Да Габрэяў 6 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Дык вось, адкла́ўшы нача́ткі вучэння Хрыстовага, будзем імкну́цца да даскана́ласці, а не закладаць нано́ва падмурка, гаворачы пра пакаянне ў мёртвых справах і пра веру ў Бога,
 
Дзеля таго, мінуўшы пачаткі слова Хрыстовага, уздымемся да спраў больш дасканалых, не беручыся зноў закладваць падмуркі адносна пакуты за мёртвыя ўчынкі і адносна веры ў Бога,

пра вучэнне аб хрышчэннях, пра ўскладанне рук, пра ўваскрасенне мёртвых і пра суд вечны.
 
навукі аб хросце, а таксама ўскладанні рук, уваскрэсенні і вечным судзе.

Зробім і гэта, калі Бог дазволіць.
 
І гэта зробім, калі Бог дазволіць.

Бо немагчыма тых, што аднойчы прасвяціліся, і паспыта́лі да́ру нябеснага, і сталі супо́льнікамі Духа Святога,
 
Бо немагчыма, каб тыя, што ўжо раз былі асвечаны, што таксама пакаштавалі дару нябеснага ды сталіся ўдзельнікамі Духа Святога,

і паспыта́лі добрага слова Божага і сіл будучага веку,
 
якія добра пакаштавалі Божае слова і магутнасць будучага веку

і адпалі, — зноў абнаўляць пакаяннем, калі яны зноў распінаюць у сабе Сына Божага і зневажаюць Яго.
 
ды адпалі, крыжуючы ізноў у саміх сабе Сына Божага і зневажаючы Яго, маглі быць адноўленыя да навяртання.

Бо зямля, якая напо́йваецца частымі дажджамі і родзіць расліны на карысць тым, дзеля каго яна і абрабля́ецца, атры́млівае благаславенне ад Бога;
 
Бо зямля, што напойваецца частым дажджом і родзіць расліны на карысць тым, якія яе абрабляюць, атрымлівае дабраславенства ад Бога.

а тая, што прыносіць церні і бадзякí — нягодная і блізкая да пракляцця, вынік якога — спале́нне.
 
А калі родзіць церні і пустазелле, дык яна непрыдатная і на праклён, і канец яе — спаленне.

А што да вас, узлю́бленыя, то спадзяёмся, што вы ў лепшым стане і трыма́ецеся спасення, хоць мы і гаворым так.
 
Спадзяёмся адносна вас, найдаражэйшыя, што вы лепшыя і бліжэйшыя да збаўлення, хоць мы і гаворым гэтак.

Бо не няправедны Бог, каб забыць справу вашу і працу любові, якую вы праявілі ў імя́ Яго, паслужы́ўшы і слу́жачы святым.
 
Бо Бог справядлівы і не забудзе ўчынкаў вашых і любові, якую выказалі вы дзеля імя Яго, вы, што паслугавалі і паслугуеце святым.

Жадаем жа, каб кожны з вас, дзеля ўпэўненасці ў здзяйсненні надзеі, праяўляў такую самую руплівасць да канца;
 
Жадаем, каб кожны з вас выявіў такую ж руплівасць ва ўдасканаленні надзеі аж да канца,

каб вы не сталі лянівымі, а былі перайма́льнікамі тых, якія вераю і доўгацярплівасцю атрымліваюць у спадчыну абяцанае.
 
каб не сталіся вы лянівымі, але сапраўднымі паслядоўнікамі тых, якія вераю і цярплівасцю бяруць у спадчыну абяцанне.

Бо даючы́ абяцанне Аўрааму, Бог, паколькі не мог нікім вышэйшым паклясціся, то кляўся Самім Сабою,
 
Бо Бог, даючы абяцанне Абрагаму, не маючы нікога вышэйшага, каб мог  ім прысягнуць, прысягнуў Самім Сабою,

кажучы: «сапраўды, благаслаўля́ючы благаслаўлю́ цябе і, размнажа́ючы размножу цябе».
 
кажучы: «Дабраслаўляючы, дабраслаўлю цябе і, памнажаючы, памножу цябе».

І так Аўраам, праявіўшы доўгацярплівасць, атрыма́ў абяца́нае.
 
І так, доўгі час чакаючы, атрымаў абяцанае.

Людзі клянуцца вышэйшым, і кожная спрэчка іх зака́нчваецца клятвай дзеля сцвярджэ́ння.
 
Бо людзі вышэйшым ад сябе прысягаюць, і кожная спрэчка паміж імі канчаецца прысягаю на сцвярджэнне.

Таму і Бог, жадаючы выразней паказаць спадкаемцам абяцання нязменнасць Сваёй волі, замацаваў яго клятвай,
 
Дзеля таго і Бог, хочучы для спадкаемцаў абяцання больш выявіць непарушнасць Свайго намеру, скарыстаўся прысягай,

каб у дзвюх нязме́нных рэчах, у якіх не можа Бог салгаць, цвёрдае суцяшэнне мелі мы, пабегшы, каб ухапіцца за надзею, якая перад намі
 
каб праз дзве нязменныя рэчы, у якіх немагчыма, каб Бог казаў няпраўду, мелі мы моцную ўцеху, мы, што збягаемся, каб узяць дадзеную нам надзею,

і якая нам для душы́ нібы якар трывалы і моцны, што ўваходзіць унутр за заслону,
 
якую маем як якар душы, бяспечны і пэўны, які пранікае аж за заслону,

куды як папярэднік увайшоў дзеля нас Іісус, стаўшы Першасвяшчэннікам навек па чыну Мелхіседэкаву.
 
куды за нас як папярэднік увайшоў Ісус, на ўзор Мэльхісэдэха стаўшыся Першасвятаром навек.