Да Галятаў 6 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Браты! калі і дапусьціць чалавек якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, зважаючы кожны на сябе, каб ня дацца спакусе.
Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і табе не быць спакушаным.
Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.
Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выканайце закон Хрыстоў.
Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе.
Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым,
Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў іншым.
бо кожны панясе свой цяжар.
Кожны бо панясе свой уласны цяжар.
Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.
Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
Ня крывеце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне:
Не падманвайце сябе: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа пажне жыцьцё вечнае.
бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.
Не журымася, робячы дабро, бо ў свой час і жаць будзем, калі не саслабеем.
Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.
Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.
Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.
Гляньце, якімі вялікімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца толькі дзеля таго, каб унікнуць ганеньняў за крыж Хрыстовы,
Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстоў.
бо і самі абрэзаныя ня трымаюцца закона, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца ў вашай плоці;
Але і тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закону, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
а я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету.
А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а новае стварэньне.
Бо ў Ісусе Хрысце не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, але новае стварэнне.
Тым, якія чыняць у згодзе з гэтым правілам, мір ім і міласьць, і Ізраілю Божаму.
І хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Ізраэлю Божаму.
У астатнім, хай ніхто не стурбуе мяне, бо я нашу раны Ісусавыя на целе маім.
Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Госпада Ісуса.
Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.