2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел

Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Молім жа вас, браты: адносна прышэсця Госпада нашага Іісуса Хрыста і нашай сустрэчы з Ім
 

не спяшайцеся вага́цца розумам і не бянтэ́жцеся ні ад духа, ні ад слова, ні ад паслання, нібыта намі пасла́нага, быццам ужо настаў дзень Хрыстоў.
 

Няхай ніхто не ўвядзе вас у зман ніякім чынам: бо спачатку прыйдзе адступле́нне і адкры́ецца чалавек беззаконня, сын пагібелі,
 

супраціўнік, які будзе ўзвыша́ць сябе над усім, што называецца Богам ці святыняю, так што ў храме Божым сядзе ён, як Бог, выдаючы́ сябе за Бога.
 

Хіба́ не па́мятаеце, што, яшчэ будучы з вамі, я казаў вам пра гэта́
 

І цяпер тое, што стры́млівае, вы ведаеце, каб ён адкрыўся ў свой час.
 

Бо тайна беззаконня ўжо ў дзеянні, толькі ёсць той, хто стрымлівае цяпер, да таго часу, пакуль ён не будзе ўзяты з асяро́ддзя;
 

і тады адкры́ецца беззаконнік, якога Гасподзь Іісус заб’е по́дыхам ву́снаў Сваіх і знішчыць ззя́ннем прышэ́сця Свайго, —
 

той, чый прыход, праз дзе́янне сатаны, будзе з усёю сілаю, і знаме́ннямі, і цудамі лжывымі,
 

і з усякім падма́нам няправедным у дачыне́нні да тых, што гінуць, паколькі не прынялі яны любові да ісціны, каб спасціся.
 

І за гэта Бог пашле на іх уздзе́янне аблу́ды, так што яны будуць верыць хлусні,
 

каб асу́джаны былí ўсе тыя, што не паверылі ісціне, а ўпадаба́лі няпраўду.
 

А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, узлю́бленыя Госпадам браты, таму што Бог ад пачатку выбраў вас для спасення праз асвячэнне Духам і веру ў ісціну,
 

да чаго і паклікаў вас праз дабраве́сце наша, каб вы атрымалі славу Госпада нашага Іісуса Хрыста.
 

Так што, браты, стойце і трыма́йцеся пада́нняў, якім вы навучаны ці праз слова, ці праз пасланне наша.
 

А Сам Гасподзь наш Іісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў суцяшэнне вечнае і надзею добрую ў благадаці,
 

няхай суце́шыць вашы сэрцы і няхай умацуе вас ва ўсякім слове і справе добрай.