Мацьвея 18 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад Яна Пятроўскага

 
 

У той час падыйшлі да Ісуса вучні Ягоныя, кажучы: — хто ёсьць большы у Ўладарстве Нябесным?
 

Ісус, паклікаўшы дзіця, паставіў яго сярод іх.
 

І сказаў: — папраўдзе кажу вам, калі не навернецеся і ня станеце, як дзеці, ня ўвойдзеце у Ўладарства Нябеснае.
 

Вось-жа, хто зьнізіцца, як гэтае дзіцятка, той большы ёсьць у Ўладарстве Нябесным.
 

І хто прыйме адно з гэткіх малых у Імя Маё, той Мяне прыймае.
 

А хто-б зьняверыў адно з гэтых малых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі жарновы камень на шыю яго і затапілі ў глыбіні морскай.
 

Гора сьвету ад спакусаў, бо хоць мусяць прыходзіць спакусы, але гора таму чалавеку, праз якого спакусы прыходзяць.
 

Калі-ж рука твая ці нага твая спакушае цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: валей табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі ці без нагі, чым з дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у агонь вечны.
 

І калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: валей табе з адным вокам увайсьці ў жыцьцё, ніж з двама вачыма быць укіненым у агонь пякельны.
 

Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых, бо, кажу вам, Ангелы іх у нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.
 

Бо Сын Чалавечы прыйшоў адшукаць і выбавіць загінуўшае.
 

Як вам думаецца? калі-б нехта меў сто авец, і адна з іх заблукалася: ці не пакіне ён дзевяцьдзесят дзевяць у горах, і ці ня пойдзе шукаць заблуканую?
 

І калі ўдасца яму адшукаць яе, то, запраўды кажу вам, ён узрадуецца ёй больш, ніж дзевяцьдзесят дзевяцём незаблуканым.
 

Гэтак, няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.
 

Калі-ж згрэшыць супроць цябе брат твой, пайдзі і вымаві яму між табою і ім адным; калі паслухае цябе, то ты здабыў брата твайго.
 

Калі-ж не паслухае цябе, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сьветак пацьвердзілася ўсякае слова.
 

Калі-ж і іх не паслухае, то скажы царкве, а калі і царквы не паслухае, няхай будзе ён табе як паганін і мытнік.
 

Запраўды кажу вам: усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, і што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе.
 

Таксама праўдзіва кажу вам: калі двое з вас згодныя будуць ў тым, чаго хочуць прасіць, то ўсё, чаго папросяць, дадзена будзе ім ад Айца Майго Нябеснага.
 

Бо калі двое ці трое злучацца ў імя Маё, там і Я пасярод іх.
 

Тады Пётра прыступіў да Яго і сказаў: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, калі ён згрэшыць супраць мяне? ці да сямёх разоў?
 

Ісус кажа яму: — не кажу табе да сямёх, але да сямёх па семдзесят разоў.
 

Дзеля таго Ўладарства Нябеснае падобна да ўладара, які захацеў разлічыцца з слугамі сваімі.
 

Калі-ж ён стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысяч талентаў.
 

І калі ён ня меў чым аддаць, то гаспадар ягоны загадаў прадаць і яго, і жану, і дзяцей іхных, і ўсё, што меў, і заплаціць.
 

Тады слуга той упаў прад ім і, кланяючыся яму, прасіў: гаспадару, пачакай мне, і ўсё табе аддам.
 

Зьлітаваўся гаспадар слугі таго, адпусьціў яго, і дараваў яму доўг.
 

Слуга-ж той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з сяброў сваіх, які быў вінен яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, стаў душыць, кажучы: — аддай мне, што вінен.
 

Тады сябра яго ўпаў да ног ягоных і прасіў яго, кажучы: — пачакай мне, і ўсё аддам табе.
 

Але той не захацеў і пайшоў пасадзіў яго ў вязьніцу, пакуль не аддасьць доўг.
 

Сябры-ж яго, пабачыўшы, што здарылася, моцна засмуціліся і прыйшлі, расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.
 

Тады гаспадар ягоны паклікае яго і кажа яму: — слуга нягодны! увесь доўг той дараваў я табе, бо ты ўпрасіў мяне.
 

Ці-ж не належала і табе зьмілавацца над сябрам тваім, як і я зьмілаваўся над табою?
 

І ўгнявіўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго на катавальнікам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу.
 

Так і Айцец Мой Нябесны ўчыніць вам, калі кажны з вас ад сэрца свайго не адпусьціць брату свайму правінаў ягоных.