Мацьвея 12 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

У тым жа часе праходзіў Ісус паміж у сыботу праз засемнымі, і вучні Ягоныя, згаладаўшыся, пачалі зрываць каласы і есьці.
 
У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.

Фарысеі-ж, угледзеўшы гэта, сказалі Яму: вось вучні Твае робяць, чаго не павінны рабіць у сыботу.
 
Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат».

Ён-жа сказаў ім: хіба-ж вы ня чыталі, што ўчыніў Давыд, калі быў згаладаны сам і тыя, хто быў з ім?
 
А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?

Як ён, увайшоўшы ў дом Божы, еў хлябы прынясеньня, якіх не належала есьці ні яму, ні тым, якія былі з ім, а толькі адным сьвятаром?
 
Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?

Альбо, ці ня чыталі вы ў законе, што ў сыботу сьвятары ў храме парушаюць сыботу, аднак-жа ня ёсць віннымі?
 
Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя?

Але, кажу вам, што тут ёсьць Адзін большы за храм.
 
Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню.

І калі-б вы ведалі, што значыць — міласьці хачу, а не ахвяры — то не асудзілі-б бязьвінных.
 
Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых.

Бо Сын Чалавечы ёсьць гаспадаром і сыботы.
 
Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

І, адыйшоўшы адтуль, увайшоў у іхную сынагогу.
 
Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу.

Быў-жа там чалавек сухарукі; і спыталіся ў Ісуса, каб знайсьці віну на Ім, ці можна ацаляць у сыботы?
 
Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?»

Ён-жа сказаў ім: — хто з вас, маючы адну авечку, каб яна ў сыботу ўваліца ў яму, ня вазьме яе і ня выцягне?
 
А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму?

На колікі-ж чалавек вартасьнейшы за авечку! дык дабро тварыць і ў сыботу можна.
 
Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро».

Тады кажа чалавеку таму: — выцягні руку тваю; той вытягнуў, — і стала яна здаровая, як і другая.
 
Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая.

Фарысеі-ж, выйшаўшы, вялі змову супраць Яго, як-бы загубіць Яго, але Ісус, ведаючы гэта, адыйшоў адтуль.
 
Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.

І пайшло за Ім мноства народу, і ацаліў іх усіх.
 
Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх.

І забараніў ім выяўляць Яго.
 
І забараніў ім выяўляць Яго,

Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаварыць:
 
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:

— Вось Юнак Мой, Якога я выбраў, Улюбёны Мой, Яму-ж дабраволіць душа Мая; палажу Дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд.
 
«Вось слуга Мой, якога Я выбраў,умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.Духа Майго дам Яму,а Ён абвесціць суд народам.

Не запярэчыць ня ўзьніме голасу Свайго, і ніхто не пачуе на вуліцы голасу Яго.
 
Не будзе пярэчыць і лямантаваць,і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.

Трысьціны надламанай не пераломіць, і лёну тлеючага не загасіць, пакуль не давядзе суду да перамогі.
 
Трысціны надламанай не пераломіцьі не пагасіць тлеючага кнота,пакуль не давядзе суд да перамогі.

І на імя Яго будуць надзейныя народы.
 
І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».

Тады прывялі да Яго апанаванага злыдухам сьляпога і нямога, і ацаліў яго: гэтак, што сьляпы і нямы стаў і бачыць і гаварыць.
 
Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.

І падзіўляліся ўсе людзі, гаворачы: — ці ня гэта Хрыстос, Сын Давыдаў?
 
А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»

Фарысеі-ж, пачуўшы гэта, сказалі: — Ён выганяе злыдухаў няйначай, сілаю Вэльзевула, князя шатанскага.
 
Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».

Але Ісус, ведаючы помыслы іх, сказаў ім: — усякае гаспадарства, разьдзяліўшыся само ў сабе, разваліцца; і ўсякае места ці дом, разьдзяліўшыся сам у сабе, ня ўстоіць.
 
Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць.

І калі шатан шатана выганяе, то ён падзяліўся сам у сабе; як-жа можа ўстаяць уладарства яго?
 
Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства?

І калі Я сілаю Вэльзевула выганяю злыдухаў, то чыёю сілаю выганяюць сыны вашыя? дзеля таго яны будуць вам судзьдзямі?
 
І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі.

А калі Я сілай Духа Божага выганяю злыдухаў, то пэўна дайшло да вас Уладарства Божае.
 
А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства.

Або, як можа хто увайсьці ў дом асілка і абрабаваць дабро яго, калі перш ня зьвяжа асілка, і тады абрабуе дом яго.
 
Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны.

Хто не са Мною, той супраць Мяне, і хто ня зьбірае са Мною, той растрачвае.
 
Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.

Дзеля таго кажу вам: усякі грэх і зьнявага адпусьцяцца чалавекам, але блюзьнерства на Духа Сьвятога не адпусьціцца чалавекам.
 
Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе.

І калі хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даруецца яму, а калі хто скажа супраць Духа Сьвятога, не даруецца яму ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
 
І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.

Або прызнайце дрэва добрым, і плод яго добрым, альбо прызнайце дрэва дрэнным, і плод яго дрэнным, бо па плодзе пазнаецца дрэва.
 
Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду.

Параджэньне гадаўя! як вы можаце гаварыць добрае, калі самі злыя? бо ад паўніні сэрца прамаўляюць вусны.
 
Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца.

Добры чалавек з добрае скарбніцы выносіць добрае, а паганы чалавек з дрэннае скарбніцы свае выносіць ліхое.
 
Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое.

Кажу-ж вам, што за ўсякае пустаслоўе, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны.
 
Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень.

Бо паводле слоў сваіх апраўданы будзеш, і паводле слоў сваіх асуджаны будзеш.
 
Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».

Тады некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў, пытаючыся, сказалі: Вучыцель! хочацца нам знаменьне ад Цябе пабачыць.
 
Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак».

Ён-жа ў адказ сказаў ім: — род златворны і чужаложны знаменьня шукае, але знаменьне яму ня будзе дадзена, апрача знаменьня Йоны прарока.
 
А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока.

Бо, як Йона быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
 
Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

Мужы Ніневійскія паўстануць на суд з родам гэтым, і асудзяць яго, бо яны пакаяліся ад навучэньня Йонінага; і вось тут большае за Йону.
 
Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну.

Каралева паўднёвая паўстане на суд з родам гэтым і засудзіць яго, бо яна прыходзіла з краю зямлі паслухаць мудрасьці Салямонавае; і вось тут большае за Салямона.
 
Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай; і вось, тут большае за Саламона!

Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, сноўдаецца па сухазем’і, шукаючы супакою, і не знаходзіць.
 
Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць.

Тады кажа — вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў; і прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і прыбраным.
 
Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. Прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным.

Тады йдзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, больш лютых за сябе, і яны ўвайходзяць і жывуць там; і становіцца чалавеку таму апошняе горшым за першае; так будзе і роду гэтаму златворнаму.
 
Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».

Калі-ж Ён яшчэ гаварыў да народу, Маці Яго і браты Яго стаялі вонках, чакаючы, каб пагаварыць з Ім.
 
Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім.

І нехта сказаў Яму: — вось Маці Твая і браты Твае стаяць вонках, хочуць гаварыць з Табою.
 
І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою».

Ён-жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму сказаў: — хто Маці Мая? хто браты Мае?
 
А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?»

І, паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: — вось Маці Мая, і браты Мае;
 
І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.

Бо хто будзе выпаўняць волю Айца Майго Нябеснага, той брат Мой, і сястра, і маці.
 
Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».