Да Галятаў 1 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Вацлава Ластоўскага
Павел, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, а праз Ісуса Хрыста і Бога Бацькі, Які ўваскрэсіў Яго з мёртвых
і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галатыі:
ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, і Госпада Ісуса Хрыста,
Які аддаў Самога Сябе за нашы грахі, каб выбавіць нас з цяперашняга ліхога веку паводле волі нашага Бога і Бацькі,
Якому слава на векі вякоў, амін.
Дзіўлюся, што вы так хутка перабягаеце ад Таго, Хто паклікаў вас у ласцы Хрыстовай, да іншага дабравесця,
якое не ёсць іншае дабравесце, а ёсць толькі некаторыя людзі, што бударажаць вас і хочуць перавярнуць дабравесце Хрыстова.
Але нават калі б мы ці Анёл з неба дабравесціў вам насуперак таму, што мы дабравесцілі вам, — няхай будзе анафема.
Як мы раней казалі, і цяпер я зноў кажу: калі хто вам дабравесціць насуперак таму, што вы прынялі, — няхай будзе анафема.
Бо цяпер ці ў людзей я шукаю прыхільнасці ці ў Бога? Ці людзям імкнуся дагаджаць? Калі б я ўсё яшчэ дагаджаў людзям, я не быў бы слугою1 Хрыстовым.
Бо аб’яўляю вам, браты: Дабравесце, якое я дабравесціў, яно не паводле чалавека;
бо і я не ад чалавека прыняў яго і навучыўся яму, а праз адкрыццё Ісуса Хрыста.
Бо вы чулі пра мае паводзіны некалі ў іудзействе, што я нястрымна гнаў Царкву Божую і вынішчаў яе,
і апярэджваў у іудзействе шмат каго з аднагодкаў у маім родзе, будучы празмерным рупліўцам паданняў маіх бацькоў.
Калі ж Богу, Які абраў мяне ад улоння маёй маці і паклікаў Сваёю ласкаю, было даспадобы
адкрыць ува мне Свайго Сына, каб я дабравесціў Яго між язычнікаў, я не стаў зараз жа раіцца з целам і крывёю,
і не ўзышоў у Іерусалім да тых, хто былі Апосталамі да мяне, а пайшоў у Аравію і зноў вярнуўся ў Дамаск.
Потым, праз тры гады, я ўзышоў у Іерусалім пазнаёміцца з Кіфам2 і заставаўся ў яго пятнаццаць дзён;
але нікога другога з Апосталаў я не бачыў, акрамя Іякава, брата Гасподняга.
А ў тым, што пішу вам, — вось, кажу перад Богам: не хлушу.
Потым я прыйшоў у краіны Сірыі і Кілікіі;
але мяне не ведалі ў твар цэрквы Іудзеі, якія ў Хрысце,
а толькі чулі яны: «Той, хто некалі нас гнаў, цяпер дабравесціць веру, якую некалі вынішчаў»,