Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Вітаўта Тумаша
Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэта справядліва.
«Паважай свайго бацьку і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем, —
«каб табе было добра і ты быў даўгавечны на зямлі».
А бацькі — не раздражняйце сваіх дзяцей, а ўзгадоўвайце іх у навучанні і настаўленні Гасподнім.
Рабы, слухайцеся сваіх зямных гаспадароў са страхам і трымценнем у прастаце свайго сэрца, як Хрыста,
не з паказною паслужлівасцю, як тыя, хто дагаджае людзям, а як рабы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
служачы з дабразычлівасцю, як Госпаду, а не людзям,
ведаючы, што кожны, калі зробіць што добрае, тое самае атрымае ад Госпада, ці ён раб, ці вольны.
І вы, гаспадары, рабіце тое самае з імі, сцішаючы пагрозы, ведаючы, што і іх, і ваш Госпад — у нябёсах і ў Яго няма аглядкі на асобы.
У астатнім, [браты мае], узмацняйцеся ў Госпадзе і магутнасці Яго сілы.
Апраніцеся ў поўную зброю Божую, каб вы маглі ўстаяць супроць д’яблавых падкопаў,
бо барацьба ў нас не супроць крыві і цела, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць уладароў гэтага свету цемры6, супроць нябесных духаў зла.
Таму вазьміце поўную зброю Божую, каб вы змаглі ў ліхі дзень супроцьстаяць і, усё зрабіўшы, устаяць.
Дык стойце, падперазаўшы вашы паясніцы праўдаю і надзеўшы панцыр праведнасці
і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабравесціць мір;
і да ўсяго гэтага ўзяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога;
і прыміце шлем выратавання і меч Духа, які ёсць слова Божае.
Кожнай малітвай і прашэннем молячыся ва ўсякі час у духу і для гэтага будзьце пільнымі з усякаю настойлівасцю і просьбаю за ўсіх святых
і за мяне, каб мне было дадзена слова пры адкрыванні маіх вуснаў, каб адважна абвяшчаць таямніцу Дабравесця,
дзеля якой я пасол у кайданах, каб у ёй я казаў адважна, як належыць мне казаць.
А каб і вы ведалі пра мае абставіны, што раблю, — усё раскажа вам Тыхік, улюбёны брат і верны служка ў Госпадзе,
якога я паслаў да вас якраз для гэтага, каб вы даведаліся, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў вашы сэрцы.
Мір братам і любоў з вераю ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста.
Ласка няхай будзе з усімі, хто любіць нашага Госпада Ісуса Хрыста вечнай любоўю7. [Амін].