняў Яго сьве́дчаньне, той прыпячатаваў, што Бог праўдзівы.
Бо, каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня ме́раючы дае́ Бог Духа.
Аце́ц любіць Сына і ўсё даў у рукі Яго.
Хто ве́руе ў Сына, ма́е ве́чнае жыцьцё, а хто ў Сына ня ве́руе, ня ўбачыць жыцьця, але гне́ў Божы будзе на ім.