Да Габрэяў 5 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Таму што кожны першасвятар, з людзей вы́браны, дзеля людзей ставіцца на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
 
Бо ўсякі архірэй, які выбіраецца зь людзей, дзеля людзей жа і пастаўляецца перад Богам, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі;

бу́дучы здольны спагада́ць тым, хто ў няве́данні і ўве́дзены ў зман, бо і сам ахоплены не́маччу,
 
каб мог паблажаць няцямным і заблуканым, таму што ён і сам абложаны немаччу.

і таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
 
Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць (ахвяры) за грахі.

І ніхто сам сабе не надае́ гэтай годнасці, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
 
І ніхто самавольна ня бярэ на сябе гэтую чэсьць, але прыклікаемы Богам, як і Агарон.

Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе»;
 
Так і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб стаць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сягоньня нарадзіў Цябе»;

як і ў іншым месцы кажа: «Ты святар навек па чыну Мелхіседэкаву».
 
як у іншым мейсцы кажа: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка».

Ён у дні Свайго цялеснага жыцця ўзнёс малітвы і прашэ́нні з ускліка́ннем моцным і са слязьмі Таму, Хто мог збавіць Яго ад смерці, і пачуты быў за глыбокую пашану да Бога;
 
Ён, у дні Цела Свайго, узьнёс з моцным лямантам і сьлязьмі малітвы і маленьні да Таго, Хто мог выратаваць Яго ад сьмерці, і быў пачуты за багавейнасьць.

хоць і Сын Ён, аднак праз пакуты навучы́ўся паслушэ́нству
 
Хоць Ён і Сын, аднак навучыўся паслушэнству праз усё тое, што перацярпеў.

і, будучы дасканалым, стаў для ўсіх паслухмя́ных Яму прычынаю спасення вечнага,
 
І, стаўшы ўдасканаленым, стаўся прычынай вечнага выратаваньня для ўсіх, хто Яму паслухмяны,

назва́ны ад Бога Першасвятаром па чыну Мелхіседэкаву.
 
названы Богам Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка,

Пра гэта мы многае маем сказаць, але цяжка растлума́чыць, бо вы сталі няздо́льнымі слухаць.
 
пра Якога нам належала гаварыць многа, але цяжка растлумачыць, таму што вы зрабіліся няздольнымі слухаць.

І хоць пара́ ўжо вам самім быць настаўнікамі, але вас зноў трэба вучы́ць першаасно́вам вучэння Божага, і вам зноў патрэ́бна малако, а не цвёрдая ежа.
 
Бо паводля часу вам належыць быць настаўнікамі, але вы ізноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас першапачаткам Слоў Бога, і вам ізноў трэба малако, а ня цьвёрдая ежа.

Бо кожны, каго кормяць малаком, той недасве́дчаны ў слове праўды, таму што гэта дзіця;
 
Бо кожны, хто корміцца малаком, нясьведамы ў слове праведнасьці, бо ён ёсьць нямаўля;

а цвёрдая ежа — для дасканалых, у якіх пачуцці вопытам прыву́чаны адрозніваць дабро і зло.
 
а дасканалым уласьціва цьвёрдая ежа, бо іхныя пачуцьці практыкай прывучаны, каб адрозьніць дабро ад зла.