Да Эфэсянаў 6 разьдзел
Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча
Дзеці, слухайцеся сваіх бацькоў у Госпадзе, бо гэта справядліва.
Дзеці, слухайце пабожна бацькоў сваіх, бо гэта справядліва.
«Паважай свайго бацьку і маці» — гэта першая запаведзь з абяцаннем, —
Шануй бацьку твайго і матку — гэта першае прыказанне з азарочаннем:
«каб табе было добра і ты быў даўгавечны на зямлі».
каб табе добра шчасьціла ды каб доўга жыў на зямлі.
А бацькі — не раздражняйце сваіх дзяцей, а ўзгадоўвайце іх у навучанні і настаўленні Гасподнім.
А і вы, бацькі, не радзрадняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у послусе ды пабожным уразумлянні.
Рабы, слухайцеся сваіх зямных гаспадароў са страхам і трымценнем у прастаце свайго сэрца, як Хрыста,
Слугі, будзьце паслухмянымі сваім гаспадаром сёсьветным з боязьзю й пашанай у прастаце сэрца вашага, моў Хрыстусу,
не з паказною паслужлівасцю, як тыя, хто дагаджае людзям, а як рабы Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,
не для вока толькі служачы й прыпадабання людзям, але як Хрыстусавы слугі, шчыра выконваючы волю Божую,
служачы з дабразычлівасцю, як Госпаду, а не людзям,
ахвотна паслугуйце, як Богу, а ня людзям;
ведаючы, што кожны, калі зробіць што добрае, тое самае атрымае ад Госпада, ці ён раб, ці вольны.
сьведамыя таго, што кажны, ці слуга ці вольны, за выкананае дабро атрымае сваё ад Госпада.
І вы, гаспадары, рабіце тое самае з імі, сцішаючы пагрозы, ведаючы, што і іх, і ваш Госпад — у нябёсах і ў Яго няма аглядкі на асобы.
І вы, гаспадары, рабеце ім тое самае, лагодзьце суровасьць, памятаючы, што як над імі, так і над вамі ёсьць Усегаспадар на небе, ў якога няма прыстароннасьці да асобаў.
У астатнім, [браты мае], узмацняйцеся ў Госпадзе і магутнасці Яго сілы.
На апошку, браты, мацнейце вы Госпадам і магутнасьцю сілы ягонай;
Апраніцеся ў поўную зброю Божую, каб вы маглі ўстаяць супроць д’яблавых падкопаў,
прыадзеньцеся ў зброю Божую, каб маглі вы даць адпор хітрунствам дзьябла;
бо барацьба ў нас не супроць крыві і цела, а супроць начальстваў, супроць уладаў, супроць уладароў гэтага свету цемры6, супроць нябесных духаў зла.
мы бо змагаемся не проці крыві й цела, а проці зьверхніцкіх моцаў, проці сьветаўлады цемры гэтага веку, проці духаў назласьці ў паднебных прасторах.
Таму вазьміце поўную зброю Божую, каб вы змаглі ў ліхі дзень супроцьстаяць і, усё зрабіўшы, устаяць.
Вось чаму вазьмеце ўсезброю Божую, каб у ліхім дню маглі вы процістаяць і, ўсё перамогшы, устаяць.
Дык стойце, падперазаўшы вашы паясніцы праўдаю і надзеўшы панцыр праведнасці
Стойце, восьжа, падперазаўшы паясьніцы вашыя праўдаю й ахінуўшыся броняй справядлівасьці,
і абуўшы ногі ў гатоўнасць дабравесціць мір;
ды абуўшы ногі ў гатовасьць дабравешчання міру-згоды;
і да ўсяго гэтага ўзяўшы шчыт веры, якім вы зможаце пагасіць усе агнявыя стрэлы ліхога;
а надусё вазьмеце шчыт веры, якім здолееце гасіць усе вагністыя стрэлы ліхога;
і прыміце шлем выратавання і меч Духа, які ёсць слова Божае.
і прылбіцу збаўлення вазьмеце, і меч духоўны, якім ёсьць слова Божае.
Кожнай малітвай і прашэннем молячыся ва ўсякі час у духу і для гэтага будзьце пільнымі з усякаю настойлівасцю і просьбаю за ўсіх святых
Малецеся заўсёды ў духу ўсякай формай малітвы і благання; таго пільнуючыся вытрывала, просячы за ўсіх сьвятых
і за мяне, каб мне было дадзена слова пры адкрыванні маіх вуснаў, каб адважна абвяшчаць таямніцу Дабравесця,
дый за мяне, каб, як адкрыю мае вусны, дана мне была мова да сьмелага абвяшчання тайніцы Эванэліі,
дзеля якой я пасол у кайданах, каб у ёй я казаў адважна, як належыць мне казаць.
для якое паольства я выконываю ў аковах, каб я гаварыў аб ёй адважна, як мне належыцца.
А каб і вы ведалі пра мае абставіны, што раблю, — усё раскажа вам Тыхік, улюбёны брат і верны служка ў Госпадзе,
А каб і вы ведалі што дзеецца зы мною ды што раблю, аб гэтым усім паведаміць вас Тыхік, брат мілы і слуга верны ў Хрыстусе,
якога я паслаў да вас якраз для гэтага, каб вы даведаліся, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў вашы сэрцы.
якога я паслаў да вас натое, каб вы даведаліся аб нас ды каб пацешыў сэрцы вашыя.
Мір братам і любоў з вераю ад Бога Бацькі і Госпада Ісуса Хрыста.
Спакой братом і любасьць зь вераю ад Бога Айца і Усеспадара Езуса Хрыстуса.
Ласка няхай будзе з усімі, хто любіць нашага Госпада Ісуса Хрыста вечнай любоўю7. [Амін].
Ласка з усімі непахісна любячымі Збавіцеля нашага Езуса Хрыстуса. Амэн.