Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Чарняўскага 2017
Браты! калі і ўпадзе чалавек у нейкае саграшэнне, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, пільнуючы кожны сябе, каб не быць спаку́шаным.
Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным.
Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак вы́канаеце закон Хрыстоў.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў.
Бо хто лічыць сябе не́чым, будучы нічы́м, той ашуквае самога сябе.
Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
Кожны няхай вывярае свае дзе́янні, і тады будзе мець падставу для пахвалы́ толькі ў самім сабе, а не ў іншым,
Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
бо кожны панясе сваю но́шу.
Кожны бо панясе свой уласны цяжар.
Той, каго настаўляюць словам, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.
Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
Не ашуквайце сябе: Бог асмяя́ны быць не можа. Што пасее чалавек, тое і пажне́:
Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
хто сее ў плоць сваю, той ад плоці пажне́ тленнасць; а хто сее ў дух, той ад духа пажне́ жыццё вечнае.
бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
Робячы дабро, не будзем падаць духам, бо ў свой час пажнём, калі не аслабе́ем.
Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем.
Дык вось, пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.
Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
Тыя, што хочуць падаба́цца паводле плоці, прымуша́юць вас абрэ́звацца толькі дзеля таго, каб ім пазбе́гнуць ганенняў за крыж Хрыстоў,
Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў.
бо і самі абрэ́заныя не выконваюць закону, але хочуць, каб вы абрэ́зваліся, каб пахвалíцца ў вашай плоці;
Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
а я не хачу хваліцца нічым, толькі крыжам Госпада нашага Іісуса Хрыста, Якім для мяне свет распяты, і я для свету.
А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е значэння ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а новае стварэ́нне.
Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне.
І усім, хто трыма́ецца гэтага правіла, мір ім і міласць, і Ізраілю Божаму.
І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму.
У астатнім няхай ніхто не турбуе мяне, бо я нашу́ раны Госпада Іісуса на целе маім.
Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса.
Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амінь.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.