Да Габрэяў 12 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2012

 
 

Таму і мы, вакол сябе маючы такое вялікае воблака све́дкаў, скінем усякі цяжа́р і грэх, які з лёгкасцю апу́твае нас, і цярпліва будзем здзяйсня́ць прызна́чаны нам подзвіг,
 
Дзеля таго і мы, маючы вакол сябе такое мноства сведкаў, адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, што акручвае нас, будзем цярпліва бегчы ў вызначаным нам змаганні,

гле́дзячы на Правадыра́ і Здзяйсня́льніка веры, Іісуса, Які, замест той радасці, якая была перад Ім, перацярпе́ў крыж, не зважа́ючы на га́ньбу, і сеў праваруч прастола Божага.
 
гледзячы на пачынальніка і завяршыцеля веры, Ісуса, Які замест радасці, што была перад Ім, перанёс крыж, не дбаючы пра ганьбу, і сеў праваруч пасада Божага.

Так што думайце пра Таго, Хто перацярпе́ў ад грэшнікаў такую да Сябе варожасць, каб вы не знемаглí і не аслабе́лі ду́шамі вашымі.
 
Разважце тады пра Таго, Які з боку грэшнікаў перанёс такую страшную нянавісць адносна Сябе, каб і вы не аслабелі, калі ў вас сілы душы не стане.

Вы яшчэ не да крыві змагаліся ў супрацьстая́нні граху́
 
Вы яшчэ не да крыві ваявалі, змагаючыся супраць граху,

і забылі настаўле́нне, якое да вас як да сыноў зве́рнута: «сыне мой! не будзь легкадумны ў адносінах да пакарання ад Госпада і не знемага́й, калі Ён выкрыва́е цябе.
 
і забыліся аб перасцярозе, якую вам, як дзецям, дае: «Сыне мой, не грэбуй карай Госпада, не падай духам, калі Ён цябе выпрабоўвае;

Бо Гасподзь, каго любіць, таго карае, і б’е кожнага сына, якога прымае».
 
Бо каго Госпад любіць, таго і карае, ды б’е кожнага сына, якога прымае».

Калі вы церпіце́ пакаранне, то Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. А хіба́ ёсць такі сын, якога б не караў бацька?
 
Калі вы церпіце кары, дык Бог абыходзіцца з вамі як з сынамі. Які ж гэта быў бы сын, каб яго бацька не навучаў?

Калі ж застаяце́ся без пакарання, якому падляга́юць ўсе, то вы — незаконныя дзеці, а не сыны.
 
Але калі вы застанецеся без кары, — а ўсе павінны быць пакаранымі, — то гэта значыць, што не сыны вы, а байструкі.

Прытым, калі мы, кара́ныя бацька́мі нашымі па плоці, шанавалі іх, то хіба́ ж не намнога больш мы павінны быць пакорнымі Айцу духаў, каб жыць?
 
Адсюль, калі мы мелі бацькоў цела нашага, якія нас вучылі, і шанавалі іх, дык ці не шмат больш павінны мы падпарадкоўвацца Айцу духаў і жыць?

Бо яны каралі нас паводле свайго разумення на нямногія дні; а Ён — на карысць нам, каб мы сталі супольнікамі святасці Яго.
 
І тыя навучалі нас, як ім здавалася, на кароткі час, Той жа робіць для дабра нашага, каб зрабіць нас супольнікамі Сваёй святасці.

Усякае пакаранне ў цяперашні час здаецца не радасцю, а смуткам, але пазней тым, хто праз яго наву́чаны, яно дае мірны плод праведнасці.
 
Усякае пакаранне цяпер падаецца не радасцю, а сумам, але пасля навучаным праз яго дасць добры плод справядлівасці.

Таму ўмацу́йце апу́шчаныя рукі і аслабе́лыя калені
 
Дзеля таго «зрабіце дужымі рукі аслабелыя і калені самлелыя»,

і прамыя сцежкі рабіце нагам вашым, каб кульгавае не вывіхнулася, а лепш ацалілася.
 
і «проста рабіце крокі нагамі вашымі, каб хто кульгавы не спрывіліў нагу, а лепш паздаравеў».

Імкнíцеся да міру з усімі і да святасці, без якой ніхто не ўбачыць Госпада;
 
Будзьце ў згодзе з усімі і ўсвячайцеся, бо без гэтага ніхто не ўбачыць Бога.

будзьце пільнымі, каб хто не страціў благадаці Божай; каб які горкі корань, выраста́ючы, не нарабіў шкоды і каб праз яго не апаганіліся многія;
 
Пільнуйцеся, каб не згубіў хто ласкі Божай, каб які горкі корань, вырасшы ўверх, не заглушыў яе, і праз гэта каб не спракудзіліся многія,

каб не было сярод вас такога блудніка́ альбо бязбожніка, як Ісаў, які за адну страву аддаў першародства сваё.
 
каб не стаў хто распуснікам або легкадумным, як той Эзаў, які за адну страву выракся свайго першародства.

Бо вы ведаеце, што і пасля таго ён, жада́ючы ўнасле́даваць благаславенне, быў адве́ргнуты, таму што не знайшоў магчымасці перамяніць рашэнне бацькі, хоць і шукаў гэтага са слязьмі.
 
Бо ведаеце, што пасля, жадаючы ўспадкаеміць дабраславенства, быў адхілены, і не знайшоў месца навяртання, хоць і шукаў яго са слязамі.

Вы ж наблізіліся не да гары, да якой можна дакрануцца, не да агню палаючага, і змроку, і цемры, і буры,
 
Бо вы не прыступіліся да гары дакранальнай і палаючага агню, і шалеючага ветру ды туману і буры,

не да трубнага гуку і гучання слоў, пачуўшы якія, усе прасілі, каб нічога больш да іх не прамаўлялася,
 
і гуку трубы, і гоману слоў, ад якога чуўшыя прасіліся, каб не гаварылася да іх слова.

бо яны не маглі вы́трываць таго, што было́ зага́дана: «нават калі звер дакранецца да гары, ён будзе пабіты камянямі (альбо працяты стралою);
 
Бо не вытрымалі таго, што ім загадана было: «Нават калі жывёла дакранецца да гары, будзе ўкаменавана».

і такім страшным было гэтае відовішча, што Маісей сказаў: «я ў страху і трымценні».
 
І так страшным было тое, што бачылі, што Майсей сказаў: «Перапалоханы я і ў трымценні».

А наблізіліся вы да гары Сіён і да горада Бога жывога, да нябеснага Іерусаліма і да незлічонага мноства ангелаў,
 
Але вы прыступіліся да гары Сіёна і горада Бога жывога, нябеснага Ерузаліма і безлічы анёлаў, да зграмаджэння

да ўрачыстага сабору і Царквы першынцаў, запісаных на нябёсах, і да Суддзі ўсіх — Бога, і да духаў праведнікаў, якія дасягнулі дасканаласці,
 
і да Царквы першародных, якія запісаны ў небе, і да Бога, Суддзі ўсіх, і да духаў справядлівых, што дасягнулі дасканаласці,

і да Пасрэдніка новага запавету — Іісуса, і да Крыві акрапле́ння, якая прамаўляе лепш, чым Авелева.
 
і да Пасярэдніка Новага Запавету, Ісуса, да крыві акраплення, што мацней за кроў Абэля прамаўляе.

Глядзіце, не адмаўляйцеся слухаць Таго, Хто гаворыць. Бо калі не пазбеглі пакарання тыя, што адмовіліся слухаць таго, хто прамаўляў на зямлі, то тым больш не пазбегнем мы, калі адве́рнемся ад Таго, Хто прамаўляе з нябёс,
 
Глядзіце, не адвярніцеся ад Крыві, што заклікае вас. Бо калі тыя не ўцяклі ад кары, адвярнуўшыся ад таго, які гаварыў на зямлі, то тым больш мы, калі адвернемся ад Таго, Які да нас з неба гаворыць.

Таго, Чый голас тады пахіснуў зямлю, і Хто цяпер паабяцаў, кажучы: «яшчэ раз пахісну́ не толькі зямлю, але і неба».
 
Голас Яго страсянуў тады зямлю, а цяпер абвяшчае, кажучы: «Яшчэ раз страсяну і ўстрасу не толькі зямлю, але і неба».

А словы «яшчэ раз» азначаюць перамяне́нне таго, што будзе пахíснута, як створанае, каб засталося непахіснае.
 
Што кажа «яшчэ раз», дык абвяшчае змяненне рухомых рэчаў, каб засталіся толькі нерухомыя.

Дык вось, прымаючы Царства непахіснае, будзем захоўваць благадаць і ёю служы́ць Богу так, як Яму даспадобы, з набо́жнасцю і страхам,
 
Дык вось, каб атрымаць валадарства непарушнае, будзьма мець ласку, праз якую, падабаючыся Богу, будзем служыць Яму з ушанаваннем і страхам.

таму што Бог наш — гэта агонь знішча́льны.
 
Бо Бог наш — гэта агонь паглынаючы.