Марка 5 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І прыплылí на другі бераг мора, у краіну Гадары́нскую.
 
І прыбылі яны на другі бок мора ў краіну герасінян.

І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу ж сустрэў Яго чалавек з магільных пячор у духу нячыстым,
 
І калі Ён выйшаў з чоўна, адразу Яго перастрэў з могілак чалавек з нячыстым духам,

які меў жытло́ ў магілах, і нават ланцугом ніхто не мог звяза́ць яго;
 
што меў прыстанішча ў магілах, і ніхто яшчэ не мог яго звязань ланцугамі,

бо шмат разоў яго звя́звалі аковамі і ланцугамі, але ён разрыва́ў ланцугі і разбіваў аковы, і ніхто не мог яго ўтаймава́ць;
 
бо шмат разоў яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, ды ён разрываў ланцугі і раструшчваў кайдланы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;

і заўсёды, ноччу і днём, у магільных пячорах і ў гара́х крычаў ён і біўся аб каме́нне.
 
І ўвесь час, уночы і ўдзень, ён быў між магіл і ў гарах, крычучы і б’ючыся аб каменне.

А ўбачыўшы здалёк Іісуса, прыбег і пакланíўся Яму.
 
І, убачыўшы Ісуса здалёку, прыбег ён і пакланіўся Яму.

І, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявы́шняга? закліна́ю Цябе Богам, не муч мяне!
 
І, закрычаўшы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам Цябе заклінаю, не муч Ты мяне!»

Бо Іісус сказаў яму: вы́йдзі, дух нячысты, з чалавека.
 
Бо Ён казаў яму: «Выйдзі дух нячысты, з гэтага чалавека!»

І пытаўся ў яго: як імя́ тваё? і той адказаў: легіён маё імя́, бо многа нас.
 
І пытаўся ў яго: «Як тваё імя?» І той кажа Яму: «Легіён мне імя, бо шмат нас».

І вельмі прасілі Яго, каб не адсылаў іх прэч з краіны той.
 
І вельмі прасіў Яго, каб не высылаў іх з гэтай зямлі.

А там пры гары́ пасвіўся вялікі ста́так свіне́й.
 
А быў там пад гарою вялікі гурт свіней на пашы;

І прасілі Яго ўсе дэманы, ка́жучы: пашлі нас у свіне́й, каб нам увайсці ў іх.
 
І папрасілі Яго, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб нам увайсці ў іх».

І адразу дазволіў ім Іісус. І, выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў мора, а іх было каля дзвюх тысяч; і патану́лі ў моры.
 
І дазволіў Ён ім. І выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней, і гурт рынуўся са стромы ў мора — тысяч з дзве — і патапіліся яны ў моры.

А іх пастухі пабеглі ды абвясцілі ў горадзе і ў вёсках. І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася.
 
А іх пастухі паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках; і тыя прыйшлі паглядзець, што здарылася.

Прыходзяць да Іісуса і бачаць, што апанта́ны, у якім быў легіён, сядзіць адзеты і пры розуме; і спалохаліся.
 
І прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны дэманамі сядзіць апрануты і ў здаровым розуме, той, які меў у сабе «легіён», — і спалохаліся.

Тыя, хто бачыў, расказалі ім, як гэта адбыло́ся з апанта́ным, і пра свіне́й.
 
І відавочцы расказалі ім, як было з апантаным дэманамі, і пра свіней.

І пачалí прасіць Яго адысцí з межаў іх.
 
І пачалі яны прасіць Яго адысці з іх межаў.

І калі Ён увайшоў у лодку, той, што быў апанта́ны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
 
І калі Ён ступіў у човен, прасіў у Яго той, што быў апантаны, каб быць з Ім.

А Іісус не дазволіў яму і кажа да яго: ідзі ў дом твой да сваіх і раскажы ім, што́ зрабіў табе Гасподзь і як памíлаваў цябе.
 
Ды Ён не дазволіў яму, але кажа яму: «Ідзі ў свой дом, да сваіх, і раскажы ім, што зрабіў табе Госпад і як злітаваўся над табою».

І пайшоў, і пачаў абвяшча́ць у Дзесяцігаро́ддзі, што зрабіў яму Іісус. І ўсе здзіўляліся.
 
І той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігароддзі, што зрабіў яму Ісус, ўсе здзіўляліся.

І калі пераправіўся Іісус у лодцы зноў на другі бераг, сабра́лася народу мноства да Яго. І быў Ён каля мора.
 
І калі пераправіўся Ісус [у чоўне] зноў на другі бок, сабраўся вялікі натоўп да Яго, а быў Ён ля мора.

І вось прыхо́дзіць адзін са старэйшын сінагогі, íмем Іаíр, і, ўбачыўшы Яго, па́дае ў ногі Яму
 
І прыходзіць адзін са старшынь сінагогі на імя Іаір, і, убачыўшы Яго, прыпадае да Яго ног

і вельмі просіць Яго, ка́жучы: дачу́шка мая́ пры смерці, прыйдзі і ўскладзí на яе ру́кі, каб яна ўратавалася і жыла́.
 
і вельмі просіць Яго, кажучы: «Мая дачушка канае; прыйдзі ускладзі рукі на яе, каб яна ўратавалася і жыла».

І пайшоў за ім Іісус. І ўслед Яму ішоў вялікі натоўп, і напіра́лі на Яго.
 
І Ён пайшоў з ім, і ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп і напіраў на Яго.

І жанчына нейкая, што мела кровацячэ́нне дванаццаць гадоў,
 
І жанчына, што мучылася ад крывацёку дванаццаць гадоў

і шмат нацярпе́лася ад многіх ле́караў, і патра́ціла ўсё, што ме́ла, і ніякай палёгкі не атрыма́ла, а стала ёй яшчэ горш;
 
і многа выцерпела ад многіх дактароў, і спусціла на іх ўсе, і нічым не ўспамаглася, але больш у іх рукі трапляючы,

пачуўшы пра Іісуса, прыйшла ў натоўпе ззаду і дакрану́лася да вопраткі Яго;
 
Пачуўшы пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго вопраткі;

бо казала: калі дакрану́ся хоць да вопраткі Яго, уратава́ная буду.
 
Бо яна казала: «Калі дакрануся хоць бы да Яго вопраткі, папраўлюся».

І адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе, і адчула яна целам, што вы́звалілася ад хваробы.
 
І адразу высахла крыніца яе крыві, і яна целам адчула, што вылечана ад ліха.

І адразу Іісус, адчуў у Сабе, што сіла выйшла з Яго, павярнуўся ў натоўпе і сказаў: хто дакрану́ўся да вопраткі Маёй?
 
І адразу Ісус, адчуўшы ў Самім Сабе, што з Яго выйшла сіла, павярнуўся ў натоўпе, кажучы: «Хто дакрануўся да Мае вопраткі?» —

І казалі Яму вучні Яго: Ты бачыш, натоўп напіра́е на Цябе, а кажаш: хто дакрану́ўся да Мяне?
 
І казалі Яму вучні Яго: «Ты бачыш, што натоўп напірае на Цябе, а кажаш: Хто дакрануўся да Мяне?»

І агляда́ўся Ён, каб бачыць тую, што зрабіла гэта.
 
А Ён глядзеў наўкола, каб убачыць тую, што гэта зрабіла.

А жанчына спалохалася і дрыжа́ла, ве́даючы, што́ з ёю адбыло́ся, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
 
Жанчына ж, з бояззю і трымценнем, ведаючы, што адбылося з ёю, падышла і ўпала ніцма перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

Ён жа сказаў ёй: дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам і здароваю будзь ад хваробы тваёй.
 
Ён жа сказаў ей: «Дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад свайго ліха».

Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзяць з дому старэйшыны сінагогі і кажуць: дачка́ твая паме́рла, навошта яшчэ турбуеш Настаўніка?
 
Калі яшчэ Ён казаў, прыходзяць ад старшыні сінагогі і кажуць: «Твая дачка памерла; што ты яшчэ турбуеш Настаўніка?»

Але Іісус, адразу пачуўшы гэтыя словы, кажа старэйшыне сінагогі: не бойся, толькі веруй.
 
Ісус жа, пусціўшы мімавуш сказанае слова, кажа старшыні сінагогі: «Не бойся, толькі веруй».

І не дазволіў нікому ісці за Сабою, акрамя Пятра, Іакава і Іаана, брата Іакавага.
 
І не дазволіў нікому пайсці за Сабою разам, акрамя Пятра, Якава і Іаана, Якавага брата.

Прыходзяць у дом старэйшыны сінагогі, і бачыць Ён сумятню́ і тых, што плачуць і гало́сяць моцна.
 
І прыходзяць у дом старшыні сінагогі, і бачыць Ён сумятню: плачуць і моцна галосяць.

І, увайшоўшы, кажа ім: чаго вы хвалю́ецеся і пла́чаце. Дзяўчынка не паме́рла, а спіць.
 
І Ён, увайшоўшы, кажа ім: «Што мітусіцеся і плачаце? Дзяўчо не памерла, але спіць».

І насміхаліся з Яго. Але Ён, вы́правадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчынкі і маці, і тых, што былí з Ім, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
 
І яны насміхаліся з Яго, Ён жа, выправадзіўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку дзяўчаці і маці і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе было дзяўчо.

І, узяўшы дзяўчынку за руку́, кажа ёй: «таліфа́ ку́мі», што значыць: «дзяўчына, табе кажу, устань».
 
І, узяўшы дзяўчо за руку, кажа ёй: «Таліфа кум», што перакладаецца: «Дзяўчатка, кажу табе, устань!»

І адразу падняла́ся дзяўчына і пачала́ хадзіць, а было́ ёй гадоў дванаццаць. І ўра́зіліся ўра́жаннем вялікім.
 
І адразу дзяўчатка паднялося і хадзіла: бо было ёй гадоў дванаццаць. І яны ўразіліся адразу ўражаннем вялікім.

І загадаў ім строга, каб ніхто не даведаўся пра гэта, і сказаў даць ёй есці.
 
І Ён цвёрда наказаў ім, каб ніхто не ўведаў пра гэта, і сказаў, каб ёй далі есці.