Да Эфэсянаў 5 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як улюбёныя дзеці,
 
Будзьце, восьжа, пасьцежнікамі Бога, як дзеці, любыя,

і жывіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і аддаў Сябе за нас як прынашэнне і ахвяру Богу ў духмяны пах.
 
і хадзеце ў любасьці, як і Хрыстус палюбіў нас і выдаў сябе за нас, як дар Богу мілапахную ахвяру.

А распуста і ўсялякая нячысціня ці сквапнасць няхай і не ўспамінаюцца між вас, як належыць святым,
 
А распуста і ўсякая нечысьць ды прагавітасьць каб і не спаміналіся між вамі, як і прыстоіць сьвятым;

і непрыстойныя паводзіны, і дурная гаворка, але лепей — падзяка.
 
ані брыдамоўства, блазноцтва, ці жарты няпрыстойныя, недарэчы, а лепш — дзякаванне.

Бо вы гэта ведайце, што ніякі распуснік, ці нячысты, ці хцівец, які ёсць ідаласлужка, — не мае спадчыны ў царстве Хрыста і Бога.
 
Ведайце бо добра тое, што ніякі чужаложнік, ніякі бясстыднік, ці хцівец балвапаклоннік, ня мае спадчыны ў Валадарсьцьве Хрыстуса і Бога.

Няхай ніхто вас не зводзіць у зман пустымі словамі, бо з-за гэтага прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорлівасці.
 
Хай ніхто ня зводзіць вас буянымі славамі, праз гэта бо спадае гнеў Божы на сыноў бунтарных;

Дык не рабіцеся іх супольнікамі;
 
ня будзьце іхнімі супольнікамі.

бо некалі вы былі цемраю, а цяпер — святло ў Госпадзе; як дзеці Святла — жывіце,
 
Вы былі калісь цемраю, а цяпержа вы — сьвятло ў Хрыстусе: паступайцеж як дзеці сьвятла;

бо плод Святла2 ва ўсялякай дабрыні, праведнасці і праўдзе, —
 
бо плод сьвятла ёсьць у ва ўсім, што добрае, справядлівае і праўдзівае;

правяраючы, што да спадобы Госпаду [Богу],
 
шукайце шчыра таго, што даўспадобнае Богу,

і не ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры. А лепей нават выкрывайце іх.
 
і не бярэце ўдзелу ў бясплоднай дзейнасьці цемры, а лепш дакарайце.

Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і казаць,
 
Бо аб тым, што робіцца імі таёмна, сорамна й гаварыць.

але ўсё, што выкрываецца, выяўляецца святлом,
 
А ўсё, што ганіцца, праз сьвятло робіцца яўным і стаецца сьвятлом;

бо ўсё, што робіцца яўным, ёсць святло. Таму Ён кажа: «Уставай, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асвеціць цябе Хрыстос».
 
таму і сказана: Прачніся, сьпячы, ды ўстань з мяртвых, а Хрыстус цябе асьвеціць.

Дык глядзіце ўважліва, як вы жывяце, — не як нямудрыя, а як мудрыя,
 
Дык глядзеце, паступайце празорна, не як неразумныя, а як мудрыя:

выкарыстоўваючы кожную хвіліну3,
 
час цэнячы, дні бо няпэўнуя.

Таму не будзьце неразумнымі, але пазнавайце, што ёсць воля Гасподняя4.
 
Таму ня будзьце неразважнымі, але сьведамымі волі Божай.

І не напівайцеся віном, у якім распуста, а напаўняйцеся Духам,
 
Ды ня ўпівайцеся віном, бо ў ім разнузданасьць, а напаўняйцеся Духам,

размаўляючы між сабою псалмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, сэрцам сваім спяваючы і іграючы псалмы Госпаду,
 
выглашаючы міжсобку псальмы, гімны й песьні духоўныя, пяючы ды й граючы Госпаду ў сэрцах вашых;

дзякуючы заўсёды за ўсё Богу і Бацьку ў імя нашага Госпада Ісуса Хрыста,
 
дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу й Айцу ў імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса,

падпарадкуючыся адзін аднаму ў страху перад Хрыстом5:
 
будучы паслухмянымі адны другім у боязі Божай.

жонкі — сваім мужам, як Госпаду,
 
Жанкі, будзьце падуладнымі мужом сваім, як Усеўладару,

бо муж ёсць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, Ён Збаўца цела.
 
муж бо ёсьць галавою жонкі, як і Хрыстус галава Эклезіі, свайго цела, якога зьяўляецца Збавіцелем;

Але, як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, так і жонкі няхай падпарадкоўваюцца мужам ва ўсім.
 
і як Эклезія падуладная Хрыстуса, гэтак і жонкі — сваіх мужоў у ва ўсім.

Мужы, любіце [сваіх] жонак, як і Хрыстос палюбіў Царкву і аддаў Сябе за яе,
 
Мужы, любеце жонак сваіх, як і Хрыстус улюбіў Эклезію і выдаў сябе за яе,

каб асвяціць яе, ачысціўшы праз абмыванне вадою ў слове,
 
каб усьвяціць яе абмываючы вадою праз слова жыцьця,

каб Яму паставіць перад Сабою Царкву слаўнай, якая не мае ні плямы, ні зморшчыны, ні чаго-небудзь падобнага, а каб яна была святая і беззаганная.
 
каб прадставіць яе сабе Эклезіяй слаўнай, без плямы, ці маршчыны або чаго падобнага, але каб была сьвятою беззаганнаю.

Так і мужы павінны любіць сваіх жонак, як свае целы. Той, хто любіць сваю жонку, любіць самога сябе.
 
Гэтак і мужы павінны любіць сваіх жонак як целы ўласныя: хто любіць сваю жонку — сябе самога любіць.

Бо ніхто ніколі не меў нянавісці да свайго цела, а кожны корміць і грэе яго, як і Хрыстос Царкву,
 
Ніхтож бо ніколі ня меў ненавісьці да свайго цела, але гадуе й пялегуе яго, як і Хрыстус Эклезію,

таму што мы члены Яго цела, [ад Яго цела і ад Яго касцей].
 
бож мы — часткі цела ягонага.

Таму чалавек пакіне [свайго] бацьку і маці і прылепіцца да сваёй жонкі, і будуць двое адным целам.
 
Таму-то пакіне чалавек бацьку свайго й матку ды злучыцца з жонкай сваёю, і будуць двое ў вадным целе.

Таямніца гэта вялікая, але я кажу пра Хрыста і пра Царкву.
 
Гэта вялікая тайніца, а я гавару аб Хрыстусе й Эклезіі.

Аднак і вы — кожны з вас няхай любіць так сваю жонку, як самога сябе, а жонка няхай баіцца мужа.
 
Але і кажны з вас паасобку хай любіць сваю жонку, як сябе самога, а жонка няхай паважае свайго мужа.