Да Габрэяў 5 разьдзел

Пасланьне да Габрэяў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Бо кожны першасвятар, узяты з людзей, ставіцца дзеля людзей на служэнне Богу, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі,
 
Бо ўсякі архірэй, які выбіраецца зь людзей, дзеля людзей жа і пастаўляецца перад Богам, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі;

ён можа спачуваць недасведчаным і заблуканым, бо і сам ахоплены слабасцю,
 
каб мог паблажаць няцямным і заблуканым, таму што ён і сам абложаны немаччу.

з-за якой ён і павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі.
 
Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць (ахвяры) за грахі.

І ніхто сам сабою не бярэ гэты гонар, толькі пакліканы Богам, як і Аарон.
 
І ніхто самавольна ня бярэ на сябе гэтую чэсьць, але прыклікаемы Богам, як і Агарон.

Так і Хрыстос не Сам Сябе праславіў, стаўшы Першасвятаром, а Той, Хто сказаў Яму: «Ты Мой Сын, Я сёння нарадзіў Цябе»,
 
Так і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб стаць Архірэем, але Той, Хто сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сягоньня нарадзіў Цябе»;

як і ў іншым месцы Ён кажа: «Ты — Святар навекі на ўзор Мельхіседэка».
 
як у іншым мейсцы кажа: «Ты Сьвятар на векі вякоў паводля чыну Мельхісэдэка».

Ён у дні Свайго цела з моцным воклічам і са слязьмі ўзнёс просьбы і малітвы Таму, Хто мог выратаваць Яго ад смерці, і быў пачуты за Сваю богапашану.
 
Ён, у дні Цела Свайго, узьнёс з моцным лямантам і сьлязьмі малітвы і маленьні да Таго, Хто мог выратаваць Яго ад сьмерці, і быў пачуты за багавейнасьць.

хоць Ён і Сын, навучыўся паслухмянасці ад усяго таго, што перацярпеў,
 
Хоць Ён і Сын, аднак навучыўся паслушэнству праз усё тое, што перацярпеў.

і, выканаўшы ўсё3, Ён стаў для ўсіх, паслухмяных Яму, крыніцаю для вечнага выратавання,
 
І, стаўшы ўдасканаленым, стаўся прычынай вечнага выратаваньня для ўсіх, хто Яму паслухмяны,

названы Богам Першасвятаром паводле чына Мельхіседэка.
 
названы Богам Архірэем паводля чыну Мельхісэдэка,

Пра Яго мы маем сказаць многае, што яшчэ і цяжка растлумачыць, бо вы зрабіліся тугія на вушы.
 
пра Якога нам належала гаварыць многа, але цяжка растлумачыць, таму што вы зрабіліся няздольнымі слухаць.

Бо калі і вы, паводле часу, павінны б быць настаўнікамі, самі зноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас асновам пачатку слоў Божых, і вы сталі тымі, каму патрэбна малако, а не цвёрдая ежа.
 
Бо паводля часу вам належыць быць настаўнікамі, але вы ізноў маеце патрэбу, каб хто вучыў вас першапачаткам Слоў Бога, і вам ізноў трэба малако, а ня цьвёрдая ежа.

Бо кожны, хто корміцца малаком, недасведчаны ў слове праведнасці, бо ён — немаўля.
 
Бо кожны, хто корміцца малаком, нясьведамы ў слове праведнасьці, бо ён ёсьць нямаўля;

А цвёрдая ежа — для дарослых, у якіх пачуцці практыкаю прывучаны адрозніваць дабро і зло.
 
а дасканалым уласьціва цьвёрдая ежа, бо іхныя пачуцьці практыкай прывучаны, каб адрозьніць дабро ад зла.