1 да Карынфянаў 5 разьдзел

Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Увогуле чуваць аб распусце ў вас і аб такой, якой няма нават у язычнікаў: хтосьці з вас за жонку мае жонку свайго бацькі.
 
Паўсюль чуваць, што ў вас распуста, і такая распуста, пра якую ня кажуць у паганаў, што [нехта] ма́е жонку свайго ба́цькі.

І вы заганарыліся замест таго, каб плакаць у смутку, каб выдалены быў з вашага асяроддзя той, хто ўчыніў такое.
 
І вы ўзганарыліся, і ня плачаце шмат, каб узяты быў спасярод вас той, хто зрабіў гэткую рэч?

Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо вырашыў, як бы знаходзячыся ў вас, аб тым, хто так гэта зрабіў, —
 
Бо я, адсутны целам, але прысутны духам, ужо прысудзі́ў, як прысутны, таго, хто гэткае зрабіў,

у імя нашага Госпада Ісуса Хрыста, калі зберацеся вы і мой дух, з сілаю нашага Госпада Ісуса,
 
сабраўшыся разам у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста і з духам маім, сілаю Госпада нашага Ісуса Хрыста,

аддаць такога сатане на згубу цела, каб дух быў выратаваны ў дзень Гасподні5.
 
аддаць такога шата́ну на зьнішчэньне цела, каб дух быў збаўлены ў дзень Госпада Ісуса.

Нядобрая пахвальба ваша. Ці не ведаеце вы, што малая рошчына заквашвае ўсё цеста?
 
Няма добрай пахвалы́ вашай. Хіба вы ня ведаеце, што малая кі́сьля ўсё цеста квасіць?

Ачысціце старую рошчыну, каб быць вам новым цестам, бо вы — праснакі: бо і наша Пасха, Хрыстос, ахвяраваны [за нас].
 
Дык ачысьціце старую кі́сьлю, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя, бо Пасха наша, Хрыстос, заколены за нас.

Так што давайце будзем святкаваць не са старою закваскай і не з закваскаю ліха і нізасці, а з праснакамі чысціні і праўды.
 
Так што будзем сьвяткаваць не са старою кі́сьляю, ня з кі́сьляй ліхоты і зласьлівасьці, але з праснакамі шчырасьці і праўды.

Я напісаў вам у лісце не мець зносін з распуснікамі :
 
Я пісаў вам у пасланьні ня мець справы з распусьнікамі.

не наогул з распуснікамі гэтага свету ці з хцівымі і сквапнымі, ці з паклоннікамі, бо тады вы павінны былі б выйсці са свету.
 
І не наогул з распусьнікамі гэтага сьвету, ці хціўцамі, ці рабаўнікамі, ці ідалапаклоньнікамі, бо вам трэба было хіба выйсьці з гэтага сьвету,

Але цяпер я напісаў вам не сходзіцца ні з кім, хто называецца братам, калі ён распуснік, ці хцівец, ці ідалапаклоннік, ці ліхамовец, ці п’яніца, ці рабаўнік: з такім нават разам не есці.
 
але я пісаў вам цяпер ня мець справы з тым, хто, называючыся бра́там, ці распусьнік, ці хцівец, ці ідалапаклоньнік, ці абмоўнік, ці п’яніца, ці рабаўнік; з гэтакім і ня есьці разам!

Бо нашто ж мне судзіць тых, хто звонку царквы? Ці не тых, хто ўсярэдзіне царквы, вы судзіце?
 
Бо што мне судзі́ць тых, якія звонку? Ці ня тых, якія пасярод, су́дзіце вы?

А тых, хто звонку царквы, будзе судзіць Бог. Выкіньце ліхога між вас.
 
А тых, якія звонку, будзе судзі́ць Бог. Дык выкіньце злы́дня спасярод вас.