Адкрыцьцё 1 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Сабілы і Малахава
Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць Сваім слугам1, што павінна адбыцца неўзабаве, і Ён паказаў, паслаўшы праз Свайго Анёла, свайму слугу Іаану,
Адкрыцьцё Ісуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаў рабам Сваім, што мае стацца няўзабаве. І (Ён) паказаў, паслаўшы праз Ангела Свайго, рабу Свайму Яану,
які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста — усё, што ён бачыў.
каторы засьведчыў Слова Бога і сьведчаньне Ісуса Хрыста: і ўсё, што ўбачыў.
Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы [гэтага] прароцтва і выконвае напісанае ў ім, бо час блізкі.
Шчасьлівы той, хто чытае і тыя, што слухаюць словы гэтага прароцтва і (тыя, што) спаўняюць у ім напíсанае, таму што час блізка.
Іаан — сямі цэрквам у Асіі: ласка вам і мір ад Таго, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, і ад сямі духаў, якія перад Яго тронам,
Яан сямі цэрквам, якія ў Азіі: Багадаць вам і Мір ад Таго, Каторы ёсьць і Каторы быў, і Каторы ідзе, і ад сямі духаў, якія ёсьць перад Пасадам Ягоным,
і ад Ісуса Хрыста, вернага Сведкі, Першынца з мёртвых і Уладара зямных цароў. Яму, Хто любіць нас і вызваліў нас ад нашых грахоў Сваёю крывёю,
і ад Ісуса Хрыста, Сьведкі вернага, Першароднага зь мёртвых і Валадара каралёў зямлі. Яму, палюбіўшаму нас і абмыўшаму нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,
і зрабіў нас царствам2, святарамі Богу і Бацьку Свайму, — Яму слава і ўладарства на векі [вечныя]; амін.
і зрабіў нас каралямі і сьвятарамі Богу і Бацьку Свайму: Яму слава і валадарства на векі вякоў. Амін.
Вось, Ён прыходзіць з воблакамі, і ўбачыць Яго кожнае вока і тыя, што Яго працялі, і заплачуць па Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
Вось, (Ён) ідзе ў аблоках, і ўгледзіць Яго кожнае вока, і тыя, што пракалолі Яго; і загалосяць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
Я — Альфа і Амега3, [пачатак і канец], кажа Госпад Бог, Хто ёсць, і Хто быў, і Хто прыходзіць, Усемагутны.
Я ёсьць Альфа і Омэга, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, — Які ёсьць і Які быў і Які прыходзе, Уседзяржыцель.
Я, Іаан, ваш брат і супольнік у пакутах, і ў царстве, і вытрываласці ў Ісусе [Хрысце], быў на востраве, які называецца Патмас, за слова Божае і сведчанне Ісуса [Хрыста].
Я, Яан, і брат ваш, і супольнік у горы, і ў Валадарстве, і ў цярпеньні Ісуса Хрыста, быў на востраве, называным Па́тмас, за Слова Бога і за сьведчаньне Ісуса Хрыста.
Я быў у духу ў Гасподні дзень і пачуў за сабою гучны голас як бы трубы,
Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў ззаду сябе голас гучны, як бы трубы,
які казаў: Тое, што бачыш, запішы ў скрутак і пашлі сямі цэрквам [у Асіі]: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Фіятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыкію.
які сказаў: «Я ёсьць Альфа і Омэга, Першы і Апошні; і што ты бачыш, запішы ў скрутак і пашлі цэрквам, якія ў Азіі: у Эхвес, і ў Сьмірну, і ў Пэргам, і ў Тыатыры, і ў Сарды, і ў Хвілядэльхву, і ў Ляодыку».
І я павярнуўся, каб бачыць, чый голас гаварыў са мною, і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
І я павярнуўся, каб убачыць Таго, Чый голас сказаў мне; і, павярнуўшыся, убачыў сем сьветачаў залатых,
і пасярэдзіне [сямі] светачаў падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір4 і апаясанага па грудзях залатым поясам.
а пасярод сямёх сьветачаў — падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў падзір і падпераза́нага вакол грудзёў поясам залатым.
Галава ж Яго і валасы белыя, як белая воўна, як снег, і вочы Яго, як полымя агню,
А Галава і валасы Ягоныя белыя, як белая воўна, як сьнег; і Вочы Ягоныя, як полымя агню;
і ногі Яго падобныя да халкалівану5, быццам распаленага ў печы, і голас Яго, як шум многіх водаў;
і Ногі Ягоныя падобныя да халкаліва́ну, быццам у печы распа́леныя; і голас Ягоны, як шум водаў многіх.
і Ён меў у Сваёй правай руцэ сем зорак, і з Яго вуснаў выходзіў востры двусечны меч, і Яго аблічча, як сонца, што ззяе ў сіле сваёй.
І меў (Ён) у правай Руцэ Сваёй сем зор, і з Вуснаў Ягоных выходзіў (вялікі) меч двусечны востры; і Аблічча Ягонае, як сонца, што сьвеціць у сіле сваёй.
І калі я ўбачыў Яго, я ўпаў да Яго ног, як мёртвы, і Ён паклаў на мяне Сваю правую руку, кажучы: Не бойся; Я — Першы і Апошні,
І калі я ўбачыў Яго, (я) упаў да Ягоных Ног, як мёртвы. І Ён паклаў на мяне Сваю правую Руку́, кажучы мне: Ня бойся; Я ёсьць Першы і Апошні,
і жывы; і я быў мёртвы, і вось, Я жывы на векі вякоў, [амін] і маю ключы смерці і пекла.
і Жывы, і быў мёртвы; і вось, Я жывы на вечныя вякі, амін. І маю ключы пекла і сьмерці.
Дык напішы, што ты бачыў, і што ёсць, і што рыхтуецца адбыцца пасля гэтага.
Напішы, што (ты) убачыў, і што ёсьць, і што мае стацца пасьля гэтага.
Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правай руцэ, і сямі залатых светачаў: сем зорак — гэта Анёлы сямі цэркваў, і сем светачаў — гэта сем цэркваў.
Тайна сямі зор, якія ты ўбачыў у правай (Руцэ) Маёй, і сямі сьветачаў залатых: сем зор ёсьць ангелы сямёх цэркваў, а сем сьветачаў, якія ты ўбачыў, ёсьць сем цэркваў.