Марка 11 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

І калі яны наблізіліся да Іерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да Аліўнай гары, Ён пасылае двух Сваіх вучняў
 
Калі падыйшлі да Ерузаліму, да Бэтфагэ і Бэтаніі на гары Аліўнай, Езус пасылае двух з-пасярод вучняў сваіх

і кажа ім: Ідзіце ў сяло, што перад вамі, і адразу, як увойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое яшчэ ніхто з людзей не садзіўся; адвяжыце яго і [пры] вядзіце.
 
і кажа ім: "Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і пры ўваходзе ў яе зараз знойдзеце асьляня прывязанае, на якім яшчэ ніхто з людзей ня езьдзіў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

І калі хто вам скажа: «Што гэта вы робіце?», скажыце: «Яно патрэбна Госпаду, і Ён адразу яго адашле зноў сюды».
 
І калі б вас хто спытаўся: "Што вы робіце?", скажыце: "Госпад яго патрабуе" і небавам адашле вам".

І яны пайшлі і знайшлі асляня, прывязанае да варот знадворку на вуліцы, і адвязваюць яго.
 
Пайшлі тады і знайшлі асьляня пры варотах навонкі, на вуліцы, і адвязалі яго.

І некаторыя з тых, што там стаялі, казалі ім: Што вы робіце, навошта адвязваеце асляня?
 
Некаторыя са стаяўшых пыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьляня?"

Яны ж сказалі ім так, як сказаў Ісус, і тыя адпусцілі іх.
 
А яны адказалі ім, як ім загадаў Езус, і пусьцілі іх.

І прыводзяць асляня да Ісуса і кладуць на яго сваю вопратку, і Ён сеў на яго.
 
І прывялі асьляня да Езуса, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; і Езус сеў на асьляня.

І многія разаслалі сваю вопратку на дарозе, а іншыя — галінкі, зрэзаныя ў палях25.
 
І многія клалі на дарозе сваё адзеньне, а іншыя галінкі з дрэваў, што расьлі ў полі.

І тыя, што ішлі паперадзе і следам, крычалі: Гасанна! Дабраславёны, Хто ідзе ў імя Госпада!
 
І тыя, што ішлі наперадзе ды за Ім, крычалі: "Гасанна! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада!

Добраславёнае царства26, што надыходзіць, нашага бацькі Давіда! Гасанна ў вышынях!
 
Багаслаўлена каралеўства айца нашага Давіда, якое надыходзіць! Гасанна на вышынях!"

І Ён увайшоў у Іерусалім у святыню і, агледзеўшы ўсё, — час ужо быў позні — выйшаў у Віфанію з дванаццацю.
 
І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню; і агледзеўшы ўсё, бо ўжо была вячэрняя пара, з Дванаццацьма выйшаў у Бэтанію.

І назаўтра, калі яны выйшлі з Віфаніі, Ён адчуў голад.
 
І назаўтра, калі выходзіў з Бэтаніі, адчуў голад.

І, убачыўшы здалёку фігавае дрэва, укрытае лісцем, пайшоў: ці не знойдзе чаго на ім, і, прыйшоўшы да яго, нічога не знайшоў, апроч лісця, бо не была пара на фігі.
 
І калі здалёк ўбачыў дрэва фіговае, пакрытае лістотаю, падыйшоў, можа што на ім знойдзе. І калі падыйшоў да дрэва, нічога, акрамя лістоты, не знайшоў, бо не была пара на фігі.

І, азваўшыся, Ён сказаў яму: Няхай ніхто больш навекі не з’есць ад цябе плоду! — І Яго вучні чулі гэта.
 
Тады сказаў Ён дрэву: "Няхай ўжо ніколі ня есьць з цябе ніхто пладоў". І чулі гэта вучні Ягоныя.

І прыходзяць яны ў Іерусалім. І, увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць прадаўцоў і пакупнік у святыні і абярнуў сталы грашаменаў і ўслоны прадаўцоў галубоў,
 
І прыходзіць у Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.

і не дазваляў, каб хто праносіў праз святыню якую рэч.
 
Ды не дазволіў, каб якую рэч пераносілі праз сьвятыню.

І Ён вучыў і казаў ім: Хіба не напісана: «Мой дом будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў?» А вы ж зрабілі яго пячораю разбойнікаў.
 
І навучаў іх у гэтыя словы: "Няўжо не напісана: "Дом Мой — домам малітвы будзе названы для ўсіх народаў"? А вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

І пачулі гэта першасвятары і кніжнікі і шукалі, як бы Яго загубіць: бо яны баяліся Яго, бо ўвесь натоўп захапляўся Яго навукаю.
 
Пачуўшы гэта, першасьвятары і кніжнікі шукалі, як Яго загубіць, бо баяліся Яго, бо ўсе людзі захапляліся Яго навукаю.

І калі настаў вечар, яны выйшлі з горада.
 
А калі зьвечарэла, выйшлі з горада.

І ўранні, праходзячы міма, яны ўбачылі фігавае дрэва, засохлае ад каранёў.
 
І, праходзячы нараніцы, убачылі дрэва фіговае ссохшым ад карэньняў.

І Пётр, успомніўшы, кажа Яму: Равві, зірні, фігавае дрэва, якое Ты пракляў, засохла.
 
Ды, прыпомніўшы, Пётар кажа Езусу: "Вучыцель, паглядзі, фіговае дрэва, што Ты пракляў, ссохла".

І ў адказ Ісус кажа ім: Майце веру Божую.
 
І Езус у адказ кажа ім: "Мейце веру Божую!

Сапраўды кажу вам: калі хто скажа гэтай гары: «Падыміся і кінься ў мора» і не ўсумніцца ў сваім сэрцы, а будзе верыць, што спраўдзіцца тое, што кажа, — будзе яму, [што ні скажа].
 
Сапраўды кажу вам: каб хто сказаў гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", і не сумняваўся ў сэрцы сваім, але верыў, што станецца, як скажа, збудзецца яму.

Таму кажу вам: усё, аб чым вы моліцеся і просіце, верце, што вы атрымалі27, — і будзе вам.
 
Таму кажу вам: Усё, пра што ў малітве просіце, верце, што атрымаеце, і будзе вам.

І, калі стаіце на малітве, даруйце, як што маеце супроць каго, каб і ваш Бацька, Які ў нябёсах, вам дараваў правіны.
 
І калі становіцеся маліцца, даруйце, калі што маеце супраць каго, каб і Айцец ваш, каторы ў небе, дараваў вам грахі вашыя.

[Калі ж вы не даруеце, то і ваш Бацька, Які ў нябёсах, не даруе вашых правінаў]28.
 
Калі вы не даруеце, дык і Айцец ваш, каторы ў небе, не даруе вам грахоў вашых".

І прыходзяць яны зноў у Іерусалім. І калі Ён хадзіў па святыні, падышлі да Яго першасвятары, і кніжнікі, і старэйшыны
 
І зноў прыходзяць ў Ерузалім. І калі Езус хадзіў па сьвятыні, падыйшлі да Яго першасьвятары, кніжнікі і старшыні,

і сказалі Яму: Якою ўладаю Ты гэта робіш? Або хто Табе даў гэтую ўладу, каб Ты рабіў гэта?
 
і запыталіся ў Яго: "Якою ўладаю Ты гэта робіш? Ды хто Табе даў такую ўладу, каб Ты гэта рабіў?"

Ісус жа сказаў ім: Спытаюся ў вас адно слова і адкажыце Мне, і Я скажу вам, якою ўладаю раблю гэта;
 
А Езус у адказ сказаў ім: "І Я вас запытаюся адно слова, адкажыце Мне, і Я вам скажу, якою ўладай Я гэта раблю.

Іаанава хрышчэнне было з неба ці ад людзей? Адкажыце Мне.
 
Хрост Яна з неба быў ці ад людзей? Адкажыце Мне".

І разважалі яны між сабою, кажучы: Калі скажам: «З неба», Ён скажа: «[Дык] чаму вы не паверылі яму?»
 
Яны застанаўляліся і гаварылі між сабой: "Калі скажам: З неба, скажа нам: "Дык чаму тады не ўверылі?"

Але ці сказаць нам: «Ад людзей»? — Яны баяліся натоўпу29: бо ўсе лічылі, што Іаан быў сапраўды прарок.
 
А калі скажам: Ад людзей, дык баімося народу", бо ўсе ўважалі Яна за праўдзівага прарока".

І ў адказ яны кажуць Ісусу: Не ведаем. — А Ісус кажа ім: І Я не скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю.
 
І сказалі ў адказ Езусу: "Ня ведаем". І Езус у адказ ім кажа: "І Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю".