Да Галятаў 6 разьдзел

Пасланьне да Галятаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Браты! калі і ўпадзе чалавек у нейкае саграшэнне, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, пільнуючы кожны сябе, каб не быць спаку́шаным.
 
Браты, нават калі чалавек будзе схопленым у якой-небудзь правіннасці, — вы, духоўныя, выпраўляйце такога ў духу лагоднасці, наглядаючы за сабою, каб і табе не быць спакушаным.

Насіце цяжа́ры адзін аднаго, і гэтак вы́канаеце закон Хрыстоў.
 
Насіце цяжары адзін аднаго, і так выканаеце закон Хрыстоў.

Бо хто лічыць сябе не́чым, будучы нічы́м, той ашуквае самога сябе.
 
Бо, калі хто думае, што ён нешта, калі ён нішто, то ашуквае самога сябе.

Кожны няхай вывярае свае дзе́янні, і тады будзе мець падставу для пахвалы́ толькі ў самім сабе, а не ў іншым,
 
Але кожны няхай правярае сваю дзейнасць і тады будзе мець хвалу толькі ў сабе, а не ў іншым;

бо кожны панясе сваю но́шу.
 
бо кожны панясе ўласны цяжар.

Той, каго настаўляюць словам, няхай дзе́ліцца ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.
 
А той, хто навучаецца ў слове, няхай дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае.

Не ашуквайце сябе: Бог асмяя́ны быць не можа. Што пасее чалавек, тое і пажне́:
 
Не ашуквайцеся: з Бога не пасмяешся. Бо што пасее чалавек, тое і пажне;

хто сее ў плоць сваю, той ад плоці пажне́ тленнасць; а хто сее ў дух, той ад духа пажне́ жыццё вечнае.
 
бо той, хто сее дзеля свайго цела, пажне ад цела тленне; а той, хто сее дзеля духа, пажне ад духа жыццё вечнае.

Робячы дабро, не будзем падаць духам, бо ў свой час пажнём, калі не аслабе́ем.
 
І, робячы дабро, не будзем журыцца, бо ў свой час пажнём, калі не аслабеем.

Дык вось, пакуль ёсць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.
 
Дык пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім па веры.

Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.
 
Паглядзіце, якімі вялікімі літарамі я напісаў вам сваёю рукой.

Тыя, што хочуць падаба́цца паводле плоці, прымуша́юць вас абрэ́звацца толькі дзеля таго, каб ім пазбе́гнуць ганенняў за крыж Хрыстоў,
 
Усе тыя, хто хоча пакрасавацца целам, прымушаюць вас абразацца, толькі каб не быць ім гнаным за крыж Хрыстоў.

бо і самі абрэ́заныя не выконваюць закону, але хочуць, каб вы абрэ́зваліся, каб пахвалíцца ў вашай плоці;
 
Бо тыя, хто абрэзваецца, і самі не пільнуюць закона, але хочуць, каб вы абрэзаліся, каб пахваліцца вашым целам.

а я не хачу хваліцца нічым, толькі крыжам Госпада нашага Іісуса Хрыста, Якім для мяне свет распяты, і я для свету.
 
Няхай не будзе таго, каб я хваліўся чым-небудзь, хіба толькі крыжам нашага Госпада Ісуса Хрыста, Якім для мяне свет укрыжаваны, і я — для свету.

Бо ў Хрысце Іісусе не ма́е значэння ні абрэ́занне, ні неабрэ́занне, а новае стварэ́нне.
 
Бо [ў Хрысце Ісусе] нічога не значыць ні абразанне, ні неабразанне, а новае стварэнне.

І усім, хто трыма́ецца гэтага правіла, мір ім і міласць, і Ізраілю Божаму.
 
І на ўсіх, хто будзе рабіць паводле гэтага правіла, — мір на іх і міласэрнасць, і на Ізраіля Божага!

У астатнім няхай ніхто не турбуе мяне, бо я нашу́ раны Госпада Іісуса на целе маім.
 
У далейшым няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на маім целе раны [Госпада] Ісуса.

Благадаць Госпада нашага Іісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амінь.
 
Ласка нашага Госпада Ісуса Хрыста няхай будзе з вашым духам, браты; амін.