Да Габрэяў 5 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Таму што кожны першасвятар, з людзей вы́браны, дзеля людзей ставіцца на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
Бо ўсякі Архісьвятар з людзей бярэцца і для людзей устанаўляецца ў тых справах, якія адносяцца да Бога, каб складаў дары і ахвяры за грахі.
бу́дучы здольны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахоплены не́маччу,
Ён можа спаўбалець з тымі, што грашаць з няведаньня або абману, бо ён і сам адчувае кволасьць.
і таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
І таму павінен нейкім чынам як за народ, так і за сябе самога складаць ахвяры за грахі.
І ніхто сам сабе не надае́ гэтай годнасці, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
Ніхто сам сабе ня возьме гэтай дастойнасьці, але пакліканы Богам, як Аарон.
Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»;
Так і Хрыстус ня сам сябе ўславіў дастойнасьцю стацца архісьвятаром, але той, які сказаў Яму: "Ты сын мой, я сёньня нарадзіў цябе".
як і ў іншым месцы кажа: «Ты святар навек па чыну Мелхіседэкаву».
Як падобна ў іншым месцы Ён кажа: "Ты — сьвятар на век на ўзор Мелхізедэка".
Ён у дні Свайго цялеснага жыцця ўзнёс малітвы і прашэ́нні з ускліка́ннем моцным і са слязьмі Таму, Хто мог збавіць Яго ад смерці, і пачуты быў за глыбокую пашану да Бога;
Ён у дні жыцьця цела свайго моцным голасам і са сьлязамі паручаў малітвы і маленьні свае Таму, каторы мог захаваць Яго ад сьмерці, і выслуханы быў дзеля сваёй богаадданасьці.
хоць і Сын Ён, аднак праз пакуты навучы́ўся паслушэ́нству
І вось, хоць быў Сынам Божым, навучыўся з таго, што перацярпеў, паслухмянасьці і
і, будучы дасканалым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычынаю спасення вечнага,
завяршыўшы муку сьмерцю, стаўся ўсім слухаючым Яго прычынай збаўленьня вечнага,
назва́ны ад Бога Першасвятаром па чыну Мелхіседэкаву.
названы Богам — Архісьвятар на спосаб Мелхіседэка.
Пра гэта мы многае маем сказаць, але цяжка растлума́чыць, бо вы сталі няздо́льнымі слухаць.
Пра Яго многа нам трэба было б гаварыць, але цяжка выясьніць гэта, бо сталіся вы непадатнымі слухаць.
І хоць пара́ ўжо вам самім быць настаўнікамі, але вас зноў трэба вучы́ць першаасно́вам вучэння Божага, і вам зноў патрэ́бна малако, а не цвёрдая ежа.
Адносна часу, дык вы павінны б быць настаўнікамі, а вось вы зноў патрабуеце, каб хто вас вучыў асноўным праўдам слоў Божых, ды вы ж такія, што вам малако належыцца, а не цяжкая страва.
Бо кожны, каго кормяць малаком, той недасве́дчаны ў слове праўды, таму што гэта дзіця;
Кожны з вас малакаед, не сьведам навукі справядлівасьці, бо ён сысун.
а цвёрдая ежа — для дасканалых, у якіх пачуцці вопытам прыву́чаны адрозніваць дабро і зло.
Для дарослых жа цяжкая страва, бо яны праз ужываньне маюць прызвычаены арганізм, каб разабрацца што добрае, а што благое.