Мацьвея 25 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
Тады Уладарства Нябеснае прыпадобніцца да дзесяцёх дзеваў, якія, узяўшы сьвяцільнікі свае, выйшлі на сустрэчу маладому.
Валадарства Нябеснае будзе падобнае да дзесяці паннаў, якія, узяўшы свае светачы, выйшлі насустрач жаніху.
Пяць з іх было разумных, а пяць недарэкіх.
Пяць з іх былі неразумныя, а пяць — мудрыя.
Недарэкія, узяўшы сьвяцільнікі свае, не ўзялі з сабою алею.
Неразумныя, узяўшы свае светачы, не ўзялі з сабою алею.
Разумныя-ж узялі і алею ў пасудзінах да сьвяцільнікау сваіх.
Мудрыя ж разам са светачамі сваімі ўзялі алей у пасудзіны.
А як малады замарудзіў, то задрамалі ўсе і спалі.
Калі жаніх спазняўся, то задрамалі ўсе і паснулі.
Апоўночы пачуўся моцны голас: — вось малады йдзе! выходзьце на спатканьне яго.
А сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх! Выходзьце яму насустрач”.
Тады ўсталі ўсе дзевы і паправілі сьвяцільнікі свае.
Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак свае светачы.
Няўдалыя-ж сказалі мудрым: — дайце нам вашага алею, бо сьвяцільнікі нашыя гаснуць.
Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”.
Але мудрыя адказалі: — каб не забракла і нам і вам, пайдзеце лепш да гандляроў і купеце сабе.
А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”.
Калі-ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і прыгатаваныя ўвайшлі з ім на вясельную бяседу, і дзьверы былі зачынены.
Калі ж яны пайшлі купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, што былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы.
Потым прыйходзяць і іншыя дзевы і кажуць: — гаспадару, гаспадару, адчыні нам.
Пасля прыйшлі і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”.
Ён-жа сказаў ім у адказ: — запраўды, кажу вам, ня знаю я вас.
А ён адказаў ім: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”.
Дык бадзёрцеся, бо ня ведаеце ні дня ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.
Таму чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны.
Падобна-ж, як чалавек, які, ад’яжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і здаў ім маёмасьць сваю.
Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць.
І аднаму даў пяць талянтаў, іншаму два, іншаму адзін, кажнаму паводле яго здольнасьцяў, і зараз-жа ад'ехаў.
Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў.
Той, які дастаў пяць талянтаў, пусьціў іх у рух і прыдбаў яшчэ пяць талянтаў.
Той, які атрымаў пяць талантаў, пайшоў і пусціў іх у абарот, і зарабіў яшчэ пяць.
Таксама і той, які дастаў два, прыдбаў яшчэ два.
Таксама і той, які атрымаў два, зарабіў яшчэ два.
Той-жа, які дастаў адін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго.
А той, які атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра свайго гаспадара.
Па доўгім часе вярнуўся гаспадар слугаў тых і запатрабаваў у іх разьліку.
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку.
І падыйшоў першы, які дастаў пяць талянтаў і прынёс другія пяць талянтаў, кажучы: — гаспадару, пяць талянтаў ты мне даў, вось яшчэ пяць талянтаў я здабыў іх.
Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: “Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх”.
Гаспадар ягоны сказаў яму: — добра, добры і верны слуга! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падыйшоў таксама і той, які дастаў два талянты, і сказаў: — гаспадару! два талянты даў ты мне, вось другія талянты я прыдбаыў імі.
Падышоў таксама і той, які атрымаў два таланты, і сказаў: “Гаспадар, два таланты ты даў мне, вось яшчэ два таланты зарабіў я”.
Сказаў яму гаспадар ягоны: — добра, слуга добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю.
Гаспадар ягоны сказаў яму: “Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.
Падыйшоў і той, які дастаў адзін талянт, і сказаў: — гаспадару, я ведаў, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпаў.
Падышоў і той, які атрымаў адзін талант, і сказаў: “Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, і збіраеш там, дзе не рассыпаў.
Дык, пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі, вось маеш тваё.
Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось, вазьмі сваё”.
Гаспадар яго сказаў яму ў адказ: — злы слуга і лянівы, ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў.
Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: “Нягодны і лянівы слуга! Ты ведаў, што я жну там, дзе не сеяў, і збіраю там, дзе не рассыпаў.
Дзеля таго надлежала табе аддаць срэбра маё гандлярам, і я, вярнуўшыся, узяў-бы сваё з прыбыткам.
Таму трэба было табе аддаць срэбра маё банкірам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з выгадай.
Дык вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў.
Таму забярыце ў яго талант і дайце таму, хто мае дзесяць талантаў.
Бо ўсякаму, хто мае, дадасца і прыспорыцца, а хто ня мае, адыймецца і тое, што хацеў-бы мець.
Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца. А ў таго, хто не мае, будзе забрана і тое, што мае.
А нягоднага слугу ўкіньце ў процьму вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў; гэта сказаўшы, ўсклікнуў: хто мае вушы, няхай пачуе.
А бескарыснага слугу выкіньце вон у цемру. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
Калі-ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя ангелы з Ім, тады сядзе на Прастоле славы свае.
Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй.
І зьбяруцца прад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад іншых, як пастыр аддзяляе авец ад казлоў.
Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў.
І паставіць авец па правай руцэ, а казлоў па левай.
Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч.
Тады скажа Ўладар тым, якія справаго боку ў Яго: — прыйдзеце дабраславёныя Айца Майго, насьледуйце Ўладарства, прыгатаванае вам ад ставрэньня сьвету.
Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: “Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Бо Я быў галодны, і вы накармілі Мяне, Я меў смагу, і вы напаілі Мяне, быў падарожным, і вы прынялі Мяне.
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
Быў нагі, і вы адзелі Мяне, быў хворы, і вы адведалі Мяне, быу ў вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне.
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне”.
Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: — Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці засмаглым і напаілі.
Тады адкажуць Яму справядлівыя: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці нагім і адзелі?
Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі?
Калі мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы і прыйшлі да Цябе?
Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?”
І ў адказ Уладар скажа ім: — папраўдзе кажу вам: — тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых меншых братоў Маіх, Мне зрабілі.
І Валадар скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”.
Тады скажа і тым, якія налева ад Яго: — ідзеце ад Мяне, праклятыя, ў агонь вечны, прыгатаваны д’яблу і ангелам яго.
Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я быў згаладалы, і вы не далі Мне есьці; хацеў піць, і вы не падалі Мяне.
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
Быў падарожным, і не прынялі Мяне; быў нагі, і не адзелі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і не наведалі Мяне.
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне”.
Тады і тыя скажуць Яму ў адказ: — Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галодным, ці смагнучым, ці падарожнікам, ці нагім, або хворым, або ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?
Тады і яны адкажуць Яму: “Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?”
Тагды адкажа ім, прамоўвіўшы: — папраўдзе кажу вам: калі вы не зрабілі гэтага ніводнаму з гэтых меншых, то не зрабілі і Мне.
А Ён скажа ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне”.
І пойдуць гэтыя на мýку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.
І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».