Мацьвея 28 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Калі мінуў шабат, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.
 
Па субоце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

І вось стаўся вялікі землятрус, бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім.
 
І вось страшна затрэслася зямля; бо анёл Госпадаў зыйшоў з неба і адваліў камень, і сеў на ім.

Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.
 
А выгляд яго быў як маланка, і адзеньне яго — як сьнег белае.

Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.
 
Ад страху перад ім астаўбянелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.

Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага.
 
А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: "Ня бойцеся; бо ведаю, што ўкрыжаванага Езуса шукаеце.

Яго тут няма, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, пабачце месца, дзе быў пакладзены,
 
Няма Яго тутака, бо ўваскрос, як і казаў. Хадзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў паложаны.

ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос і апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам».
 
Ды скора ідзіце, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых дый ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось я вам сказаў гэта".

І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю яны пабеглі паведаміць вучням Ягоным.
 
Дык, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасьцяй пабеглі, каб паведаміць гэта вучням Ягоным.

А Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: «Вітайце». Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму.
 
А вось жа Езус пераняў іх і сказаў: "Вітайце!" Яны ж падыйшлі, упалі да ног Ягоных і пакланіліся Яму.

Тады Езус сказаў ім: «Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць».
 
Тады Езус сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць".

Калі яны былі ў дарозе, некаторыя з варты прыйшлі ў горад і паведамілі першасвятарам пра ўсё, што сталася.
 
А калі яны адыйшліся ад магілы, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасьвятарам пра ўсё, што здарылася.

Тыя сабраліся са старэйшынамі, параіліся і далі жаўнерам даволі шмат срэбранікаў,
 
Тыя ж сабраліся са старшынямі і, параіўшыся, далі жаўнерам многа грошаў,

кажучы: «Скажыце, што вучні Ягоныя прыйшлі ўначы і выкралі Яго, калі мы спалі.
 
кажучы: "Паведамляйце, што вучні Ягоныя прыйшлі ноччу і ў час сну вашага ўкралі Яго.

А калі гэта дойдзе да вушэй намесніка, мы пераканаем яго і ўратуем вас ад непрыемнасцяў».
 
А калі пра гэта даведаецца намесьнік, мы яго пераканаем, і нічога благога вам ня станецца".

Яны ж узялі срэбранікі і зрабілі так, як іх навучылі. І разнеслася чутка пра гэта сярод юдэяў аж да сённяшняга дня.
 
Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. Так пашырылася слова гэтае сярод Юдэяў аж па сёньняшні дзень.

Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус.
 
А Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім быў загадаўшы Езус.

І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся.
 
І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: «Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі.
 
Езус жа, падыйшоўшы да іх, сказаў ім: "Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.

Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога.
 
Дык ідзіце і рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,

Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку».
 
вучачы іх берагчы ўсё, што Я вам перадаў. І вось Я з вамі ўсе дні аж да канца сьвету".