1 Яна 2 разьдзел
Першае пасланьне Яна
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Васіля Сёмухі
Дзе́ткі мае́! гэта пішу я вам, каб вы не грашы́лі; а калі хто саграшы́ць, то мы ма́ем Хада́йніка перад Айцом, Іісуса Хрыста́, Пра́ведніка:
Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:
Ён — уміласціўле́нне за грахí нашы, і не толькі за нашы, але і за грахí ўсяго свету.
Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.
А тое, што мы спазна́лі Яго, ве́даем па тым, што за́паведзі Яго выко́нваем.
А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.
Хто кажа: «я спазна́ў Яго», а за́паведзяў Яго не выко́нвае, той ілгун, і няма ў ім íсціны;
Хто кажа: «я спазнаў Яго», а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;
а хто выко́нвае слова Яго, у тым сапраўды́ любоў Божая даскана́лая: з гэтага ве́даем, што мы ў Ім.
а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.
Хто кажа, што знахо́дзіцца ў Ім, той павінен паво́дзіць сябе так, як Ён паво́дзіў Сябе.
Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.
Узлю́бленыя! пішу вам не новую за́паведзь, а за́паведзь да́ўнюю, якую вы ме́лі ад пача́тку: за́паведзь да́ўняя — гэта слова, якое вы чу́лі ад пача́тку.
Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
А разам з тым і новую за́паведзь пішу́ вам: што́ ёсць íсціннае і ў Ім, і ў вас, бо це́мра прахо́дзіць і святло íсціннае ўжо све́ціць.
Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.
Хто кажа, што ён у святле́, а брата свайго ненавíдзіць, той усё яшчэ ў це́мры.
Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.
Хто лю́біць бра́та свайго, той у святле́ знахо́дзіцца, і няма ў ім спаку́сы;
Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.
а хто ненавíдзіць бра́та свайго, той — у це́мры, і ў це́мры ён хо́дзіць, і не ве́дае, куды́ ідзе́, бо це́мра засляпíла во́чы яму́.
А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.
Пішу вам, дзе́ткі, таму што праба́чаны вам грахí дзе́ля імя́ Яго.
Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.
Пішу вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад пача́тку. Пішу вам, юнакí, таму што вы перамаглí злога. Пішу вам, дзе́ці, таму што вы спазна́лі Айца.
Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.
Я напіса́ў вам, айцы, таму што вы спазна́лі Таго, Хто ёсць ад паче́тку. Я напіса́ў вам, юнакí, таму што вы мо́цныя, і слова Божае знахо́дзіцца ў вас, і вы перамаглí зло́га.
Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.
Не любíце све́ту і таго, што ў све́це: хто лю́біць свет, у тым няма любо́ві Айца;
Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:
бо ўсё, што ў свеце: пажа́длівасць плоці, пажа́длівасць вачэй і ганарлíвасць жыце́йская, — не ад Айца, а ад све́ту гэтага.
бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).
І свет прахо́дзіць, і пажа́длівасць яго, а той, хто выко́нвае волю Божую, застае́цца наве́кі.
І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.
Дзеці! гэта апо́шні час. І пако́лькі вы чу́лі, што пры́йдзе анты́хрыст, а цяпер з’явíлася многа анты́хрыстаў, то па гэтым мы і пазнаём, што час апошні.
Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.
Яны вы́йшлі з нас, але не былí нашымі; бо калі б яны былí нашымі, то засталíся б з намі; а гэта адбыло́ся, каб вы́явілася, што не ўсе нашы.
Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.
А вы ма́еце пама́занне ад Святога і ве́даеце ўсё.
Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
Я напіса́ў вам не таму, што вы не ве́даеце íсціны, а таму, што вы ве́даеце яе, і таму, што ўсякая ілжа́ не ад íсціны.
Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.
Хто лгун, як не той, хто адмаўля́е, што Іісус ёсць Хрыстос? Гэта — анты́хрыст, які адмаўля́е Айца́ і Сы́на.
Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той — антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.
Кожны, хто адмаўля́е Сы́на, не ма́е і Айца; а хто вызнае́ Сы́на, той ма́е і Айца.
Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызнае Сына, мае і Айца.
Дык вось, тое, што вы чу́лі ад пача́тку, няхай і застае́цца ў вас; калі застане́цца ў вас тое, што вы чу́лі ад пача́тку, то і вы застаняце́ся ў Сыне і ў Айцу́.
Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.
А тое абяца́нне, што Ён абяца́ў нам, ёсць жыццё ве́чнае.
А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.
Гэта я напіса́ў вам пра тых, якія ўво́дзяць вас у зман.
Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.
Аднак пама́занне, якое вы атрыма́лі ад Яго, застае́цца ў вас, і вы не ма́еце патрэ́бы, каб хто вучы́ў вас; але паколькі само гэтае пама́занне ву́чыць вас усяму, а яно íсціннае і нялжы́вае, дык чаму́ яно навучы́ла вас, у тым і застава́йцеся.
А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.
І цяпер, дзеткі, застава́йцеся ў Ім, каб, калі Ён я́віцца, мы ме́лі адва́гу і не былí пасаро́млены перад Ім у час прышэ́сця Яго.
Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.
Калі вы ве́даеце, што Ён пра́ведны, то ве́дайце таксама, што кожны, хто робіць па праўдзе, ад Яго наро́джаны.
Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.