1 Яна 2 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Дзеці мае! пішу вам гэтае, каб вы ня грашылі, а калі хто саграшыць, (то) маем Заступніка перад Ба́цькам, Ісуса Хрыста, Праведніка;
 
Дзеці мае! гэта пішу вам, каб вы не грашылі; а калі б хто зграшыў, дык мы маем Заступніка перад Айцом, Ісуса Хрыста, Праведніка:

і Ён ёсьць адкупíцельная ахвяра за грахі нашыя, ня за нашыя толькі, але і за (грахі) усяго сьвету.
 
Ён ёсьць ахвяра мілажалю за грахі нашыя, і ня толькі за нашыя, але і ўсяго сьвету.

І ў гэтым мы даведываемся, што спасьціглі Яго, калі прыказаньні Ягоныя спаўняем.
 
А што мы спазналі Яго, ведаем з таго, што выконваем Ягоныя запаведзі.

Хто кажа: «я спасьціг Яго», але прыказаньні Ягоныя ня спаўняе, ёсьць ілгун, і праўды ў ім няма;
 
Хто кажа: «я спазнаў Яго», а запаведзяў Ягоных ня выконвае, той хлус, і няма ў ім ісьціны;

хто ж выконвае Яго Слова, то сапраўды ў ім любоў Бога заве́ршана. Па гэтаму пазнаём, што (мы) у Ім.
 
а хто выконвае слова Ягонае, у тым сапраўды любоў Божая споўнілася: з гэтага даведваемся, што мы ў Ім.

Хто кажа, што ў Ім прабывае, павінен і сам хадзіць так, як Ён хадзіў.
 
Хто кажа, што жыве ў Ім, той павінен так паводзіць сябе, як Ён паводзіўся.

Браты! ня новае прыказаньне пішу вам, але прыказаньне старадаўнее, якое вы мелі ад пачатку. Прыказаньне старадаўнее ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.
 
Любасныя! пішу вам ня новую запаведзь, а запаведзь даўнюю, якую вы мелі ад пачатку: запаведзь даўняя ёсьць слова, якое вы чулі ад пачатку.

Акрамя таго прыказаньне новае пішу вам, гэта ёсьць сапраўды і ў Ім і ў вас, бо цемра прамінае і Сьвятло Сапраўдны ўжо сьвеціць.
 
Але пры гэтым і новую запаведзь пішу вам, што ёсьць праўдзівае і ў Ім і ў вас: бо цемра праходзіць, і ўжо сьвеціць сапраўднае сьвятло.

Хто кажа, што ён у Сьвятле ёсьць, але брата свайго нянавідзіць, (той) у цемры ёсьць аж дагэтуль.
 
Хто кажа, што ён у сьвятле, а ненавідзіць брата свайго, той яшчэ ў цемры.

Хто любіць брата свайго, той прабывае ў Сьвятле, і няма ў ім спакушэньня.
 
Хто любіць брата свайго, той жыве ў сьвятле, і няма ў ім звады.

А хто нянавíдзіць брата свайго, той у цемры знаходзіцца і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра асьляпіла вочы ягоныя.
 
А хто ненавідзіць брата свайго, той жыве ў цемры, і ў цемры ходзіць, і ня ведае, куды ідзе, бо цемра засьляпіла яму вочы.

Пішу вам, дзеці, бо дараваны грахі вам дзеля Імені Ягонага.
 
Пішу вам, дзеці, бо дараваныя вам грахі дзеля імя Ягонага.

Пішу вам, ба́цькі, бо вы спасьціглі Таго, Хто ёсьць ад пачатку. Пішу вам юнакі, бо вы перамаглі ліхога. Пішу вам (малыя) дзеці, бо вы спасьцíглі Ба́цьку.
 
Пішу вам, бацькі, бо вы спазналі Існага ад пачатку. Пішу вам, юнакі, бо вы перамаглі зламысьніка. Пішу вам, падлеткі, бо вы спазналі Айца.

Я напісаў вам ба́цькі, бо вы спасьціглі Таго, Хто ёсьць ад пачатку. Я напісаў вам юнакі, бо вы ду́жыя, і Слова Бога ў вас прабывае, і вы перамаглі ліхога.
 
Я напісаў вам, бацькі, бо вы спазналі Беспачатнага; я напісаў вам, юнакі, бо вы дужыя, і слова Божае жыве ў вас, і вы перамаглі зламысьніка.

Ня любіце гэтага сьвету, ні таго, што ў гэтым сьвеце. Калі хто любіць гэты сьвет, у тым няма любві Ба́цькі.
 
Ня любеце зямнога, ні таго, што ў зямным: хто любіць зямное, у тым няма любові Войчай:

Бо ўсё, што ў гэтым сьвеце, ёсьць пажаданьне плоці, і пажаданьне вачэй, і пыха цераз жыцьцёвыя (сродкі): (усё гэта) ня ёсьць ад Ба́цькі, але ёсьць ад сьвету гэтага.
 
бо ўсё, што зямное: пажада плоці, пажада вачэй і пыха жыцьцёвая, ня ёсьць ад Айца, а ад сьвету (гэтага).

І сьвет гэты мінае, і пажаданьне ягонае, але той, хто выконвае волю Бога, прабывае вечна.
 
І зямное мінаецца, і пажадлівасьць ягоная, а той, хто выконвае волю Божую, жыве вечна.

Дзеці! апошні час! І як вы чулі, што надыходзіць антыхрыст, і цяпер зьявіліся многія антыхрысты, з гэтага пазнаём, што апошні час.
 
Дзеці! астатняя гадзіна. І як вы чулі былі, што прыйдзе антыхрыст, і цяпер паявілася шмат антыхрыстаў, дык мы і спазнаём з таго, што астатняя гадзіна.

Яны выйшлі ад нас, патаму што ня былі із нашых, бо калі б яны былі із нашых, то засталіся б з намі; але (яны выйшлі), каб было выяўлена, што ня ўсе з нашых.
 
Яны выйшлі ад нас, але ня былі нашыя; бо, калі б яны былі нашыя, дык засталіся б з намі; але яны выйшлі, і праз гэта адкрылася, што ня ўсе нашыя.

І вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.
 
Але ж вы маеце памазаньне ад Сьвятога і ведаеце ўсё.

Я напісаў вам ня патаму, што вы ня ведаеце праўду, але патаму, што вы ведаеце яе, і ведаеце, што ўсякая ілжа ня ад праўды ёсьць.
 
Я напісаў вам не на тое, каб вы ня ведалі ісьціны, а таму, што вы ведаеце яе, як і тое, што ўсякая мана не ад ісьціны.

Хто ёсьць ілжэц, калі ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Гэты ёсьць антыхрыст, які адкідае Ба́цьку і Сына.
 
Хто хлус, як ня той, хто адмаўляе, што Ісус ёсьць Хрыстос? Той — антыхрыст, хто адмаўляе Айца і Сына.

Кожны, хто адкідае Сына, ня мае і Ба́цькі.
 
Кожны, хто адмаўляе Сына, ня мае і Айца; а хто вызнае Сына, мае і Айца.

А вы, што пачулі ад пачатку, тое хай прабывае ў вас; калі ў вас будзе прабываць тое, што вы пачулі ад пачатку, тады вы прабудзеце ў Сыну і ў Ба́цьку.
 
Дык вось, што вы чулі ад пачатку, тое хай і будзе ў вас; калі будзе ў вас тое, што вы чулі ад пачатку, дык і вы будзеце ў Сыне і ў Айцы.

І гэта ёсьць тое абяцаньне, якое Ён абяцаў нам — жыцьцё вечнае.
 
А абяцаньне, якое Ён абяцаў нам, ёсьць жыцьцё вечнае.

Гэта я напісаў вам аб тых, што абма́нываюць вас.
 
Гэта я напісаў вам пра тых, якія зводзяць вас.

І памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас прабывае, і вы ня маеце патрэбы, каб хто вучыў вас; але як гэтае самае памазаньне вучыць вас аб усім, а яно праўдзівае, а ня зьяўляецца падма́нам, дык насколькі яно вас навучыла, (пастолькі і) прабудзеце ў Ім.
 
А ўрэшце памазаньне, якое вы атрымалі ад Яго, у вас застаецца, і вам няма патрэбы, каб хто вучыў вас; але як самое гэта памазаньне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае і нязманлівае, дык чаму яно навучыла вас, у тым і заставайцеся.

І цяпер, дзеці, прабывайце ў Ім, каб калі Ён будзе зьяўлены, мець вам адвагу і ня быць асаромленымі перад Ім у прыход Ягоны.
 
Дык вось, дзеці, заставайцеся ў Ім, каб, калі Ён зьявіцца, мець нам адвагу і не асароміцца перад Ім у прышэсьце Ягонае.

Калі вы ведаеце, што Ён праведны, то ведаеце і тое, што ўсякі, хто чыніць праўду, ад Яго народжаны.
 
Калі вы ведаеце, што Ён праведнік, дык ведайце і тое, што кожны, хто чыніць праўду, народжаны ад Яго.