Да Габрэяў 1 разьдзел
Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012
Бог, Які шмат разоў і многімі спосабамі здаўна прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў,
Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў.
у гэтыя апошнія дні прамовіў нам праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога і вякі стварыў.
У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі.
Ён, будучы ззяннем славы і адлюстраваннем істоты Яго і трымаючы ўсё словам сілы Сваёй, здзейсніўшы Сабою ачышчэнне грахоў нашых, сеў праваруч прастола велічы ў вы́шніх,
Ён — водбліск славы і вобраз Яго істоты, Які трымае ўсё словам магутнасці Сваёй і, здзейсніўшы [праз Сябе] ачышчэнне грахоў, сядзіць праваруч велічы на вышынях,
настолькі пераўзыходзячы ангелаў, наколькі выда́тнейшае за іх унасле́даваў імя́.
настолькі вышэйшы за анёлаў, наколькі вышэйшае ад іх дастаў у спадчыне імя.
Бо каму з ангелаў калі-небудзь сказаў Бог: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»?
Бо каму з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Ты — Сын Мой, Я Цябе сёння спарадзіў»? Або зноў: «Я буду Яму Айцом, а Ён будзе Мне Сынам»?
Таксама, калі ўводзіць Першароднага ў свет, кажа: «і няхай пакло́няцца Яму ўсе ангелы Божыя».
А калі зноў уводзіць Першароднага ў свет, кажа: «І будуць пакланяцца Яму ўсе Божыя анёлы».
Пра ангелаў сказана: «Ты робіш ангеламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя вогненнае».
А да анёлаў вось што кажа: «Ён творыць анёламі Сваімі духаў і паслугачамі Сваімі полымя агню».
А пра Сына: «прастол Твой, Божа, у век веку; жазло́ царства Твайго — жазло справядлівасці.
А да Сына: «Пасад Твой, Божа, на векі вечныя, і жазло справядлівасці — жазло валадарства Твайго.
Ты ўзлюбіў праведнасць і ўзненавідзеў беззаконне; таму пама́заў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх»;
Узлюбіў Ты справядлівасць і ўзненавідзеў беззаконне, таму намасціў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасці больш за супольнікаў Тваіх».
і: «у пачатку Ты, Госпадзі, заснаваў зямлю, і нябёсы — справа рук Тваіх;
І: «Госпадзе, напачатку заснаваў Ты зямлю, і неба — стварэнне рук Тваіх.
яны загінуць, а Ты застане́шся; і ўсе, як адзежа, састарацца,
Яны загінуць, а Ты застанешся, і ўсе яны, як вопратка, састарэюць,
і, як вопратку, згорнеш іх, і яны зме́няцца; а Ты — той самы, і гады́ Твае не скончацца».
і, як шаты, скруціш іх, і яны пераменяцца. А Ты Той самы, і гады Твае не скончацца».
Каму з ангелаў сказаў калі-небудзь Бог: «сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?
Да каго ж з анёлаў сказаў Ён калісьці: «Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль не пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае»?
Хіба не ўсе яны — службовыя духі, пасла́ныя на служэнне дзеля тых, якія маюць унасле́даваць спасе́нне?
Ці ж не ўсе яны ёсць паслугуючыя духі, пасланыя на паслугу тым, якія атрымаюць у спадчыну збаўленне?