Мацьвея 23 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Чарняўскага 1999

 
 

Тады Езус прамовіў да натоўпу і сваіх вучняў:
 
Тады зьвярнуўся Езус да людзей і да вучняў сваіх

«Пасад Майсея занялі кніжнікі і фарысеі.
 
і казаў: "На пасадзе Майсеевым заселі кніжнікі і фарысэі.

Таму ўсё, што скажуць вам, рабіце і захоўвайце, але не паступайце паводле ўчынкаў іхніх. Бо яны гавораць і не робяць.
 
Дык усё, што яны вам скажуць, беражыце і рабіце, але не рабіце паводле ўчынках іхніх; бо яны вучаць, а так ня робяць.

Яны звязваюць цяжкія і непасільныя ношы і ўскладаюць на плечы людзей, а самі не хочуць і пальцам крануць іх.
 
Бо яны вяжуць цяжкія і непасільныя бярэмі ды ўскладаюць на плечы людзей, а самі і пальцам сваім ня хочуць за іх узяцца.

Усе ж учынкі свае робяць яны дзеля таго, каб паказацца людзям. Яны пашыраюць філактэрыі свае і павялічваюць махры.
 
Яны ўсё робяць, каб паказацца людзям: павялічваюць філяктэрыі свае і апускаюць краі адзеньня свайго,

Любяць першыя месцы на гасцінах і першыя лавы ў сінагогах,
 
ахвотна займаюць першыя месцы на балях і першыя лаўкі ў сынагогах,

і прывітанні на рынках, і каб людзі называлі іх “раббі”.
 
любяць прывітаньні на рынку, ды каб іх людзі называлі: Раббі.

Вы ж не дазваляйце называць сябе раббі, бо адзін у вас Настаўнік, а ўсе вы — браты.
 
Вы ж не называйцеся Раббі, бо адзін Настаўнік ваш, а вы ўсе — браты.

І айцом вашым не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец Нябесны.
 
І айцом не называйце нікога на зямлі, бо адзін Айцец ваш, нябесны.

Не дазваляйце таксама называць сябе правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстус.
 
Ані настаўнікамі не называйцеся, бо адзін ваш Настаўнік — Хрыстос.

Большы з вас няхай будзе для вас слугою.
 
Хто большы ў вас, хай будзе вашым слугой.

Бо той, хто ўзвышае сябе, будзе прыніжаны, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны.
 
Бо хто сябе ўзвышае, той будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што зачыняеце Валадарства Нябеснае перад людзьмі! Бо самі не ўваходзіце і, калі ўваходзяць іншыя, не пускаеце іх.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што зачыняеце Каралеўства Нябеснае людзям; і самі не ўваходзіце, і ідучых не пускаеце ўвайсьці.

[отсутсвует]
 
Гора вам кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што аб'ядаеце дамы ўдоваў пад відам доўгіх маленьняў, дзеля таго напаткае вас жорсткі прысуд.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што абыходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго новага верніка. Калі ж гэта здараецца, робіце яго сынам геены, удвая горшым, чым вы самі!
 
Гора вам, кніжнікі, і фарысэі крывадушнікі, што аб'язджаеце моры і сухмяні, каб здабыць аднаго празэліта. А калі ім станецца, робіце яго сынам пекла, удвая горшым за сябе.

Гора вам, сляпыя павадыры, якія кажаце: “Калі хто клянецца святыняй, то нічога; але калі хто клянецца золатам святыні, то абавязаны”.
 
Гора вам, сьляпыя правадыры, што кажаце: "Хто прысягае на сьвятыню, гэта нічога, а калі хто прысягае на золата сьвятыні, споўніць павінен".

Неразумныя і сляпыя! Што большае: золата ці святыня, якая асвячае золата?
 
О дурныя і сьляпыя! Бо што важнейшае: золата ці сьвятыня, якая ўсьвячае золата?

І зноў: “Калі хто клянецца ахвярнікам, то нічога; а калі клянецца дарам, што на ім, то абавязаны”.
 
Ды: "Хто прысягае на аўтар, гэта нічога, але хто прысягае на ахвяру, на ім складзеную, споўніць павінен".

Сляпыя! Што большае? Дар ці ахвярнік, які асвячае дар?
 
Сляпыя! Што ж важнейшае: ахвяра ці аўтар, які яе ўсьвячае?

Таму той, хто клянецца ахвярнікам, клянецца і ім, і ўсім, што на ім.
 
Хто затым прысягае на аўтар, прысягае на яго ды на ўсё, што на ім.

І той, хто клянецца святыняю, клянецца і ёю, і тым, хто жыве ў ёй.
 
Бо хто прысягнуў на сьвятыню, прысягае на яе ды на Таго, хто ў ёй пражывае.

А хто клянецца небам, клянецца тронам Божым і тым, хто сядзіць на ім.
 
А хто прысягае на неба, прысягае на трон Божы і на Таго, хто на ім сядзіць.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што даяце дзесяціну з мяты, анісу і кмену, але абмінаеце тое, што важнейшае ў Законе: правасуддзе, міласэрнасць і веру! Гэта трэба было рабіць і таго не абмінаць.
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што даецё дзесяціну з мяты, кропу і кмену, а прапускаеце тое, што важнейшае ў Законе: суд, міласэрдзе і веру. І гэта трэба выпаўніць, і тога не пакідаць.

Сляпыя павадыры, якія адцэджваеце камара, а праглынаеце вярблюда.
 
Сьляпыя правадыры, што працэджваеце камара, а глытаеце вярблюда.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што звонку ачышчаеце кубак і місу, а ўнутры яны поўныя драпежнасці і нястрыманасці!
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, што абмываеце чашу і місу звонку, а ўнутры поўныя зьдзерства ды нячыстасьці.

Сляпы фарысей, спачатку ачысці кубак унутры, каб ён стаў чыстым і звонку.
 
Фарысэй сьляпы! Абмый перш нутро чашы і місы, каб тое, што звонку, сталася чыстым.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, бо вы падобныя да пабеленых пахавальняў, якія звонку здаюцца прыгожымі, але ўнутры поўныя касцей нябожчыкаў і ўсялякай нячыстасці!
 
Гора вам, кніжнікі і фарысэі крывадушнікі, бо вы падобныя да магілаў пабеляных, што навонкі паказваюцца людзям прыгожымі, а ўнутры поўныя касьцей трупаў і ўсякага гнільля.

Так і вы звонку здаяцеся людзям справядлівымі, але ўнутры поўныя крывадушша і беззаконня.
 
Так і вы навонкі выдаяцеся людзям справядлівымі, а ўнутры поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

Гора вам, кніжнікі і фарысеі, крывадушнікі, таму што ўзносіце грабніцы прарокам і ўпрыгожваеце магілы праведнікаў,
 
Гора вам, кніжнік і фарысэі крывадушнікі, каторыя будуеце магілы прарокам і аздабляеце помнікі справядлівых,

кажучы: “Калі б мы жылі ў дні айцоў нашых, то не былі б саўдзельнікамі ў праліцці крыві прарокаў”!
 
кажучы: "Каб мы жылі ў дні бацькоў нашых, не былі б супольнікамі тых, што пралівалі кроў прарокаў".

Так вы сведчыце супраць саміх сябе, што вы сыны тых, хто забіваў прарокаў.
 
І так вы самі сьведчыце, што вы — сыны тых, што забілі прарокаў.

Дапоўніце ж меру сваіх айцоў.
 
І вы дапоўніце мерку бацькоў вашых.

Вужы, пакаленне змяінае, як вы пазбегнеце прысуду да геены?
 
Гадзіны, зьмяінае племя! Няўжо ўсьцеражыцёся прысуду пекла?

Таму Я пасылаю да вас прарокаў, мудрацоў і кніжнікаў. Адных з іх вы пазабіваеце і ўкрыжуеце, а другіх будзеце бічаваць у сінагогах сваіх і будзеце гнаць з горада ў горад.
 
Таму пасылаю Я да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў, і многіх з іх зб'ецё, і ўкрыжуеце, а іншых будзеце бічаваць у сынагогах вашых, ды будзеце гнаць іх з гораду ў горад,

Так упадзе на вас уся праведная кроў, пралітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абэля аж да крыві Захарыі, сына Барахіі, якога вы забілі паміж святыняй і ахвярнікам.
 
аж спадзе на вас кроў усіх справядлівых, разьлітая на зямлі, ад крыві справядлівага Абеля аж да крыві Захара, сына Барахія, якога вы забілі між сьвятыняй і аўтаром.

Сапраўды кажу вам: усё гэта ўпадзе на гэтае пакаленне.
 
Сапраўды кажу вам: Спадзе гэта ўсё на пакаленьне гэтае.

Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе. Колькі разоў Я хацеў сабраць дзяцей тваіх, як птушка збірае пад крыламі птушанят сваіх, але вы не захацелі!
 
Ерузалім, Ерузалім, каторы забіваеш прарокаў ды камянуеш тых, што да цябе пасланыя. Колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх як кураводка зьбірае пісклянят сваіх пад свае крылы, але ты не захацеў.

Вось, застаецца вам дом ваш пусты!
 
Таму дом ваш стане пустым.

Бо кажу вам: адгэтуль не ўбачыце Мяне, пакуль не ўсклікнеце: “Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана!”»
 
Бо кажу вам, ня ўбачыце Мяне датуль, пакуль ня скажаце: "Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада".