Мацьвея 2 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Калі-ж Ісус нарадзіўся ў Бэтлеэме Юдэйскім у днёх караля Ірада, вось прыйшлі мудрацы з усходу ў Ерусалім і кажуць:
 
Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу,

Дзе ёсьць народжаны кароль Юдэйскі? Бо мы бачылі зьвязду Ягоную на ўсходзе, і прыйшлі пакланіцца Яму.
 
кажучы: «Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму».

Пачуўшы гэтае, кароль Ірад занепакоіўся, а з ім і ўвесь Ерусалім.
 
Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім.

І склікаўшы першасьвятароў і кніжнікаў народных, выпытваў у іх: дзе прызначана нарадзіцца Хрысту?
 
Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе мае нарадзіцца Хрыстус.

Яны-ж сказалі яму: — У Бэтлеэме Юдэйскім, бо гэтак напісана ў прарока:
 
Яны сказалі яму: «У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам:

І ты, Бэтлеэме, зямля Юдава, нічым ня меншу ў падуладнасьцях Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які зьберажэ народ мой Ізраэльскі.
 
“І ты, Бэтлеем, зямля Юды,нічым не меншы сярод гарадоў Юды,бо з цябе выйдзе Правадыр,які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля”».

Тады Ірад, тайком прызваўшы мудрацоў, выведаў ў іх час зьяўленьня зьвязды.
 
Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі.

І, пасылаючы іх у Бэтлеэм, сказаў: — пайдзеце дакладна разьведайце пра Дзяцёнка, і, калі знойдзеце, паведамеце мне, каб і я мог пайсьці пакланіцца Яму.
 
Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: «Ідзіце і дакладна разведайце пра Дзіця; калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму».

Яны-ж, выслухаўшы караля, адыйшлі; і вось зьвязда, якую бачылі яны на Ўсходзе, ішла перад імі, аж пакуль, дайшоўшы, запынілася над месцам, дзе было Дзіцятка.
 
Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. А зорка, якую бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця.

Угледзеўшы-ж зорку яны ўзрадаваліся радасьцю надзвычайнаю.
 
Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся.

І, увайшоўшы ў будыніну, убачылі Дзіцятка з Марыяй, Маці Ягонаю, і, паўшы ніц, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынясьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.
 
Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра.

Атрымаўшы-ж у сьне перасьцярогу не варачацца да Ірада, іншым шляхам адыйшлі ў краіну сваю.
 
Атрымаўшы ў сне наказ не вяртацца да Ірада, адышлі ў сваю краіну іншай дарогай.

Калі-ж яны адыйшлі, вось Ангел Гасподні зьяўляецца ў сьне Язэпу і кажа: — устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную і бяжы ў Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.
 
Калі адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго».

Ён устаў, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і ўначы пайшоў у Егіпет.
 
Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет.

І быў там да сьмерці Ірада, каб збылося сказанае ад Госпада праз прарока, які гаворыць: — з Егіпту паклікаў Я Сына Майго.
 
Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго».

Тады Ірад, зазнаўшы зьнявагі ад мудрацоў, разьярыўся гневам, і паслаў выбіць у Бэтлеэме і ўсіх ваколіцах яго ўсіх дзяцей ад двух гадоў і ніжэй, по-для часу, выведанага ад мудрацоў.
 
Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, вельмі разгневаўся і паслаў пазабіваць усіх хлопцаў у Бэтлееме ды ва ўсіх ваколіцах яго, ад двух гадоў і менш, паводле часу, які выведаў ад мудрацоў.

Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які гаворыць:
 
Так збылося сказанае прарокам Ераміем:

— голас у Раме чуцён, плач, галашэньне і лямант вялікі: Рахіль плача па дзецях і ня хоча суцешыцца, бо няма ўжо іх. —
 
«Голас у Раме чутны,плач і лямант вялікі.Рахэль аплаквае дзяцей сваіхі не хоча суцешыцца, бо іх няма».

Калі-ж Ірад памёр, вось Ангел Гасподні ў сьне зьяўляецца Язэпу у Егіпце і кажа:
 
Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце

— устань, вазьмі Дзіцятка і Маці Ягоную ды ідзі ў зямлю Ізраілеву, бо зьмерлі тыя, якія шукалі душы Дзіцяці.
 
і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця».

Ён устаўшы, узяў Дзіцятка і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.
 
Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля.

А, дачуўшыся, што ў Юдэі ўладарыць Архелай, на месцы бацькі свайго Ірада, пабаяўся туды ісьці; атрымаўшы-ж вестку ў сьне, пайшоў у краіну Галілейскую.
 
Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю.

І, прыйшоўшы, пасяліўся ў месьце, званым Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў — Ён Назарэем назавецца.
 
А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.