Мацьвея 8 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Калі-ж Ён зыйшоў з гары, усьлед за Ім ішло мноства народу.
Калі Езус сышоў з гары, следам за Ім пайшло мноства людзей.
І вось падыйшоў адзін, заразны праказаю і, кланяючыся Яму, прамовіў: — Госпадзе! Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.
І вось, падышоў пракажоны і кланяўся Яму, кажучы: «Пане, калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: — хачу, будзь чыстым. І ў той-жа час ён ачысьціўся ад праказы.
Езус працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: «Хачу, будзь ачышчаны!» І той адразу ачысціўся ад праказы.
І сказаў яму Ісус: — глядзі, нікому не кажы, але пайдзі пакажыся сьвячэньніку, і прынясі дар, як запавядаў у законе Майсей, у засьветчаньне ім.
Езус сказаў яму: «Глядзі, нікому не кажы, але ідзі, пакажыся святару і ахвяруй дар, які наказаў Майсей, на сведчанне ім».
Калі-ж увайшоў Ён у Капэрнаум, падыйшоў да Яго сотнік, молячы Яго;
Калі Езус увайшоў у Кафарнаум, падышоў да Яго сотнік і прасіў Яго,
І кажучы: — Госпадзе! слуга мой ляжыць дома спараліжаваны і цяжка пакутуе.
кажучы: «Пане, слуга мой ляжыць дома паралізаваны і цяжка пакутуе».
Ісус кажа яму: — Я прыйду і ацалю яго.
Езус сказаў яму: «Я прыйду і вылечу яго».
Сотнік-жа ў адказ сказаў: — Госпадзе! недастойны я таго, каб увайшоў Ты пад страху маю, але скажы толькі слова, і ачуняе слуга мой.
Сотнік жа адказаў: «Пане, я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой, але скажы толькі слова, і будзе аздароўлены слуга мой.
Бо і я чалавек падначалены, і пад сабою маю ваякаў; і кажу аднаму — пайдзі, і ён ідзе, і другому — прыйдзі, і прыходзіць, і слузе майму — зрабі гэта — і ён робіць.
Бо і я чалавек падуладны, сам маю ў падначаленні жаўнераў і кажу аднаму: “Ідзі”, і ідзе, а другому: “Прыйдзі”, і прыходзіць, а слугу майму: “Зрабі тое”, і робіць».
Пачуўшы гэтае, Ісус задзівіўся і сказаў спадарожнікам Сваім: — папраўдзе кажу вам: і ў Ізраілю не знайшоў Я гэткаі веры.
Пачуўшы гэта, Езус здзівіўся і сказаў тым, хто ішоў за Ім: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў такой веры.
Кажу-ж вам, што многія прыйдуць з Усходу і Захаду і засядуць з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Ўладарстве Нябесным.
Кажу вам, што многія прыйдуць з усходу і захаду і зоймуць месца за сталом з Абрагамам, Ісаакам і Якубам у Валадарстве Нябесным.
А сыны ўладарства вычыаныя будуць у цьму прадонную; там будзе плач і скрыгат зубоў.
А сыны валадарства будуць выкінуты вон у цемру, там будзе плач і скрыгатанне зубоў».
І сказаў Ісус сотніку: — ідзі, і па веры тваёй няхай станецца табе; і ачуняў слуга яго ў тую-ж гадзіну.
І сказаў Езус сотніку: «Ідзі, і як паверыў, няхай станецца табе». І быў аздароўлены слуга ягоны ў тую ж гадзіну.
Прыйшоўшы ў дом Пятроў, Ісус убачыў цёшчу Пятровую, якая ляжала ў гарачцы.
Калі Езус прыйшоў у дом Пятра, убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы.
І дакрануўся да рукі яе, і гарачка пакінула яе; яна ўстала і паслугоўвала Яму.
Ён дакрануўся да яе рукі, і гарачка пакінула яе, і яна ўстала, і прыслужвала ім.
Пазьней, увечары, прыводзілі да Яго шматлікіх апанаваных злыдухам, і Ён выгнаў злыдухаў словам і ацаліў усіх надужных.
Калі настаў вечар, прывялі да Яго многіх апанаваных злымі духамі. А Ён словам выгнаў духаў і аздаравіў усіх хворых,
Каб збылося сказанае праз прарока Ісайю, які гаворыць: — Ён узяў на Сябе немачы нашыя, і панёс нядугі нашыя.
каб збылося сказанае прарокам Ісаем:«Ён узяў на сябе нашую слабасцьі панёс нашыя хваробы».
Калі Ісус пабачыў мноства народу вакол Сябе і воліў (вучням Сваім) адплысьці на другі бок.
Езус, убачыўшы вакол сябе натоўп, загадаў пераплыць на другі бераг.
Тады адзін кніжнік, падыйшоўшы, сказаў Яму: — Вучыцель! пайду за Табою, куды-б Ты ні йшоў.
Тады адзін кніжнік падышоў і сказаў Яму: «Настаўнік, я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
Ісус кажа яму: — лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае дзе прытуліць галаву.
А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае дзе схіліць галаву».
Іншы-ж, адзін з вучняў Ягоных, сказаў Яму: — Госпадзе! дазволь мне перш пайсьці пахаваць айца майго.
Другі ж з вучняў Ягоных сказаў Яму: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
Але Ісус сказаў яму: — ідзі за Мною і прызнач мёртвым хаваць сваіх нябожчыкаў.
А Езус сказаў яму: «Ідзі за Мною і пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых».
І калі Ён увайшоў у лодку, за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
Калі ўвайшоў у човен, былі з Ім Ягоныя вучні.
І вось усхадзілася вялікая бура на моры, аж хвалі пачалі заліваць лодку; Ён-жа спаў.
І вось, пачалася вялікая бура на моры, так што човен накрывалі хвалі. А Ён спаў.
І, падыйшоўшы, вучні Ягоныя пабудзілі Яго, кажучы: — Госпадзе, ухавай нас — загібаем!
Падышоўшы, яны пабудзілі Яго, кажучы: «Пане, ратуй, мы гінем!»
І кажа ім: — чаго такія баязьліўцы, малаверы? Тады ўстаў, забараніў вятром і мору, і сталася вялікая ціша.
А Ён сказаў ім: «Чаго вы спалохаліся, малаверныя?» Тады, устаўшы, загадаў вятрам і мору, і настала вялікая ціша.
А людзі дзівіліся і гаварылі: Хто-ж ёсьць Ён, што ветры і мора паслушныя Яму?
А людзі дзівіліся і казалі: «Хто Ён такі, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?»
І калі Ён прыбыў на другі бераг, у краіну Гергесінскую, насустрач Яму выйшлі з магілаў двое апанаванных злыдухам, такія лютыя, што ніхто не адважваўся хадзіць той дарогай.
Калі Езус прыплыў на другі бераг, у край гадарэнаў, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магільных пячор, двое апанаваных злымі духамі, вельмі лютыя, так што ніхто не асмельваўся праходзіць той дарогай.
І вось яны закрычалі, кажучы: — што маем мы да Цябе, Сыне Божы? Прыйшоў Ты сюды перадчасна мучыць нас?.
Яны закрычалі: «Што Табе да нас, Сыне Божы? Ты прыйшоў сюды заўчасна мучыць нас?»
Воддаль-жа ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.
Далёка ж ад іх пасвіўся вялікі статак свіней.
І злыдухі прасілі Яго, кажучы: — калі выганіш нас, дык пашлі нас у чараду сьвіньней.
І злыя духі прасілі Яго, кажучы: «Калі выганяеш нас, то пашлі нас у статак свіней».
І сказаў ім: — ідзеце; яны, выйшаўшы, пайшлі ў стада сьвиное; і вось, увесь гурт сьвіньней рынуўся з крутога берагу ў мора, і затануў у вадзе.
Ён сказаў ім: «Ідзіце». Яны выйшлі і ўвайшлі ў статак свіней. Тады кінуўся ўвесь статак з кручы ў мора і загінуў у вадзе.
Пастухі-ж зьбеглі, і, прыйшоўшы ў места, расказалі пра ўсё, і пра тых, апанаваных злыдухамі.
А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, а таксама пра апанаваных злымі духамі.
І вось ўсё места выйшла насустрач Ісусу і, убачыўшы Яго, прасілі, каб адыйшоў за межы іхныя.
Увесь горад выйшаў насустрач Езусу, і, убачыўшы Яго, папрасілі, каб Ён адышоў ад іхніх межаў.