Да Піліпянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Піліпянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Васіля Сёмухі
Так што, браты мае ўлюбёныя і жаданыя, радасць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, улюбёныя.
Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.
Эводыю прашу і Сінтыхію прашу думаць адно і тое самае ў Госпадзе.
Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;
Так, прашу і цябе, праўдзівы супрацоўнік, дапамагай ім, тым, што змагаліся ў дабравешчанні разам са мною, і з Кліментам і з астатнімі маімі супрацоўнікамі, імёны якіх — у кнізе жыцця.
сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцьця.
Радуйцеся ў Госпадзе заўсёды, яшчэ скажу: радуйцеся.
Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
Ваша лагоднасць, няхай будзе вядомая ўсім людзям. Госпад блізка.
Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
Ні пра што не турбуйцеся, а няхай ва ўсім малітваю і мальбою з падзякаю вашы просьбы робяцца вядомыя Богу.
Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, —
І мір Божы, які пераўзыходзіць усякі розум, будзе ахоўваць вашы сэрцы і вашы думкі ў Хрысце Ісусе.
і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
Урэшце, браты, усё, што праўдзівае, усё, што годнае, усё, што праведнае, усё, што чыстае, усё, што любае, усё, што ўхвальнае, — калі ёсць якая дабрачыннасць і калі ёсць якая хвала, — пра гэта думайце.
Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, — тое і майце наўме.
Чаму вы навучыліся, і што прынялі, і пачулі, і ўбачылі ўва мне, — рабіце гэта; і Бог міру будзе з вамі.
Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
Я ж вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што цяпер нарэшце вы далі зноў расквітнець вашым думкам пра мяне; пра гэта вы і думалі, але не мелі нагоды.
Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
Кажу гэта не таму, што маю патрэбу, бо я навучыўся быць самадастатковым.
Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
Я ўмею і ў прыніжэнні быць, умею быць і ў багацці; ва ўсім і ўсюды я прывучыўся: і наталяцца і галадаць, і быць у багацці і быць у нястачы;
умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
усё магу ў Тым, Хто мяне ўмацоўвае — [у Хрысце].
Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
Аднак вы добра зрабілі, успамагаючы мне ў бядзе.
Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
Але і вы, філіпійцы, ведаеце, што ў пачатку дабравешчання, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква не ўдзяліла мне ні дару, ні прыняцця, акрамя вас адных;
Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
бо і ў Фесалоніку вы і раз і два прыслалі мне на патрэбу.
вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
Гэта не значыць, што я шукаю дару, але я шукаю плода, што прымнажаецца на карысць вам.
Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
А я маю ўсё і ўдосталь; я напоўнены ўсім, атрымаўшы ад Эпафрадыта тое, што прыйшло ад вас, — духмяны пах, прыемную ахвяру, любую Богу.
Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, — салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
І мой Бог [няхай] папоўніць кожную вашу патрэбу паводле Свайго багацця ў славе ў Хрысце Ісусе.
Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
А нашаму Богу і Бацьку слава на векі вякоў, амін.
А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
Вітайце кожнага святога ў Хрысце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
Вітаюць вас усе святыя, асабліва з дома кесаравага.
Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
Ласка Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам4.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.