Мацьвея 28 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 1999
Калі ж міну́ла субота, на світа́нні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалíна і другая Марыя паглядзе́ць магілу.
Па субоце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
І вось, адбыло́ся вялікае землетрасе́нне: бо Ангел Гасподні, які сышоў з неба, прыступíўшы, адваліў ка́мень ад увахода ў магілу і сядзеў на ім.
І вось страшна затрэслася зямля; бо анёл Госпадаў зыйшоў з неба і адваліў камень, і сеў на ім.
Выгляд жа яго быў, як маланка, і ўбра́нне яго белае, як снег.
А выгляд яго быў як маланка, і адзеньне яго — як сьнег белае.
І ад страху перад ім затрымце́лі вартаўнікí і зрабіліся, як мёртвыя.
Ад страху перад ім астаўбянелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.
Ангел жа, прамаўля́ючы да жанчын, сказаў: не бойцеся вы; бо ведаю, што вы Іісуса распя́тага шукаеце.
А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: "Ня бойцеся; бо ведаю, што ўкрыжаванага Езуса шукаеце.
Яго няма тут; Ён уваскрэс, як і казаў. Падыдзíце, паба́чце месца, дзе ляжаў Гасподзь.
Няма Яго тутака, бо ўваскрос, як і казаў. Хадзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў паложаны.
І хутка ідзіце, скажы́це вучням Яго, што Ён уваскрэс з мёртвых і будзе раней за вас у Галіле́і; там Яго ўбачыце. Вось, я сказаў вам.
Ды скора ідзіце, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых дый ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось я вам сказаў гэта".
І, пайшоўшы хутка ад магілы, яны са страхам і радасцю вялікаю пабеглі абвясцíць вучням Яго.
Дык, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасьцяй пабеглі, каб паведаміць гэта вучням Ягоным.
Калі ж ішлі яны абвясцíць вучням Яго, то вось, Іісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапíлі ногі Яго і пакланíліся Яму.
А вось жа Езус пераняў іх і сказаў: "Вітайце!" Яны ж падыйшлі, упалі да ног Ягоных і пакланіліся Яму.
Тады кажа ім Іісус: не бойцеся; ідзіце, абвясцíце брата́м Маім, каб пайшлі ў Галіле́ю, і там яны ўбачаць Мяне.
Тады Езус сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць".
А пакуль яны ішлі, некаторыя з варты, прыйшоўшы ў горад, паве́дамілі першасвятара́м пра ўсё, што адбыло́ся.
А калі яны адыйшліся ад магілы, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасьвятарам пра ўсё, што здарылася.
І тыя, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нара́ду, няма́ла грошай далí воінам,
Тыя ж сабраліся са старшынямі і, параіўшыся, далі жаўнерам многа грошаў,
ка́жучы: скажы́це, што вучні Яго, уначы́ прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі.
кажучы: "Паведамляйце, што вучні Ягоныя прыйшлі ноччу і ў час сну вашага ўкралі Яго.
І калі чуткі пра гэта дойдуць да правíцеля, мы перакана́ем яго, і вас ад непрые́мнасці пазба́вім.
А калі пра гэта даведаецца намесьнік, мы яго пераканаем, і нічога благога вам ня станецца".
Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі так, як наву́чаны былí. І пране́слася слова гэтае сярод Іудзеяў аж да сённяшняга дня.
Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. Так пашырылася слова гэтае сярод Юдэяў аж па сёньняшні дзень.
Адзіна́ццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару́, куды загадаў ім Іісус.
А Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім быў загадаўшы Езус.
І, убачыўшы Яго, пакланíліся Яму; а іншыя ўсумнíліся.
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.
І, прыступіўшы, Іісус сказаў ім: да́дзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі:
Езус жа, падыйшоўшы да іх, сказаў ім: "Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.
дык ідзіце, навучы́це ўсе народы, хры́сцячы іх у імя́ Айца, і Сына, і Святога Духа,
Дык ідзіце і рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,
ву́чачы іх выконваць усё, што Я запаве́даў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэ́ння веку. Амінь.
вучачы іх берагчы ўсё, што Я вам перадаў. І вось Я з вамі ўсе дні аж да канца сьвету".